Вербаў глядзеў на гэты «эдэм» і сам з сябе дзівіўся, адчуваў сябе спакойна, быццам быў тут не першы раз. Разумеў, што тут існуе свой мікраклімат, які падыходзіць для ўсіх. Ён чытаў недзе пра свабоднае каханне. Але тое было не ў нас, а за мяжой. Так пісалі і сцвярджалі. А яно во тут, усё наглядна... Не трэба ўпрошваць дзяўчыну, яна сама да цябе прыйдзе. Успомніў чамусьці пра Надзейку. Яна ж таксама прыйшла да яго: хацела згарэць разам з ім у страсці кахання. Але там было неяк інакш, і не вытлумачыш... Яна не распранулася б вось так, пры ўсіх, і не прапанавала б сябе незнаёмаму... Там было на чалавечым даверы і пяшчоце. Шчыра і адкрыта, з падзеяй на нешта вялікае і неабходнае. Тут жа ўсё рабілася з завязанымі вачыма, нават не ведаючы, хто з табой, як маці назвала. А зрэшты...
— Даўно тут, Бронік? — не адрываючыся ад сваіх думак, папытаўся Мікола.
— З тыдзень. Во прыехаў пабачыцца. Да Дзімы першага зазірнуў. На судзе во сёння былі. Мішку судзілі...
— Ведаю. Я бачыў вас там. Не падышоў. На душы мутарна было. Не хацеў з вамі спатыкацца, ні к чаму. Сюды во збег. Вінаваты Міша, няма да яго ні жаласці, ні...
За спіной зноў хіхікнула дзяўчына, закашлялася:
— Кашмар! Так нічога і не зразумеў? І ўдалося ж табе нявіннай і цэлай прыкінуцца.
— Трэба ўмець. Вопыт на тое трэба, — смеючыся, адказала сяброўка. — Будзеш выходзіць замуж, навучу...
«Во як у іх — пахаджу сюды ўволю, нагуляюся, а потым замуж выйду. Абортамі здаволюся, пасля раджаць пачну. І знойдзецца ж нейкі вахлак, які пакахае нейкую, адкрые душу і сэрца, на руках насіць будзе. Вопыт у іх раскрыць сябе ва ўсёй сексуальнай красе ёсць, ды і вучацца вунь па мюнхенскіх фільмах. Але ж тым жа вахлаком магу аказацца і я, — працяла нечакана думка, але Бронік толькі горка ўсміхнуўся, яшчэ раз кінуў позірк на дзяўчыну, якая ўвесь час маўчала, як быццам драмала, прыплюшчыўшы вейкі. — Што яны шукаюць тут, у гэтым падзямеллі? Якую вышэйшую асалоду знаходзяць? І ў чым яна — асалода? Аддацца любому, хто пажадае? Без пачуцця, без узаемнасці?..»
— А як там Пецька Карчэмны? — дапытваўся Колька, зацягваўся дымком. — Спяваў ён талкова. Ас быў у песні.
— Няма Пецькі. На маіх вачах загінуў. Заўтра да маці з Дзімкам едзем.
— І я з вамі. А Віця Міцура?
— Да духаў трапіў. Узялі параненага ў палон. Невядома, што з ім і дзе. Таксама да бацькоў паедзем — мо што стала вядома пра яго.
— І я з вамі — весялей будзе.
Мучыла пытанне — дзе начаваць. Што на тое адкажа Дзіма? Прапануе ехаць да яго? Хаця ж на вуліцы глыбокая ноч.
— Начуем тут, — адгадаў яго думкі сябар, — дзяўчат хапае на кожнага. І ёсць дзе прылегчы. Ты як?
— Які ты. Гуляць, дык гуляць.
Мікола патушыў святло.
Ззаду зашаптала таямніча німфа, абхапіла Броніка за шыю, пачала расшпільваць яму гузікі на сарочцы.
— Цяпер ты, даражэнькі, не выкруцішся ад мяне. Я любіць цябе буду моцна-моцна, што і родных сваіх забудзеш, каханую забудзеш... А я і нежывога ажыўлю. Ну, пайшлі, не бойся, не пашкадуеш, вось пабачыш.
Яны прыладкаваліся непадалёк ад тэлевізара. Ад экрана даносіліся эратычныя стогны, уздыхі і музыка.
Выехалі толькі пад абед. Дамовіліся, што Бронік і Дзіма будуць чакаць у скверы. Дзіма схадзіў дадому, для бацькоў пакінуў запіску, пераадзеўся.
З'явіўся Колька праз тры гадзіны, яны ўжо і чаканкі ўсе паелі. Хацелі ўжо самі, без яго ехаць.
— Бацька ўсё, — уздрыгвала міжволі правая шчака ў хлопца — параніла перад самай дэмабілізацыяй, — упёрся: куды ды навошта едзеш. Валаводзіліся доўга. Але ўгаварыў. І грошай даў — на бензін, на харчы...
— Тады — парадак, — ляпнуў па плячы Каралькоў. — Пасля ўчарашняга галава не баліць?
— Не баліць галава ў дзятла, — ухіліўся Мікола ад адказу.
Па дарозе заскочылі ў харчовы магазін, купілі хлеба, кааператыўных каўбас, сала, мінералкі. А потым узялі кірунак у бок Мазыра, у якім ніколі раней не былі.
— Чаго гэта ў цябе, Браніслаў, губа так апухла? Біўся з кім ці пчала пеканула? — папытаўся сур'ёзна Мікола, гледзячы ў люстэрка — Вербаў сядзеў ззаду.
Падначкі хлопец не адчуў, паціснуў няўцямна плячыма. Дзіма рагатнуў:
— То Ядзя яго так мілавала.
Вербаў нахмурыўся, адвярнуўся. Пра ноч успамінаць не хацелася — нешта ў ёй было не так, як думалася напачатку, а з прымессю бруду і непрыстойнасці. Але было і адчуванне, што не ўсё было і ў чорным колеры — нейкае адценне здалося і светлым, прымусіла адчуць сябе іншым, спасціг таямніцы і такога жыцця.
— Падсунуў ты мне ночаньку, — уздыхнуў Бронік, палез у кішэню па «Прыму», прыкурыў, зацягнуўся, — цяпер думай, на чым трымаецца жыццё, каханне. Вы мяне, як сляпога, укінулі ў гэтае пекла ці рай, як вы яго называеце, і сказалі: «Паглядзі на жыццё і з другога боку...» А ў мяне чамусьці з галавы не выходзіць Афган, нашы хлопцы. У кожнага была фотка дзяўчыны, якую кожны хацеў абняць, пацалаваць... Тут жа... А што і казаць, абухам па галаве.