Хлопцы пераглянуліся: усюдныя праблемы. Як быццам не хапае мармуру толькі для афганцаў. Гаркая ісціна.
Алена паклала на магілу чырвоныя яблыкі. Яны свяціліся пад зыркімі промнямі сонца, прасвечваліся, здавалася, наскрозь.
Броніку зноў уявілася тое імгненне, калі валілася пад ногі крывавая Пецева галава. Падалося, што то не яблыкі былі, а кроў сябра. Яго скаланула ад такога ўспаміну. На імгненне заблажыла — закружылася галава.
Колька дастаў з «дыпламата» бутэльку гарэлкі, падаў Броніку. Выняў шклянку — «маленкоўскую», гранёную.
— Мама Алена, мы памянём Пецьку, добра?
— Добра, сыночкі, памяніце. Ён чуе вас і таму рады, што вы прыйшлі да яго ў госці.
Шклянка хадзіла па чарзе ад аднаго да другога. Дзіма, пракаўтнуўшы горыч, сказаў:
— Пухам табе зямля, наш баявы сябар. Мы не ведаем, за што ваявалі, за што аддавалі маладыя жыцці — хай тое будзе на сумленні Брэжнева, Грамыкі і міністра абароны, але мы зробім усё, каб пра вас і пра тых, хто быў там, не забыліся ніколі. Ніколі.
Ён у некалькі глыткоў выпіў гарэлку, скрывіўся, як ад болю, перадаў шклянку Вербаву.
— Мы не забудзем цябе, Пецька. Мы будзем наведвацца, расказваць, як у нас ідзе жыццё. А яно будзе нялёгкім. Мы ўжо сустрэліся са злом і несправядлівасцю. Мы яшчэ не ведаем сёння, чаму ў нашай краіне лягчэй жыць прахадзімцу, чым сумленнаму чалавеку.
Мама Алена маўчала. Думак у яе не было. Яна слухала безуважна, бо яны гаварылі яе словамі; казалі пра яе боль.
Вецер кудлаціў валасы былых салдат, і яны апусцілі галовы. Як быццам кляліся Пецьку ў нечым чыстым і сумленным, абяцалі пранесці сваю юначую непасрэднасць і барацьбу са злом да канца сваіх дзён.
І ў гэты ж момант, у тым баку, дзе сінеў асмужаны лес, пачуліся тры гучныя выбухі — адзін, другі і трэці... Як быццам гарматы салютавалі героям сваёй радзімы. Хлопцы ведалі, што то рэактыўныя самалёты пераадольвалі гукавы бар'ер, але ў даным выпадку прагучэў салют у гонар афганца Пецькі Карчэмнага і яго аднавяскоўцаў, якіх прывезлі ў родную вёску ў цынкавым адзенні...
Ранічкай праводзіла іх маці Алена з Веркай.
Пацалавала кожнага, пажадала добрай дарогі. Верка махала ўслед, гледзячы на маці.
Да бацькоў Віктара Міцуры было далекавата — ехаць аж пад Парычы. Расказваў Міцура, што жыў на самым беразе Беразіны. Смеючыся, даказваў, што то каля яго вёскі Напалеон перапраўляўся праз раку і ўтапіў нарабаванае багацце.
Да Калінкавіч дабраліся лёгка — дарога была ніштаватай. Далей — выбоіны, каляіны. Хуткасць прыйшлося збавіць амаль да нуля. Так і калываліся да Азарыч. А далей зноў легкавік набраў бег і з кіламетраў трыццаць каціўся лёгка і роўна.
Мінулі Парычы, а там ужо і рукой падаць — Васіленка.
Хата Віцькі стаяла ля саменькай ракі — чуўся плёскат хваль. Нездарма хваліўся, што вудачку ў раку закідваў з акна.
З веснікаў выбег калматы сабака. Спачатку заўзята забрахаў на іх, пасля завіляў хвастом, як быццам прызнаў прыезджых гасцей.
Выйшаў мужчына, зірнуў у іх бок, накіраваўся да іх.
— Міцуры тут жывуць? — Бронік выйшаў наперад, расшпіліў на грудзях куртку.
— Тутачкі, а што такое? — мужчына насцярожыўся, але на імгненне, крутануўся на назе, прыхінуўся да шула варот. — Мо да мяне прыехалі?
— Да вас. Мы з вашым Віцькам служылі. Ці няма ад яго якіх вестак?
Мужчына падцяў губы, яго працяў боль, адмоўна крутануў галавой.
— Кажынны дзень чакаем яго. Ноччу стукне што ў дзверы, думаем, што ён. Разам з жонкай у сенцы выбягаем. І заўсягды памыляемся...
Быў ён хударлявы з твару, невысокага росту, у клятчатай сарочцы наросхрыст. Падвыпіўшы — чырвоныя вочы раз-пораз міргалі, слязіліся...
— Хлопчыкі, а за што вы ваявалі? За што? Хацелі масульман у праваслаўных за адну ноч перакаваць? Ха-га, так яны вас і паслухаліся... Гэта ж яму не на Малой зямлі ваяваць за спінамі байцоў. Дык от ён і паслаў няведама чаго і вас. На згубу паслаў. Колькі галоў пакладзена — ці скажуць калі пра тое? Колькі дзяцей не народжана ад іх... ха-га...
Ён пайшоў у веснічкі, спіной запрашаў ісці за сабою. Сабака бег побач — лашчыўся да гасцей.
— Няма, хлопцы, вестак. Аніякіх. І не ведаю, што і рабіць. Але веру, што ён вернецца. Не можа быць, каб не вярнуўся. Жонка да цыганкі ездзіла, да гадалкі аж за Кіеў — сказалі: чакайце, прыедзе ваш сын... А я і без іх ведаю. Таму во, гляньце, і хату пабудаваў у сваім агародзе — для яго. Нядаўна рамы і дзверы ўставіў. Як яечка свеціцца. Хадзіў ён з дзяўчынай, Кацярынкай, да арміі. Яна чакае яго, мы нявесткай яе лічым... ха-га... Вунь у гаражы «Жыгуль» стаіць — яго чакае, каб вярнуўся і адразу за руль. Ён любіць тэхніку. Ха-га... Увесь у мяне. І матацыкл яму купіў, «Яву». Няхай ездзіць, з ветрам спрачаецца...