Выбрать главу

І тады да Зялёнкі прыходзіць прасвятленне: «То, пэўна ж, і я стаў другім... Чым жа яно, падзямелле, так падзейнічала на нас? Горшымі мы сталі ці лепшымі?»

Схамянуўся, паляпаў па кішэні — ці цэлыя хаця плёнкі, мо і яны ператварыліся ў попел? Здаецца, на месцы. Каб пераканацца, ён адкрыў адну чырвоную кардонную каробачку, з яе выняў бляшаную круглую з накрыўкай трубачку. Адкаркаваў, з касеты выглядваў канец зялёнай плёнкі. З палёгкай уздыхнуў: «Слава Богу, значыць, усё пры нас...»

— Ідзём хутчэй! — загадаў Зялёнка, павярнуўся і першым пайшоў у бок майстэрні.

За ім адразу ж рушылі яго сябры.

...толькі праз суткі яны пачалі праяўляць «Орвахром».

Праявілі ў першым растворы, у другім. А потым пачалі падсвечваць з абодвух бакоў вынятую з бачка на катушцы плёнку — па мінуце, лямпай у пяцьсот ват. А пасля ўжо апусцілі ў трэці раствор...

З нецярпеннем чакаў Антон, калі пройдзе пяць хвілін трэцяй праяўкі — у ёй ужо можна было падгледзець, што засведчыў аб'ектыў. Наташы з дзедам не казаў, што можна даведацца адразу ж. Кусаў губу, глядзеў нецярпліва на гадзіннік. Адлічваў разам з ім секунды — раз-два, раз-два... У такт сэрца — бу-туп, бутуп... Дакрануўся даланёй да лба, адчуў, што ён мокры. Салёныя кроплі пачыналі пячы, сцякалі па шчоках.

Чатыры мінуты. Пайшла пятая...

Рукі дрыжаць, як не калоцяцца, Антон бярэ кончык плёнкі і адгінае ад спіралі. Падняў на святло, на лямпу.

Спачатку нічога не разумеў — дзе гэта ён здымаў голых дзяўчат? Не было такога... Калі ж прыгледзеўся пільней, яго ахапіла нервовая дрыготка — дзяўчаты былі ў кайданах, на руках і нагах ланцугі...

«Няўжо гэта грот?! Дык чаму ж аб'ектыў кажа няпраўду — там жа былі толькі шкілеты...»

Хлопцы былі таксама павязаныя ланцугамі.

Крык вырваўся з яго губ.

— Што такое? Што з табой, Антон? — да яго падбегла Наташа, абхапіла галаву — яго курчыла ад невядомага болю. — Што з табой?!

— Там, на плёнцы... Там жывыя... дзяўчаты...

— Якія дзяўчаты?

— У гроце. Яны ў ланцугах.

Мікола падхапіў Антона, пасадзіў у крэсла. Наташа зірнула на плёнку і сама жахнулася:

— Мікітавіч, зірніце! Божачка, што гэта такое? Мы ж іх такімі не бачылі. Што рабіць з плёнкай, каб не сапсавалася?

— Пад кран. Пад халодную ваду. Цяпер не сапсуецца.

Антон абхапіў галаву рукамі, сціснуў яе. Яму чулася, як нехта хіхікаў побач, як здзекаваўся. Далёкімі раскатамі грому прагучэла пытанне: «А не пашкадуеш, ганарлівец?» Яму здалося, што святы Айцец падміргнуў яму — хітра і весела.

«Не, Айцец, трэці цуд я на дурноцтва не аддам, не дажджэшся!..»

Калі высахлі плёнкі, Антон папрасіў Наташу, каб яна разрэзала іх на асобныя кадры. Сам жа прыхінуў да сцяны вялізны белы падрамнік. Маўчалі. Святло эпідыяскопа высвеціла першы кадр... Ён уразіў і ашаломіў.

Дзяўчына, закаваная ў ланцугі, была вельмі прыгожай. Маладыя дзявочыя грудзі ўпіраліся ў ланцуг, і здавалася, вось-вось разарвуць яго. На твары дрыгавічанкі адбіліся адчай і пакуты. Яна нешта крычала перакрыўленым ротам — ці не пракляцці слала каралю Сігізмунду?

Наташа не вытрымала, пакінула крэсла і выбегла ў калідорчык. Не магла глядзець на такое, заплакала. Антон выключыў апарат — і сам баяўся далей глядзець. Дзед падпёр падбароддзе кулакамі, глядзеў некуды ў падлогу. Рэдзенькія попельныя валасы звісалі на лоб...

За акном, здавалася, ляснуў пярун — задрыжэлі трывожна ў вокнах шыбы.

14.

Усю ноч Валеру снілася Наташа.

Быццам бягуць яны па зялёным, у духмяных кветках, лузе, узяўшыся за рукі. Ён абганяе яе, злуецца нават, што адстае. Таму прыспешвае: «Хутчэй, бо ўзыдзе сонца!» — «Калі ўзыдзе, то не ўцячэ, — смяецца дзяўчына, даганяючы, мацней сціскае руку, — мы яго сустрэнем». Ён не згаджаецца, крыўдуе, што не разумее яго: «Сустракаць трэба спяшацца. А што ўцякае, тое не дагоніш!» — «Дзівак ты, Валерка, ці, можа, усе паэты дзівакі — ім тое Богам дадзена?»— «Не ведаю,— круціць ён галавой,— бо я не паэт, я просты чалавек і во нават бегаць навучыўся». — «А ты хіба не хадзіў?»— здзіўляецца яна, смяецца, нахілілася над высокімі і вялізнымі рамонкамі — пачала рваць іх у букет.

Сукенка ў яе блакітная, як і неба. Таму яна і зліваецца з небам, раствараецца ў ім. Толькі вочы і белыя ва ўсмешцы зубы выдзяляюцца. Яму хочацца дакрануцца да яе кос...

Прачнуўся ад нейкай трывогі. Што творыцца з Наташай? Яна шукае збавення ад сваіх пакут і не можа знайсці...