Выбрать главу

На сцяне вялікі каляровы каляндар «Цырк» — дзяўчаты на каньках акружылі мядзведзя-фігурыста. Злева ад паліцы таксама каляндар, замежны. На ім голенькая дзяўчына, з маладымі ўзгорачкамі грудзей, з даўгімі косамі — прыкрывалі палову твару, прыгожага і вясёлага. Акурат як Надзейка, падумаў чамусьці пра сябе, успомніўшы нядаўнюю ноч, калі яна прыйшла да яго ў пуньку... Адчуў, як ледзь заўважна пачалі зноў біць дрыжыкі...

— Ну, як ты тут, гвардыі радавы Вербаў? — нечакана зайшоў Дзіма.

— Нічога, дзякую. Добра ў цябе. Спакойна.

— Спакойна... Яно-то так.

Каралькоў паставіў перад госцем кубак пахкай кавы, побач — цукерніцу.

— Сам кладзі, колькі любіш.

— Я без цукру. Цукар жа дэфіцыт — па талонах, — не ўсміхаўся, жартаваў Бронік.

— Не кажы — смехатура ў нашай дзяржаве. Дажыліся.

Ледзь чутны шчаўчок, і адразу аднекуль са сцяны і столі палілася спакойная меладычная музыка. Броніку падалося, што загудзелі ля іх пчолы, недзе ўдалечы рыкнула карова і застракатаў конік. Акурат як летняй парой ён быў на лузе і, накасіўшыся, ляжаў і ўслухоўваўся ў навакольную цішыню.

— Што гэта за музыка?

— Чайкоўскі. Поры года. Чэрвень.

— Я акурат так і падумаў. Ты, бач, аказваецца, можна перадаць жыццё не толькі словамі, а і музыкай.

Кава была гарачая і пахкая. Вербаў адпіваў маленькімі глыткамі. Было ўтульна і спакойна. За акном бегалі дзеці і крычалі, ганяліся адно за адным, нешта пярэчылі ім дзяўчынкі. Дзесьці іграла іншая музыка. Стукаў нехта за сцяной.

«Не так, як у вёсцы, — падумалася абыякава, — тут, як у муравейніку, тлумна. Не люблю за тое горад. Раз'ядноўвае ён людзей...»

— На работу не ўладкаваўся яшчэ?

— Не.

— А куды думаеш?

— Не ведаю яшчэ... Сляпы сказаў — пабачым. Мо на машыну сяду. Або як бацька — на трактар ці камбайн.

Тэму Афгана абыходзілі, як згаварыліся. Гаварылі пра ўсё, толькі не пра былую службу. Потым Дзіма, як усё роўна апамятаўся, адлучыўся зноў. Прынёс дзве маленькія чарачкі з каньяком і паставіў перад госцем. Сказаў прыглушана:

— Давай памянём тых, хто не вярнуўся з намі... За іх, каб ім пухам зямля.

Вербаў адчуў важнасць моманту, падняўся. Стоячы, выпіў налітае. Моўчкі сеў, паставіў чарку на паліраванае вечка століка. Каўцянуў глыток кавы...

Уздыхнулі, адначасна ўспомніўшы нядаўняе. Слоў не казалі. Маўчанне гаварыла больш, чым словы.

Гарталі альбом. Успаміналі сяброў, хмурыліся. Сярод усіх была фотка вусатага вясёлага салдата — Мішкі Прасцянкова.

— Сустрэнемся з Мішкам? — папытаўся Вербаў. — Ты з ім бачыўся?

— Бачыўся... Хочаш, заўтра разам яго пабачым? — у голасе зацятае шкадаванне — Дзіма глядзеў сабе пад ногі.

— Хачу. Я яму жыццём абавязаны. Ад душманаў мяне адбіў. Смелы хлопец, адчайны...

Спаць клаліся позна. Нагаварыліся ўдосталь, аж языкі забалелі. Сон агарнуў адразу, як прыхінулі галаву да падушкі.

— Ты куды мяне прывёў? — Вербаў паглядзеў спачатку на вывеску, а потым на Каралькова — стаялі на ганку гарадскога суда.

— Ты ж, здаецца, хацеў з Мішкам пабачыцца? — Дзіма чамусьці ўзмакрэў.

— Ён тут працуе?

— Ага, тут...

Вербаў ішоў следам і ўжо не задаваў пытанняў. Чамусьці адчуў, што сваёй цікавасцю злуе Дзіму — словы таму не даспадобы. Падняліся на другі паверх, дзе таўкліся людзі — чакалі нечага ці некага. Паўз іх прайшоў пажылы чалавек з залачонымі пятліцамі — ці не пракурор? Стаяла ў слязах жанчына, шаптала сама сабе: «За што? За што?.. Хіба ж я думала, што так будзе?»

Каралькоў пацягнуў сябра ў расчыненыя дзверы — у залу суда. Убачыў вольнае каля акна месца — пайшоў туды.

«Куды ён мяне прывёў? — дапытваўся ў сябе Бронік, адчуваючы ўнутраную трывогу. — Кім ён тут працуе? Суддзёй хіба? Ці пракурорам? Смешна... ён жа не вучыўся нідзе. Пэтэвушнік, тынкоўшчыкам працаваў да арміі. І чаго такі хмуры Дзіма? Чаго не скажа адразу — чаму тайну нейкую робіць?»

Каралькоў глядзеў у спіну жанчыны, сціснуў зубы. Маўчаў. Як чакаў чаго. Дыхаў праз нос, толькі раздзімаліся наздрыны.

— Устаць! Суд ідзе! — пачуў Вербаў і машынальна, як усё роўна пачуў каманду камандзіра, падняўся разам з усімі.

Дзіма не адрываў позірку ад сіняга світэра, быццам вывучаў складаную вязку і ўзор.

Калі зайшлі суддзі і паселі на месца, калі ў зале ўсталявалася цішыня, канваіры ўвялі падсуднага і правялі яго за загародку. У Броніка балюча ёкнула сэрца — у падстрыжаным «пад нулёўку», няголеным юнаку ён ледзьве пазнаў Мішку.

Быў ён схуднелы да непазнавальнасці. Завастрыўся нос, паменшаў нават ростам. Глядзеў на людзей вінавата і сам не разумеў, чаму апынуўся ў зале суда.