Выбрать главу

Дзяўчо абвяла, апусціла галаву яму на плячо, цяжка дыхала...

Рэзка ў твар ударыла святло ад фары «ўазіка». Ляснулі дзверцы, і насустрач беглі аператыўнікі. Адзін з іх забраў з рук дзяўчынку, другі ж накінуў на рукі наручнікі.

— Ты забіў яго?

Вербаў няўцямна паціснуў плячыма. Толькі цяпер адчуў, як па баку сцякала гарачая кроў.

Ён плакаў.

Калі дазволілі развітацца з бацькамі, апошняй падышла да яго Надзейка. У яе ад плачу распухлі вусны і чырвоныя былі вочы. Распэтланая, як страціла розум. У мокрых вачах адданасць і скруха.

— Надзейка, я сяброў на нашае вяселле запрасіў. А бач, як яно ўсё павярнулася... Прабач мне.

— Бронічак, дарагі мой. Я чакаць цябе буду. Я ўсё жыццё кахаць цябе буду. Толькі вяртайся. Я ведаю, ты не вінаваты. Усе ведаюць, што ты не вінаваты...

Дзімка і Мікола падышлі яшчэ раз да яго, абняліся, прытуліўшы галаву да галавы. Сваёй прысутнасцю хацелі сказаць тое, што хацелі сказаць. І тым самым аблегчылі яго пакуты.

Яны так стаялі доўга, аж пакуль вартавы не падаў голас, што пара ісці.

Перад тым як сесці ў машыну, Вербаў азірнуўся. Скінуў з паголенай галавы кепку. Глядзеў на сяброў умольнымі вачыма — як усё роўна прасіў у іх прабачэння.

КНЯЖАБОР

Ён задраў галаву, прынюхаўся.

Патыхала нечым едкім і смярдзючым. Ад гэтага і насцярожыўся — баяўся бегчы далей, каб не напаткаць якой бяды.

Вецер чуўся ад бальшака — там, не перастаючы, з густым і басавітым перагудам памагалі чалавеку ў рабоце машыны.

Яго, барсука, нешта і цягнула туды, за дарогу, але ж і спыняла боязь. Доўга ляжаў у сваёй схованцы і чакаў нейкіх перамен ціхмяны лясны звер. Ляснік Міхалап ласкава называў яго Паласацікам.

На тым баку дарогі затрашчала галлё, загайдаліся верхавіны дрэў: беглі да вады ласі. Яны капытамі падкідвалі шэрыя камякі зямлі, а перад самай дарогай спыніліся... Тады важак выбег на шлях, перагарадзіў яго сабой, і пакуль не перабеглі ўсе, не рушыў з месца. Ззаду яго спынілася машына — людзі чакалі, калі сахаты перавядзе сваю сям'ю на той бок бальшака.

Стала ціха. І трывожна. Паласаціку расхацелася адпраўляцца ў сваё падарожжа далей. І ён павярнуў назад, павалюхаў, не адрываючы носа ад зямлі — усё прынюхваўся.

Збочыў на светлую паляну, пасярод якой раслі старыя бярозы. Між іх бачыліся сляды жалезных істот, што насіліся па дарозе. У паветры стаяў смурод. Ім, здавалася, набрыняла зямля. Трава счарнела — цэлая латка.

Ад круглай бляшанкі, што ляжала воддалеч ад попелу — людзі ладзілі агонь — патыхаў смачны, прыцягальны пах, казытаў нос. Барсук ткнуўся пысай у раскрытую шчарбатую пашчу. Балюча апякло нос. Ён падскочыў, матлянуў галавой, і бляшанка яшчэ больш упілася ў скуру, сашчаміла сківіцы. І тады Паласацік злосна ўдарыў па ёй лапай і заенчыў ад болю — бляшанка разрэзала пысу.

Барсук пакаціўся на зямлю, не ведаючы, як утаймаваць боль. Чырвоныя буйныя кроплі падалі на траву.

Яго вочы набрынялі слязьмі. Усё бачылася невыразным і шэрым. Ён зашыўся пад парэчкавы куст і не выпаўзаў адтуль. Не сціхаў, дражніў водар таго смачнага ласунку, што так і не ўдалося паспытаць.

Ляжаў нерухома, прымружыўшы вочы. Здавалася, боль пачаў аціхаць. І тым не менш пакідаць схованку жадання не было.

Сонца ўжо асунулася за лес. Наваколле ахутвала шэрань. На траву нанізваліся важкія пацеркі расы.

Яго ўвагу прыцягнуў тупат чалавечых ног, і праз колькі хвілін ён убачыў таго, хто штодня хадзіў па лесе. У чалавека за спіной была смяротная маланка. Паласаціку помнілася тая далёкая вясна і выбух каля іх нары, калі не стала бацькі і маці. Бліскавіца маланкі і смярдзючы пах помніліся ўсё жыццё.

Чалавек пра нешта гаварыў, хаця ішоў адзін. Потым ён гучна выкрыкнуў, і гулкае рэха паскакала па гушчары.

Толькі як сцямнела, падаўся барсук дадому. Пысу трымаў высока ад зямлі — баяўся павярэдзіць рану.

Сны — белыя птушкі

Пасля трывожнага і нялёгкага дня Косціка Міхалапа ноччу не браў сон. Раз-пораз ён падбіваў падушку, варочаў яе, але ўсё роўна яна здавалася мулкай.

Ён глядзеў у шэрыя шыбы, аб якія церліся галінкі вішанніку, мусіў думаць пра нешта добрае і спакойнае, але сон усё роўна не ішоў да яго, уцякаў, бы дражніўся.

Паліна ўжо даўно дзесятыя сны бачыла — як лягла звечара на правы бок, адвярнуўшыся ад яго, так і не мяняла позы. А потым яшчэ і храпці пачала. Гэта таксама не давала заснуць, але стусянуць асцярожна яе пад бок, каб легла як інакш, не рашаўся — не хацеў перабіваць сон, ведама, хапіла і ёй за дзень.