Яна плакала і не выцірала слёз. То былі слёзы палёгкі, радасці і пакоры.
— Прысядзем?..
Ён кінуў пад ногі кіцель.
Зноў прытуліў, гарачыя жаночыя вусны чакалі пацалунка. Апяклі зноў, закружылі ў слодычнай завірусе, і абаіх невядомая і незямная сіла падняла вышэй дрэў, да воблакаў.
— Любая мая...
— Каханы...
Усплывала — і ў які раз! — да драбніц, тая апошняя, тры гады назад, спатканка ў лесе. Пэўна, Бог вывеў адно на адно, а можа, яна шапку-невідзімку дома забылася. Не раз пасля думаў: а мо і не было зусім тае сустрэчы ў яго абходзе, мо прымроілася яму ў час хваробы. Бо ні позіркам, ні намёкам не ўспамінала, што была ненарокам побач...
Калі спявалі другія ці трэція пеўні, Косцікавы думкі перакінуліся на іншае. Успомніў Рыжуху-вавёрку, якая днём кінулася прыезджым людзям пад ногі. Як усё роўна бараніла ад іх Барсучыны хутар. Як ён бярог барсукоў — яго клопат і сумленне. Перад імі не выкупіць віны за ўсё жыццё.
Сон змарыў пад раніцу.
Асаблівай любоўю хінуўся ляснік Міхалап да восені.
Ён любіў асабліва тую незвычайную пару, калі цвіло, шугала полымем бабіна лета, калі ападалі на зямлю першыя лісцяныя дажджы. Тады светлымі ўспамінамі прыляталі да яго лепшыя дні, і былі яны падобны на белых дзівосных птушак з павольным і спакойным узмахам дужых крылаў — не то лебедзяў, не то жораваў: дзюбы чырвоныя, ногі тонкія і доўгія, зробленыя з сонечных праменняў і нерушнага снегу...
Тыя птушкі прыляталі ў яго сны. І тады раніцай, прачнуўшыся, чуў, як падпірала пад грудзі шчымлівае прадчуванне чагосьці радаснага і шчаснага. Тыя сны прыходзілі да яго тады, калі набліжалася восень. Стракатая жаўцізна пачынала цешыць вока, і яму тады рабілася трывожна і мулка.
І Косцік на колькі дзён знікаў у абходзе.
Паліна заўважала: у такія дні з ім рабілася нешта неверагоднае — быў хмуры і вясёлы, шчаслівы, і адначасна выпірала вонкі горыч. А ён і сам сабе не мог вытлумачыць такога супярэчлівага настрою. Нешта бунтавала ў ім, мучыла душэўная смага — і ён не ведаў, чым і як наталіць яе.
Калі ж прыходзіў у свой абход, раскрываў далонь з крышанкамі хлеба — і да яго зляталіся палахлівыя сініцы і амялушкі, смела дзяўблі корм. Мог прасядзець у вужыным закутку, гледзячы, як яны поўзаюць па яго нагах і радуюцца дружбе з чалавекам. З аленем і алянухай упобачкі хадзіў, з рук карміў, і яны не ўцякалі ад яго. Толькі Паласацік не падпускаў яго да сябе. Міхалап ведаў чаму.
Стома да яго прыйшла пад вечар.
Але ён не пайшоў да Яркавага дуба, а спешна павярнуў на Адолькаў круг — прасторную лугавіну.
— Адпачывай, Клякса! — загадаў сучцы, падышоў да стога, сеў пад яго. — Паспеў. Добра, што паспеў... Ой як добра.
Па Палессі крочыла маладая восень.
Княжына апраналася ў свае лепшыя сукні.
І — пачалося — падалося яму, прымроілася, а мо і наяве прыйшлі да яго лепшыя сябры. Селі побач і маўчалі, як нечага чакалі. Бліжэй за ўсіх сядзела яна, Любі-трава.
Ад стога патыхала медуніцай, канюшынай і травой Кахання — Любі-травой. Слабыя промні лашчаць твар, а яму здаецца, то Вікця сваімі рукамі дакранаецца да яго, пяшчотна гладзіць, шэпча яму нешта...
У мроі да яго прыйшлі тыя, каго ён любіў і не ўяўляў без іх свайго жыцця. Паласаціка, Рыжуху, ласёў — Цара і Царыцу, вужыка — Сарамлівага, нават воўк — Рэцыдывіст — стаіўся каля явару, скасавурыўся на Кляксу, маўчыць. Модніца — гадзюка, на пні ляжыць, хвост звесіла, слухае цішыню.
Клыпаў некуды дзед Мікіта, убачыў іх, павярнуў, на хаду нешта расказвае, махае рукамі, а рукі ў гліне — бы ў карычневых пальчатках.
— Ты дзе гэта сабе такую кампанію, Мінавіч, падабраў? — хітра пытаецца Ладуцька, з цікавасцю аглядае ўсіх — Паласаціка пагладзіў, нават Сарамлівага ў рукі ўзяў, а вось Модніцу не асмеліўся — баіцца, пэўна, каб не пеканула.
— То ж мае сябры, дзеду... Я іх усіх люблю. Без іх і жыць цяжка.
Вікця пачырванела, адвярнулася, ведама, не хацела, каб убачыў яе тут Ладуцька — каля Косціка — што падумае? Узяла лугавыя кветкі, пачала вянок ладзіць.
Задраў высака ўгору рогі Цар — хацеў дацягнуцца да сакавітай асінавай кары. Модніца ўспаўзла на Косцікаву нагу, скруцілася шэрай вяроўчынай і заціхла, паглядаючы на лесніка.
— Пайду хіба ўжо я, — паднялася Вікця, абабіла рукамі рудую спадніцу — бы ў пылоце сядзела, а не на шаўковай чыстай траве, так ва ўсім, акуратная, разважлівая. — Бо мае каровы разбрыдуцца.
«Мусіць жа ёй перад дзедам Мікітам няёмка, таму і хлусіць пра кароў, — падумаў са шкадаваннем Міхалап, што яна пакідае яго. — Але чаго яна дзеда саромеецца — ён жа ўсё разумее, благога не падумае...»