Выбрать главу

Але Мікола чамусьці ўпарціўся. Быў не ў гуморы ды і шкадаваў, што растрындзеў усяму свету — не параіўся нават з Наташай і Арловым.

— Не і не, толькі паслязаўтра. І толькі раніцай, каб і людзей туды не прывабліваць. Рыхтуйце свае пражэктары, кабелі, шукайце электрыкаў...

Бажкоў абвяў, як бульба ў спёку. Барадач спытаў, што рабіць у такім выпадку. На што ён вяла махнуў рукой — у гасцініцу едзьце, размяшчайцеся, чакайце ўказанняў...

Барадач, у чырвонай замшавай куртачцы, мітусіўся па двары, як тарэадор, а тут рэціраваўся, крыкнуў:

— Гвардыя, па конях! Усім у гасцініцу. Заўтра здымаем палескія пейзажы, палескі нафтагігант — заказ прамысловага аддзела. Фальклорны ансамбль лельчыцкіх спявачак... Потым — карцінную галерэю ў Крынічным. Грот здымаем паслязаўтра. Усё, грузіцеся!

— Ёсць грузіцца! — весела адказалі хлопцы ў расхлістаных балонневых куртках з замежнымі надпісамі. Яны былі радыя, што вечар у іх будзе свабодны, а вечар яны знойдуць чым убіць — півавары горада славіліся на ўсю краіну.

Раніцай, на трэці дзень...

Здымачная група пад'ехала да гары, куды паказаў Пушкарчук. Было намечана спусціцца ў падзямелле з некалькімі юпітэрамі. Падключыліся кабелямі да электрастанцыі. Усё было прадугледжана да драбніц — сталічныя тэлевізійнікі былі сапраўдныя зухі. Падлічылі, колькі трэба кабелю — якой даўжыні, дзе што будзе размешчана і адкуль будуць здымаць. Яшчэ ў Маскве ў Міколы распыталі падрабязна, дзе што знаходзіцца, якая адлегласць, колькі прыступак...

З хваляваннем назірала за падрыхтоўкай Наташа.

Трымалася за руку Арлова, шаптала яму:

— Я нечага баюся, Валерка.

— Чаго? Ты ж спускалася туды, чаго баяцца?

— Мне тое хіхіканне помніцца. Тады я не надала значэння. А цяпер адчуваю сябе блага — прадчуванне мяне нейкае мучыць. І Пушкарчук нешта не ў сабе — не пазнаць яго. Мусіць, і сам не рады, што закруціў такое. Па вачах бачу, што шкадуе...

— Цяпер позна ўжо адступаць. Ды і часопіс такую рэкламу даў. Добра, што хоць не ўказалі, у якім горадзе. Рынуліся б сюды дзівакі і шукальнікі скарбаў. А там жа, як ты сказала, шмат золата.

— Вельмі шмат — цэлая вялізная скрыня.

Дзед і Наташа вялі тэлевізійнікаў знаёмай дарогай. Прасунуліся ў адну разломіну, разгрэблі друз і праціснуліся ў другую. Доўга мучыўся барадач — ніяк не мог прасунуць сваё чэрава: прыйшлося кіркай для яго спецыяльна разбіваць шырэй. Смяяліся масквічы, рагатаў Пушкарчук, раіў займацца фізкультурай, а не жлукціць піва.

Вось і першае падзямелле. Мікола лёгка адшукаў тую камянюку, з якой і пачалося ўсё. Паспрабаваў кіркай падварушыць яе — не краталася з месца. Як і не высоўвалася ніколі і была злітая з астатнімі.

«Што за д'ябал, — не разумеў дзед, пачынаў злавацца на сваё няўмецтва, — мо не той камень чапаю?»

Прыгледзеўся яшчэ раз, папрасіў добра падсвяціць. Не, памылкі не было — на камяні паўчалавечы-паўзвярыны твар. Здалося толькі, што быў высунуты язык — як дражніўся.

Зноў удар кіркай — яшчэ і яшчэ...

Наташа ўздрыгнула — толькі цяпер заўважыла побач з дзедам Баброва. Праз плячо, як заўсёды, у яго вісела чорная сумка. Прарваўся, значыць, зрабіць свой сенсацыйны рэпартаж хоча. Яна шчыльней прытулілася да Арлова — як быццам баялася, што адна палавінка можа адлучыцца і стаць поруч з ім, Бабровым...

— Што такое? За чым затрымка? — насцярожыўся Бажкоў, крануўся пляча дзеда.

— Не высоўваецца камень, — роспачна адказаў мастак — не чакаў такога падвоху ад каралеўскага замка. Узмакрэў, выціраў рукавом лоб, на ім буйна блішчэлі кроплі.

— А дзе былі тыя дзверы, што падалі? — падступіўся Баброў. — Можа, іх піхнуць?

— Ды вось яны — праз чатыры выступы ад таго каменя.

Дзед пакратаў той прамавугольнік — ён хістаўся.

— Ну што, паспрабуем пакласці? — калабок павярнуўся да сваіх памочнікаў — хлопцаў у пацёртых джынсах, на азадках у кожнага быў прымацаваны амерыканскі сцяжок. Кожны насіў чорныя акуляры — як і Баброў, акурат як з таварыства сляпых.

— Кладзіце, — уздыхнуў мастак, махнуў перад носам рукой — як перахрысціўся.

Да хлопцаў далучыўся і журналіст Баброў. Плячмі ўпёрся ў сценку. З жахам глядзела на тое Наташа. У яе ўсё больш і больш сціскалася ад болю сэрца, вось-вось выскачыць з грудзей. Так і хацелася крыкнуць усім: «Апомніцеся! Навошта вы гэта робіце! Яны не пускаюць вас да сябе, не хочуць з вамі сустракацца!..»

Але было позна — сцяна рухнула і рассыпалася.

У праёміну ўдарыла зыркае святло — прама ў вочы свяціла ранішняе сонца. Перад усімі адкрылася панарама Прыпяці і далёкіх заліўных лугоў — як акінуць вокам.

А ўнізе, пад імі, двое маладых хлопцаў у камбінезонах малаткамі адбівалі ад сцяны цагліны, здзіўлена паглядалі на людзей, абрадавана прамовілі: