— А калі тое праўда, дзед?
— От, калюх-калюха на два бокі і ўсторч, дык ты, выходзіць, хочаш забараніць і паляванне, і высечку лесу?
— Чаму? Ва ўсім павінен быць разумны пачатак. Каб чалавек з чыстым сэрцам і светлай душой прыходзіў у лес. Каб брудныя ногі выціраў перад уваходам у лясное царства. Лес — гэта царква, лес — гэта Бог. І адносіўся да лесу як да самога сябе. А мы ж нішчым яго, забываючыся, што пішчым саміх сябе...
— І з-за гэтага будзе благі канец, так? — дзед закашляўся, ударыў кулаком сябе ў грудзі, у пачырванелых вачах выступілі слёзы. — От, калюх-калюха, я і забыўся, што гліну для работы падрыхтаваў, загалуніўся я тут з табою. А размова нашая, Канстанцін Мінавіч, спадабалася. Як скончу ляпіць, зноў прыйду.
— Прыходзь, дзед Мікіта, я буду чакаць. Ды і не дагаварылі мы з табой.
— А і правільна, не дагаварылі. Іншым разам, бо ўсё і не перагаворыш адразу. Часу ўсё бракуе. Клопаты, каб на іх ліха. І на тым свеце, здаецца, ад іх не будзе паратунку.
Ладуцька пакрысе паклыпаў дадому. Не аглядваўся. Кіраваў у той бок, куды і Вікця пайшла. Па яе слядах лучыў — па роснай і высокай траве, якую вось-вось пачнуць касіць. Тады яна, сохнучы на сонцы, востра і церпка запахне, будзе дражніць і кружыць голаў. Зірнуў туды і Цар. Цаласацік не варушыўся, бы заснуў. Рыжуха скакала з галіны на галіну — мусіць, дамовілася з Кавалём і цяпер радавалася змове. Хітруння і свавольніца.
Нечага ўстрывожылася Клякса, загірчэла незадаволена і злосна — на яе зіркануў Рэцыдывіст.
— Ты чаго, дурная? — папытаўся ў яе Міхалап, пацягнуўся рукой, каб пагладзіць. — Што цябе напалохала?
Клякса пачала брахаць яшчэ мацней, трывожылася ўсё больш і больш, адступала да гаспадара. І калі наступіла на нагу, Косцік прыйшоў у сябе...
Не адразу ўцяміў, што адбывалася. Зніклі сябры, толькі Клякса засталася — брахала па незнаёмага сабаку, які стаяў воддалеч і паглядаў у іх бок.
— Сядзь, Клякса, супакойся, — загадаў ляснік і сеў, аглядваючыся па баках — ці не было каго больш паблізу. — От, воўчае мяса, не любіш ты суседзяў. Сядзь, ну!
Дадому яму ішлося лёгка, думалася весела. На душы было спакойна і хораша: такога ён і чакаў настрою, калі канчалася, адцвітала бабіна лета.
Клякса насілася па лесе, давала кругаля то з аднаго, то з другога боку дарогі.
Хораша было ёй побач з гаспадаром!
Вікця была ў думках, у мроях, у снах. Трызніў, жыў ёю, марыў будучым з ёю.
У адзін з вечароў, калі вёска рыхтавалася да выхаднога дня, калі Ладзікаў гармонік завярэдзіў сэрцы дзяўчат, накіраваўся Міхалап да Вікці, каб сказаць пра галоўнае.
Ад яго патыхала моцна адэкалонам, і вочы свяціліся ад узбуджанасці і шчаслівай сустрэчы.
Яна стаяла на ганку, расчэсвала мокрыя даўгія косы — толькі што памыла галаву. Косцік пачуў — пахлі рамонкамі і чаромхай, яго лесам і лугам.
— Вікця, я прыйшоў табе сёння сказаць...
— Позна, Косцік. Вельмі позна. Памянялася ўсё нечакана. Жонка я ўжо. Жамойдава жонка, ён, выходзіць, апярэдзіў.
ён узяў яе за плечы — Вікця ўздрыгнула.
— Жарты ў цябе. Не трэба так, Вікця. Я цябе ў жонкі выбраў. І даўно. Хіба не ведала?
— Ведала. Ну і што з таго? Але Жамойда сватоў вось-вось зашле.
— Прагані, чуеш? Праклінаць жа будзеш усё жыццё той дзень, калі за Жамойду пойдзеш. Хіба не ведаеш сама?
— Позна. Я сказала.
Жаданая і прыгожая, налітая сокам жыццядайнасці, якую кахаў больш за ўсіх на свеце, раптоўна стала халоднай і непрыступнай. Чужой і далёкай. Недасягальнай, як вячэрняя зорка, якую ён штодня бачыць у акне.
Вікця заплакала, нічога больш не гаворачы. Глядзела некуды ў засмужаную далеч Княжына — яго абходу — і маўклівасцю сваёй праганяла яго ад сябе...
І яшчэ раз, пазаўтра, прыходзіў ён да яе.
Той жа адказ. Гаварыла груба, як ніколі не ведала яго ці ўбачыла ў ім ворага.
Сярод ночы, амаль пад раніцу, пастукаў у вокны. Папрасіў выйсці на вуліцу. Не выйшла. Ні слова не сказала.
Зразумеў нешта, сэрцам адчуў, што яго намаганні і мары пра Вікцю марныя, што сам у нечым вінаваты, нешта зрабіў не так, прамарудзіў, а ў гэты час нешта здарылася страшнае і непапраўнае...
На наступную суботу, пасля танцаў каля Ладзіка, праводзіў дадому сваю суседку Паліну. Не прыгажуню, твар у рабацінні, расточку невялікага, але ж і не ўломак. У вачах смяшынкі. Каля веснікаў абняў за плечы, вясёла загаварыў, сам сябе падбадзёрваў:
— Даўно прыглядаюся, суседачка, да цябе, зразумець усё не магу — калі ж ты расцвіла так, занявесцілася?
— А не скажу, назло не скажу, — какетнічала дзяўчына, не прыдаючы значэння балабольству Косціка, нават пасміхалася з яго заляцання.