Выбрать главу

Вось і цяпер, на родным селішчы, яго праведаў Пецька. Сеў побач, пра жыццё пачаў расказваць. Пра маці сваю, якая чакае яго не дачакаецца. Пра бацьку, які працуе на камбайне — за мяжой служыў, у Венгрыі, ўціхамірваў паўстанцаў — мірных жыхароў, стаў інвалідам другой групы... Шмат пра што расказваў Пецька, ды не ўсё пачуў і зразумеў Вербаў, бо паглядаў на яго, а неадрыўна свідравала думка: «Дык ты ж загінуў, Пецька, я ж тваю галаву бачыў на зямлі...»

Ён закрычаў і прачнуўся. Не ведаў, крык быў чутны ці застаўся там, у сне... Правёў далонню па твары — быў мокры.

Побач Надзеі не было. Ляжала яе блакітная касынка — забылася, пэўна.

Сэрца тахкала, не сунімалася, не зразумеўшы, што не існуе аніякай трывогі. Хацелася піць, мучыла смага. Але хіба ў такім стане пакажашся ў хату?

Не ведаў, што маці з бацькам не спалі ўсю ноч, чулі яго крыкі, жудасныя крыкі і рашалі: як бы паказаць яго ўрачам. Здагадваліся: мо ад таго і пасівеў, што пабачыў шмат гора на сваім кароткім вяку...

Няўсцерп стала Вербаву ў роднай хаце. Калі ўсе разышліся хто куды, папісаў кароткую запісачку: «Я ў Гомель да сяброў з'езджу, развеюся трохі. Вярнуся праз дзён пяць-шэсць...»

Дзядзька Міша вёз у Хойнікі на малаказавод малако з фермы — з той, якая яшчэ заставалася ў трыццацікіламетровай зоне. З ім і падаўся Бронік у горад. Дзядзька — бацькаў брат. Па натуры маўклівы, як бы пануры. Нават на вяселлі ці на радзінах, узяўшы чарку, сядзеў дзе-небудзь у кутку і маўкліва глядзеў у адну кропку. Усе спяваюць, жонка Алена весяліцца, шчокі аж гараць ад узбуджанасці, а ён не зважаў ні на што...

— Як служылася, пляменнік? — не адрываўся ад дарогі вадзіцель, кашлянуў, як бы асмельваўся задаць пытанне.

— Служыў, як усе.

— Параніла, чуў.

— Чырканула троху.

Мішаў запас пытанняў скончыўся, і Бронік ведаў, што цяпер да самага горада ён будзе маўчаць, круцячы баранку. А самому гаварыць не хацелася, і ён быў рады, што дзядзька не назаляе пытаннямі, не лезе ў душу. Сама пагана, калі нехта лезе да цябе ў думкі, ботамі топча іх, ідзе напралом, не пытаючыся дазволу.

Міша падвёз яго да вакзала, міргануў весела. Паціснуў руку, пажадаў добрай дарогі далей. Вербаў паспеў сесці на дызель, які завёз яго ў абласны цэнтр.

Прыехаў позна вечарам, як змерклася. Хацеў прытуліцца дзе на вакзале, перадрамаць да раніцы або папытацца месца ў гасцініцы, але выбраў іншае — успомніў, што Дзіма Каралькоў, калі дэмбільнуўся, казаў: «Бронік, як будзеш у Гомелі, абавязкова зазірні да мяне — хоць днём, хоць ноччу. Прыму, як роднага. І запомніць адрасок лёгка — жыву над цэнтральнай ашчаднай касай. А нумар кватэры — нешчаслівы. Значыць, трынаццаць... Ды мы, афганцы, так і так з'яднаемся з усёй вобласці. Знойдзем адзін аднаго. Я чакаю...»

У сельмашаўскі раён хадзілі тралейбусы і аўтобусы. Папытаўся на прыпынку, чым лепей даехаць на вуліцу з цэнтральнай ашчаднай касай, і паехаў «васьмёркай» — аўтобусам, які вазіў рабочых да завода ліцця і нармаляў.

Аўтобус спыніўся акурат насупраць патрэбнага дома.

Вербаў падняўся на пяты наверх, падышоў да дзвярэй. Націснуў кнопачку званка. Дзверы адчыніў мужчына ў майцы, здзіўлена паглядаў на хлопца.

— Дзіма Каралькоў тут жыве? — папытаўся, пераступаючы з нагі на нагу.

Мужчына павярнуўся, крыкнуў некуды ў цёмны калідор:

— Дзім, да цябе, — а Броніку кіўнуў: — Заходзьце...

Пераступіў парог і не ведаў, куды ісці далей, чакаў.

Злева, з прачыненых карычневых — пад дрэва — дзвярэй, выйшаў у спартыўным трыко хударлявы юнак, здзіўлена ўскінуў белыя бровы, а потым рукі рэзка ўзляцелі ўгору:

— Го! Бронік Вербаў! Ну, малайчына, што завітаў. Даўно дэмбільнуўся?

— З тыдзень назад. З вакзала толькі. Рашыў прыехаць, сяброў пабачыць. Думаў, мо ў гасцініцу падацца, ды пра цябе ўспомніў. Не выганіш?

— Ды што ты — месца ёсць. Брат акурат у будаўнічым атрадзе. Ды што я гавару: месца заўсёды знайшлося б. Распранайся, вешай сюды куртку.

Потым ён правёў Броніка ў свой пакойчык, паказаў на крэсла, каб сядаў.

— Адпачывай. Я кавы прыгатую...

Вербаў агледзеў пакой. Японскі магнітафон «Соні», чорныя пластмасавыя ячэйкі для касет. На стале ляжаў паяльнік з прыпоем. Яшчэ стаяў пах кіслаты — мусіць, Дзіма нешта даводзіў да ладу. У арміі не ведаў, што той займаецца такімі рэчамі. Ды там многа чаго не ведалі адзін пра аднаго — не да таго...

Каля дзвярэй невялічкая паліца з кнігамі — прыбітая да сцяны. Здалёк заўважыў, што кнігі па радыётэхніцы і электроніцы, мастацкія — Яўтушэнка, Брыль, Караткевіч, Хаям...