— Слайды хачу паказаць.
— Якія слайды? — бровы ў чалавека выгнуліся, потым зноў апусціліся над уважлівымі вачыма.
— З сабою прывёз. Здымалі ў падзямеллі. Сябра мой здымаў — Антон Зялёнка. Пахавалі яго заўчора. Можа, зацікавіць вас тое мастацтва, якое мы ўбачылі. У вас ёсць зала, дзе можна праглядзець іх?
— А як жа. Слайды ў вас? Давайце.
— Не. Ні ў чые рукі я іх не дам. Буду сам ля апарата.
— Не давяраеце? — заўсміхаўся чалавек, хмыкнуў пад нос, потым пазваніў па тэлефоне. — Віктар Герасімавіч, Бажкоў турбуе. Падрыхтуй, калі ласка, залу. Будзем глядзець слайды. Не, мастак сам будзе паказваць...
Па дарозе Бажкоў стукаў у дзверы, пытаўся, ці не жадае хто паглядзець унікальныя слайды з Палесся.
Назбіралася чалавек з трыццаць. Расселіся, чакалі, перагаворваліся.
— Будзеце самі каменціраваць? — пацікавіўся Бажкоў у палешука.
— Збольшага. А мо і разам з вамі. Бо не ведаю, што на слайдах?
— Як гэта — не ведаеце?
Успыхнула святло, шчоўкнуў апарат, і на вялізным экране паказалася дрыгавічанка ў кайданах. Па зале пракаціўся жахлівы ўздых.
— Што гэта?
— «Грот закаханых» караля Сігізмунда. І «Суцяшальнік» гэты там знайшлі, але не вынеслі з сабой.
Новы кадр, яшчэ... Жахлівае відовішча прымушала сціснуцца сэрцы. У зале стаяла напятая цішыня. Ніхто больш не пытаўся, не ўдакладняў.
Потым дэманстравалася «жывое кіно» фрэсак, дзеянні святога Спаса. Сорак два кадры і ніводзін не паўтараецца.
— Божа ж мой, то Гаўрыіл Мазырскі! Ікона толькі ўпамінаецца, але ніхто не бачыў яе. Ёй жа цаны няма... Дзе вы знялі гэта? — пацікавілася жанчына ў акулярах — голас адрывісты, зычны.
— У падзямеллі каралеўскага замка.
Кадры, кадры, кадры... Каменная скульптура. Яна таксама аказалася унікальным творам невядомага майстра. Залатыя мініяцюры скіфаў, філігранная чаканка.
— Гэта неверагодна! — закрычалі ў зале, калі ўключылі святло. — Цуд! Ці можна тое ўсё паглядзець на свае вочы?
— Можна. Але з адной толькі ўмовай, — пачаў таргавацца Мікола — дзеля таго, можна сказаць, і падаўся ён у сталіцу.
— Якой? — паглядзеў на яго хітра Бажкоў, аж рот разявіў, языком па губе правёў.
— Умова маленькая і адна. Я вам пакажу ўсё гэта па ўласныя вочы, калі вы нам дапаможаце ў горадзе пабудаваць музей.
— А хіба яго ў вас няма? — падзівіліся ўсе з недаўменнем. — За такое багацце, што знаходзіцца ў вас, можна і сто музеяў пабудаваць. Мы пастараемся памагчы вам. Ды што пастараемся, сёння ж звяжамся з абласным аддзелам культуры і скажам, што неадкладна выдзяляем неабходныя сродкі для будаўніцтва. Абяцаем.
— Тады і я сваё слова стрымаю.
— Бажкоў, неадкладна звязвайцеся з цэнтральным тэлебачаннем — сенсацыя дваццатага стагоддзя: знойдзены фрэскі невядомых майстроў, жывое кіно... Усё на каляровую плёнку. Некалькімі камерамі. Самай лепшай плёнкай зняць. Для такога выпадку звяжыся з амерыканскай фірмай — трэба «Кодак». Толькі паслухайце, як гэта ў вас атрымалася — жывыя людзі ў ланцугах. Прайшло ж столькі год?
— Мы фатаграфавалі шкілеты. А чаму атрымаліся людзі — і самі даўмецца не можам, — паціснуў плячыма палескі мастак.
— Фантастыка! Неверагодна! Сенсацыя!
— Вось і паехалі здымаць сенсацыю. Мо і ў нас атрымаюцца на плёнцы людзі з «Грота закаханых». У дарогу! Збіраемся!
— Таварыш Пушкарчук, вы дазволіце нам перазняць слайды? Мы акуратна, не пашкодзім. Надрукуем у «Огоньке» на вокладцы — сенсацыя ёсць сенсацыя. Мы праславім ваш горад на Прыпяці на ўвесь свет.
— Перазняць можна. Толькі ў маёй прысутнасці.
— Згодны на ўсё. Калі ласка! І дзякуй вам, дарагі таварыш, што вы адшукалі такое багацце...
— Ды няма за што. Рады, што прыехаў недарэмна. Што ўсё ўбачанае — каштоўнасць.
— Цаны яму няма!
Праз тыдзень у горад Пушкарчука прыехала цэлая здымачная група Цэнтральнага тэлебачання. Тэлевізійнікі падаліся адразу да яго — ён ім даў адрас.
Таўсцяк-калабок з шыкоўнай барадой мітусіўся, даваў указанні — дзе размяшчацца, дзе што ўстанавіць.
З групай прыехаў і Бажкоў — Іпацій Лаўрэнавіч, ён нецярпліва спытаў у мастака:
— Калі пачнём? Хлопцаў я выпрасіў на чатыры дні.
— Праз тры дні і пачнём. З самай раніцы.
— Ды ты што, братка ты мой, Мікола Мікітавіч. У мяне ж сэрца разарвецца ад такога доўгага чакання. Я ўжо некалькі начэй не сплю. Так і бачу тое, што ты паказаў, — не веру ўсё ў тое. Як сон, як казка... Не забівай мяне, Мікалай свет Мікітавіч.