Выбрать главу

Цішыня і лясное паветра ўдарылі ў вушы і лёгкія, ад чаго закружылася адразу галава. Здалося, што ажылі бярозы і пачалі хістацца з боку ў бок, утвараючы свой вясельны карагод. Бронік у наздрыны пачаў уцягваць паветра і прымружыў павекі — і ў скроні ўдарыў хмельны боль. Каб не ўпасці, ён абняў бярозу.

Маўчалі, не гаварылі. У кожнага свой боль, які нічым нельга было выгнаць, вылечыць. Кожны з іх насіў яго ў сабе. Бо ён зліўся з душой, з думкамі і марамі. Прысутнічаў дзень пры дні — і ў сне, і ў весялосці, і ў каханні. Напамінаў пра сябе, прымушаў трымацца ў нейкіх нябачных рамках. І тады ж радасць, якая магла нечакана нарадзіцца, была няпоўнай, а кепскі настрой пераходзіў у зусім апатычны стан. Тады ўсё рабілася непатрэбным і абыякавым.

Выйсця свайму настрою ім цяжка было адшукаць. Хто шукаў яго ў апантанасці сярод жанчын, хто калупаў сабе вены і запускаў у сябе таго мярзотнага змея, які на нейкі час дурманіў мазгі і кідаў у абдымкі дурману — ці то шчаслівых, ці то сонных мрояў. А хто проста бачыў збавенне ад душэўных пакут у шклянцы віна...

Апусціўся на зямлю Бронік. За ім сябры. Ляжалі, знямоглыя і стомленыя. Глядзелі ў неба, а іх душы разрывала крыўда і бездапаможнасць, што ў жыцці яны пайшлі не па той сцежцы, па якой яны маглі прайсці зусім не так, далёка не так...

Іх прымусілі, ім паказалі тую сцежку і сказалі, што іх абавязак прайсці па ёй. І яны пайшлі, падстаўляючы сябе смерці і калецтву, ранячы сваё сэрца і душу кроўю сяброў. А ў канцы той сцежкі аказалася, што і сцежка была выбрана памылкова...

Яно б яшчэ нічога, каб толькі гэта. Аказалася яшчэ, што тая сцежка не стыкуецца з той, па якой яны павінны ісці самастойна далей — па жыцці. Пасля ўсяго, пасля ўся-го... Як рэйкі ўсё роўна нехта пераблытаў — і шырыні не тое, ды нават і не ў той бок накіраваны. Нейкі тупік атрымліваўся. Аказалася, што пра тую іх новую дарогу ніхто раней і не думаў. Не да таго было — Генеральны сакратар партыі вешаў сабе ордэны за мінулую вайну, было не да іх праблем. Жылі тым днём, які быў. Пра заўтрашні не дбалі. Не хапала мудрасці.

У блакітным прагалку выплыла белая аблачына, бы белы бусел, застыла на момант — бы прыглядалася да зямлі, і паплыла далей пад уладаю ветру. Радавацца і жыццю, душы маладой, гімны і песні спяваць. Ды нешта не спявалася. Нешта сціскала грудзі і не выпускала на волю трапяткую птушку радасці і шчасця. Не скора яна вылеціць, крылы пакалечаны, не вытрымаюць на пругкім паветры. Не ўзнімуць у неба.

— Ну, што рабіцьмем, афганы? — Дзімка сеў, ногі пад сябе падабраў. — Дадому мо пара?

— Табе абы дадому, — азваўся Бронік, — от не можаш без дому. Па горадзе засумаваў, ці што? Ці без каханай і дня пражыць не зможаш? От ляжы і дыхай стронцыем, не падабаецца — на цэзій пераходзь. Цяпер маё Палессе шчодрае і на такое багацце. Вось ты сядзіш і не ведаеш, што хапіў мізэрную дозу радыяцыі. Радыяцыя ўздзейнічае на імунную сістэму. А потым кожнаму з нас пагражае СНІД...

— Адкуль ты ведаеш?

— Ведаю. Афіцэр адзін гаварыў, які рабіў дэзактывацыю.

— Дык чаму ж дасюль людзей не высяляюць?

— Указу такога не было. Пад вялікім сакрэтам трымаюць. Каб панікі не было. Каб людзі маўчалі і верылі таму, што ім гаворыць прэса і радыё, ён і ў маёй вёсцы правяраў. Казаў, што вёску з першых дзён трэба высяляць. Маці расказвала, як прыязджала раённае начальства высяляць. Проста пацікавіліся, ці хочуць людзі пакідаць сваю родную вёску. Давольнае засталося, што не знайшлося такіх. А намеснік старшыні загадаў, каб маўчалі і прыезджым у вушы нічога не ўводзілі, бо пераселяць туды, дзе Макар цялят не пасвіў...

— Тое ж страшна, Бронік.

— А ўжэ ж, галубец, праўду мовіш — як мая бабка Міхаліна гаворыш. Разумненькі ты, у бацькоў удаўся.

— З адной вайны прыйшлі на другую.

— Хто ж ведаў, што такое няшчасце на нас абрынецца...

— Ведалі. Папярэджвалі — не будуйце міны замаруджанага дзеяння, бо другая Хірасіма будзе. А тут аж трыста Хірасім...

Выехалі зноў на бальшак. Загайдаліся на калдобінах і выбоінах. Кожны прыслухоўваўся да сябе. Пакуль сядзелі і гаманілі ў бярозавым гайку, настрой стаў яшчэ больш прыгнечаным.

Пад'ехалі да развілкі. Управа па ёй — у раённы цэнтр, прама — карацейшая дарога дадому. Колька гнаў легкавушку прама. І тут Бронік апамятаўся:

— Хлопцы, у раённы цэнтр заскочым.

— Да каго? Дзяўчына тут ёсць?

— Да старшыні выканкома. Няўжо мы так і паедзем дадому, нічога не зрабіўшы? Вы ж, як і я, думаеце, чаму так несправядліва адносяцца да нас, да бацькоў нашых. Вось мы давайце і спытаем у раённага начальства чаму. Мо яно і адкажа. Мо праясніць абстановачку.