Міліцыянеры саступілі з дарогі, але глядзелі на старшыню выканкома — гатовыя былі выканаць яго загад. Глядзеў дакорліва таварыш з вобласці. Але Іван Пятровіч апусціў галаву, нічога не гаварыў, не даваў указанняў.
На парозе затрымаўся Дзіма, абярнуўся, паківаў скрушна галавой:
— Эх вы, слугі народа... Д'ябла вы слугі, няйначай.
Глыбокай ноччу, калі перасталі хадзіць тралейбусы і аўтобусы, кіраваўся Бронік да аўтобуснай станцыі, каб ранічкай сесці на першы рэйс і падацца ў сваю вёску. Дзіма сказаў, каб спаў да раніцы, але яму нешта учаўплося ў галаву, і ён настаяў на сваім:
— Не, Дзіма, дабяруся я да той станцыі. Ды і па начным горадзе прайсціся хачу. Праводзіць мяне не трэба. Дзякую за ўсё. Харошыя былі дні, запомняцца. Прайшлі недарэмна для нас. Я званіць буду табе і наведвацца. І да Колькі таксама.
— Кольку глядзі, яму да ўрачоў трэба — памажы пазбавіцца ад хваробы... Нам трэба астатніх шукаць, арганізавацца. Не ўсё добра ў хлопцаў. Многім дапамога трэба.
— Добра, Бронік. У ваенкамаце нам дадуць спісы афганцаў. Я іх усіх перапішу. Прыедзеш, мы і абыдзем хлопцаў. А мо застаўся б яшчэ на дзень-два?
— Не, дружа, дадому чамусьці цягне. Па маці засумаваў. Крыўдзіцца будзе, што нечакана з'ехаў і не паяўляюся. Во яшчэ што — жаніцца, мусіць, буду. Паклічу вас з Колькам, прыязджайце.
— Добра.
Абняліся, паціскалі адзін аднаго.
Правёў да скрыжавання вуліц, паказаў, як ісці, і вярнуўся дадому. Цяжкі асадак не знікаў. Бронік хацеў пазбавіцца ад яго, каб не везці дадому, да сваіх, да Надзейкі. Цяпер яна яму стала дарагой і патрэбнай. Адчувае яе прыцягненне. Ды і сяброў яшчэ ў вёсцы не ўсіх абышоў.
Ён прайшоў цемнаватую вуліцу і звярнуў налева. Выбіўся на святлейшую, больш доўгую, з ліпамі, з якіх звісала на галовы голле. У руцэ быў бязважкі «дыпламат», — так і не купіў нічога, як мерыўся напачатку, — не да таго было.
У блочным доме, на першым паверсе, у акне гарэла святло. Акно было прачыненае, і чуваць стала, як сварыліся муж і жонка. Абзывалі адно аднаго бруднымі словамі, аж вушы вялі. Па голасе можна было здагадацца, што абое п'яныя — словы не звязныя, адны і тыя ж...
Ён паскорыў крок, каб не чуць сварку, дайшоў да перакрыжоўкі. Перайшоў яе. Стала зноў ціха.
Нечакана справа ён пачуў дзявочае ўсхліпванне. Прыслухаўся, спыніўся. Дзяўчо плакала і прасіла аб помачы. Дарога вяла ў завулачак — да гаража. Асцярожна крадучыся, пайшоў да таго месца. Плач дзяўчыны чуўся мацней. Стаіўся за кустом — рашыў выясніць абстаноўку.
— Адпусціце мяне, баліць...
— Нічога, пацерпіш. Для жанчыны тое не страшна. Спачатку баліць, а потым і самой будзе хацецца. Хто наступны, хлопцы?
Толькі цяпер Бронік Вербаў убачыў, што ля варот гаража стаяла амаль распранутая дзяўчына. Здагадаўся, што яе гвалтавалі. Яны рабілі сваю брудную справу і не звярталі ўвагі на яе ўмольныя просьбы.
— Памажыце...
— Пакрычы мне, — пісклявы голас уладарна загадваў маўчаць, — бо прыкончым тут і пакінем. І ніхто не здагадаецца, чаго ты тут апынулася. Хто наступны, пытаю, ну?
— Я! Я наступны! — крыкнуў Бронік і выйшаў са сваёй схованкі, накіраваўся да іх.
Пяцёра азірнуліся, і ў таго, пісклявага, у руцэ бліснуў нож. Але ўдар быў нанесены злева — у бок. Бронік адчуў, як лязо слізганула па рабрыне. Гэта з'явілася тым адпраўным штуршком, калі ён перастаў адказваць за свае дзеянні, за сваю рэакцыю. Перад гэтым ён паспеў заўважыць, як па нагах дзяўчынкі сцякала кроў...
Ён спружыніста падскочыў уверх і ўжо адтуль, зверху, даланёй ударыў пісклявага па патыліцы. Нож выпаў з рук. Калі ж прысеў на зямлю, штуршком абедзвюх ног збіў таго, хто першы выняў нож. Рукамі схапіў трэцяга і паваліў на зямлю.
Усё адбылося так імгова, што ніхто з іх не паспеў і рот раскрыць, як усе ляжалі на зямлі.
Дзяўчынка ўсхліпвала і села каля металічных варот — страціла прытомнасць. Чацвёра хлопцаў падняліся і кінуліся наўцёкі. Пяты ляжаў тварам у зямлю.
Бронік падышоў да яго, перавярнуў на спіну.
У шэрую цемру глядзелі невідушчыя вочы.
Броніка адразу скаланула і сціснула абручом галаву — не разлічыў, ужыў прыём, як супраць ворага. А даваў жа лейтэнанту слова, што не прыменіць ніколі прыём супраць мірных людзей. Супраць мірных? А нож у яго баку?
І толькі цяпер адчуў боль. Дакрануўся рукой — была ў крыві...
Далей не ведаў, што рабіў. Узяў дзяўчынку на рукі, панёс ад таго месца. Мо на таксі завезці ў бальніцу?