Вербаў схапіў Дзімкаву руку, сціснуў з усяе сілы, прашаптаў роспачна:
— Не можа быць! Што ён зрабіў?
— Зрабіў, Бронік. Сам не магу паверыць.
— Што?!
Сябар не адказаў. Крутануў галавой, перакрывіў рот — быццам пёк боль, жыць не даваў. Як збіраўся заплакаць ад крыўды.
Падняўся суддзя, пачаў сухім і абыякавым голасам чытаць абвінаваўчае заключэнне. Міхаілу Прасцянкову, былому воіну-інтэрнацыяналісту, прад'яўлялася абвінавачванне ў забойстве.
...У рэстаране Міша сядзеў з дзяўчатамі — пілі шампанскае. Да іх падсеў фасадчык — чарнявы юнак. Спачатку маўчаў, толькі не зводзіў вачэй з Зінкі, якая смяялася раз-пораз. Бачачы, што Мішка да яе ніякага дачынення не мае, паклаў дзяўчыне на руку сваю далонь, папытаўся:
— Зінка, хочаш, я цябе куплю на ноч?
Дзяўчына была не з баязлівых, тут жа пытанне незнаёмцу з прымессю злосці:
— І колькі ж ты мне адваліш, дзядзечка? Я дорага каштую
— Таму і купляю, што дарагая.
Ён дастаў скураны кашалёк, туга набіты соценнымі купюрамі, разгарнуў перад ёю:
— Во, глядзі, дзесяць тысяч. Як лёду. Толькі з фасадаў вярнуўся. Не ведаю, куды падзець іх. На цябе палову аддам. За адну ноч. Не хвалюйся, з жанчынамі я ласкавы, не садыст. І сама шкадаваць не будзеш.
Зінка ўжо адумалася, крутанула галавой, паглядзела на Мішку. Позіркам спытала, як выкруціцца з такой гісторыі.
Ад убачанай сумы ў Мішкі загарэліся вочы. Ён з усіх сіл стараўся прыглушыць сваю цікавасць да кашалька.
— Цябе як зваць, зямеля? — Мішка павярнуўся да суседа за сталом.
— Геральдам. Проста — Гера. А што?
— Усё падыходзіць, Гера. Сума нармальная. Значыць, так. Рашаем: я даю ключы ад сваёй хаты і праз гадзіну прывяду цябе туды. Разлік са мной. Я адчыню дзверы, прайду разам з табою. Ты пераканаешся, што вы адны ў хаце — і ты мне пры ёй аддаеш грошы. Згода?
Гера паглядзеў на Зіну, на хлопца, кіўнуў галавой:
— Варыянт падыходзіць.
— Тады, Зінка, шуруй дадому. Свежыя прасціны ў шафе. Праз паўгадзіны мы будзем.
Дзяўчына зрабіла акруглыя вочы, паправіла сукенку на грудзях — вельмі ж усё выставілася напаказ, сяброўка так параіла. Нічога не разумела — у Мішкі не было ніякай кватэры. І што ён за ключы ёй даў, не ведала. Але хуценька паднялася і разам з сяброўкаю выскачылі на вуліцу.
Потым Гера наліў пароўну, пасля яшчэ. Прасцянкоў паглядзеў на гадзіннік, абдумваў сваё.
— Сястра яна мне. Ні разу ні з кім не была Але дзеўка спелая. Акурат. І сама хоча, аж пішчыць.
— Гэта я вызначыў. Таму і даю столькі.
— Толькі раніцай будзе часу не шмат. У дзесяць з Масквы прыязджаюць бацькі — па каўбасу ў сталіцу падаліся. І каб там — без гэтага-таго... ну...
— Ведаю. Не хвалюйся. Будзе ўсё ў акураце, прыстойна.
— Пашпарт у цябе хоць ёсць? Мо ты які рэцыдывіст ці шпіён, — Мішка ўсміхнуўся, выказваючы свой давер.
— На паглядзі, калі не верыш. Цёмнымі справамі я не займаюся. Грошы дурныя маю, на радаснае патраціць хачу. Л што ёй — адна ноч і багатай нявестай будзе.
— Ладна, я так... Добра. Пераканаўся. Парадак.
Ён вёў яго глухімі вуліцамі. Прыйшлі да ракі. І тут
Мішка выхапіў нож, спакойна ўсадзіў у Геру. Той і не войкнуў. Забраў у яго кашалёк, самога кінуў у раку.
Следам выкінуў і нож...
Потым, калі выступалі сведкі і сказаў сваё слова адвакат — невысокі чалавек з кароценькімі вусікамі, вочы хаваліся за сінімі «мяшкамі» і густымі бровамі, — слова ўзяў і пракурор.
Суддзя, мажная жанчына, спытала ў падсуднага:
— Што кіравала вамі, грамадзянін Прасцянкоў, калі вы забівалі чалавека?
— Я хацеў абараніць гонар дзяўчыны, якую ён хацеў купіць.
— Але ж вы забралі самі тыя грошы, якія былі ў нябожчыка. На тых грашах кроў чалавека.
— Грамадзянін суддзя, я столькі бачыў крыві ў Афганістане, што гэтая кроў — як кропля з камара...
Бронік скрыгатнуў зубамі, сціснуў калена Дзімы — аж затрашчалі пальцы. Не вытрымаў, падняўся і, нічога не кажучы сябру, падаўся да выхаду. Не бачыў, як следам за ім падняўся і Каралькоў.
Калі адыходзілі да дзвярэй, пачулі роспачны голас Мішкі:
— Бронік, ты прабач мне, што так атрымалася... Як бачыш, я не толькі ўмею абараняць жыццё, а і забіраць яго. І ты, Дзіма, прабач...
Усе міжволі павярнуліся да тых, каму гаварыў падсудны.
Глядзелі і на забойцу, але ў позірку людзей не было ні шкадавання, ні жалю.
Яны прычынілі за сабою дзверы, спусціліся на першы паверх, выбеглі на ганак. Калі ж выйшлі ў сквер — насупраць вышкі тэлебачання, уздыхнулі на поўныя грудзі. Чамусьці не глядзелі адзін аднаму ў вочы. Як быццам кожны з іх баяўся папракнуць самога сябе, што не ўбярог сябра ад злачынства...