— Во і яшчэ прыйшлі дачнікі. Таксама цэглу для доміка здабываеце? Знутры ламаеце? Во даюць, Віцька, хітры народ пайшоў...
Дзед нічога не разумеў. Закрычала Наташа і закрыла твар рукамі.
— Ды як жа гэта, таварыш Пушкарчук? Мы ж вам паверылі, а вы дзіцячыя гульні нам устроілі. Нехарашо, нехарашо з вашага боку...
Мікола няўцямна глядзеў у светлы праём, на блакітную далячынь. І нічога не чуў, што яму казалі. На твары знерухомела дурнаватая ўсмешка... Ён укленчыў на зямлю — не трымалі ногі.
— Гэта не гульні! — закрычала Наташа. — Мы былі там, мы ўсё бачылі... І грот, і «Суцяшальнік», і скарбы скіфаў.
— Аферысты вы — «скарбы скіфаў»! — перадражніў барадач. — На суд бы падаць, ведалі б тады...
Нехта ззаду зарагатаў-захіхікаў, і Наташа са страхам прыслухалася. Навастрыў зацікаўлена вуха і Бажкоў, агледзеўся.
— Добра, што не бачыць нашага сораму Зялёнка, ён не адобрыў бы, — прашаптала яна.
— Не адобрыў бы, — пагадзіўся паэт.
Дзяўчына плакала, не аціхала. Да яе, падняўшыся, падышоў дзед, па-бацькоўску прыгарнуў да сябе, прашаптаў на вуха:
— Не плач, а радуйся — скарбы цэлыя засталіся. Гэта я гарачку спароў, што ў Маскву паехаў. Продкі не хочуць, каб мы валодалі іх сакрэтамі і мастацтвам. Мы павінны сваё ствараць, яшчэ лепшае, яшчэ прыгажэйшае. Для таго і створаны чалавек.
— Добра вы сказалі, Мікалай Мікітавіч, — уздыхнула дзяўчына і, суцішаная, супакоеная, паклала галаву на грудзі старога мастака.
З запісной кніжкі мастака Антона Зялёнкі: З гімалайскай мудрасці: «Будзь смелы, не спыняйся ў дарозе, каб аплакваць памылковыя крокі мінулага. Вучацца на сваіх памылках толькі тыя, хто вырастае духам, зразумеўшы сваё ўчарашняе ўбоства».
«Чысціня і бясстрашша — першыя ўмовы духоўнага багацця. Уся сіла і ўвесь новы сэнс твайго існавання — навучыцца нічога не баяцца. Дабівайся поўнага бясстрашша. І не забудзь, што яно — не толькі адсутнасць боязі. То поўная працаздольнасць усяго арганізма, поўны спакой у атмасферы небяспекі».
«Яшчэ і яшчэ раз пакладзіце ва ўсе складкі вашай свядомасці неаднойчы сказаныя словы: «Калі сэрца вашае чыстае — ніякае зло не можа пашкодзіць вам. Перад вашай чысцінёй яно бяссільнае».
Са «Шчыгрынавай шкуры» Бальзака: «Пакуль вы маладыя, пакуль, сутыкаючыся з намі, людзі і абставіны яшчэ не ўкралі ў нас пяшчотную кветку пачуцця, свежасць думкі, высакародную чысціню, якая не дазваляе нам уступіць у здзелку са злом, — мы яскрава адчуваем свой абавязак».
«...Усявышні абдурыў мяне. Пасмяяўся, як ведаў, што ў мяне не хопіць розуму і мудрасці распарадзіцца яго дарам. Няўжо і трэцяе я патрачу на бязглуздзіцу? Я ўсё зраблю, каб таго не здарылася. Я іду да Паэта.. » Над апошнім запісам дзед, Наташа і Валер ламалі галаву, але так і не маглі даўмецца, што азначалі загадкавыя радкі.
Як не маглі зразумець, чаму святы Айцец, якога так удала напісаў Антон, раптам знік з палатна, як і не было яго там.
...паэт раніцай чакаў Чыра, каб той памог раскрыць яму дзівосную тайну.
БРОНІК-АФГАНЕЦ
Ён скрозь сон пачуў, як рыпнулі вароты адрынкі.
Міжволі схамянуўся, навастрыў слых — як ганчак. Падалося, што нехта пераступіў парог і стаіўся. Падумаў тут жа: прымроілася ўсё, вароты мог прачыніць і вецер — забыўся накласці зашчапку.
Як ні ўглядаўся туды, уніз, да парога, нічога не прыкмеціў Зноў пачуў: нехта басанож пратэпаў па земляным таку, сцярожліва падышоў да драбіны, прыстаўленай да вышак і, крадучыся, пачаў падымацца паверх — зашамацела сена. Па прывычцы рука ліхаманкава памкнулася да аўтамата. Увесь напруціўся, бы спружына. І тут жа сарамліва абсек сябе: «Дурань! Хіба ж ты «там»?..»
— Хто тут? — папытаўся Бронік, але сам пачуў: голас у яго напяты, насцярожаны.
— То я — Надзейка, — нясмела прашаптала суседка, пэўна, раздумвала, падымацца вышэй ці не.
Ён маўчаў — не запрашаў, але і не праганяў.
Дзяўчо паднялося вышэй, стала на апошнюю перакладзінку, затоена прашаптала:
— Бронік, а ты адзін?
— Адзін...
У цемры ледзь заўважна бялеў яе твар ды свяціліся дзве маленькія кропачкі вачэй.
— Падай хіба руку.
Знайшоў і сціснуў даланю — цвёрдую, дужую. Надзейка лёгка ўскараскалася паверх, укленчыла побач. Потым хлопец пачуў, як зашамацела сукенка, як пстрыкнула запінка бюстгальтара... Да паху сена прымяшаўся яшчэ адзін — дзявочага цела, які перабіваў усё, браў верх.
Дзяўчына легла побач, прытулілася. Абдала гарачым дыханнем смагі і жадання. Потым абвіла рукамі яго шыю і ўпілася вуснамі ў яго асмяглыя губы. Яе грудзі, налітыя нерушам і маладой сілай, выпраменьвалі пахкую гарачынь. У яго адразу ледзь прыкметна закружылася галава — акурат як тады, калі падняўся ўпершыню на высокую гару Карбілан і зірнуў уніз...