Выбрать главу

— Што ты мне тут натацыі чытаеш! — твар Жамойды пачаў палівацца ліловасцю, асабліва карак — дакраніся сярнічкай, і загарыцца. — Ты кажы прама — будзеш граць ці не? Тады другіх шукаць буду. За такія грошы...

— А во табе, а не музыку, — паднёс Ладзік яму пад нос складзеную дулю.

— Ну-уу, ты!..

— Дугу гну, — падхапіў Ладзік, нахмурыўся, у яго вачах забегалі помслівыя агеньчыкі, за малаток хапіўся — вось-вось гваздане ім па цемечку з маленькай лысінкай. — З-за цябе мая жонка на той свет пайшла, з-за цябе цётка Ахрэміха ў турме... Не, Жмонда, няма ў цябе душы. І сэрца таксама.

Казімір стаў як хмара, набычыўся, бровы ссунуў над вачмі — мог бы, дык спапяліў бы Жменьку, растаптаў бы.

— Людзі помняць, як ты лататы даў дадому, не памогшы параненым хлопцам. І куды прыбег — прама ў паліцаі, да немцаў падаўся.

— Ты... ты гэтага не чапай! — Жамойда рвануў каўнер кіцеля, порстка павярнуўся і, грукаючы важка наваксаванымі ботамі, падышоў да дзвярэй. — Не чапай, таго, чуеш? Што было, тое сплыло.

— Сплыло, хм...— Жменька пахітаў галавой.— Сплывае гаўно... А твае чорныя справы людзі помняць і не забудуць. Вон, паршывец, з хаты! Бо заб'ю цябе тут, на сваім парозе. Во-оон!..

Жамойда выкульнуўся за парог, моўчкі і цішком выбег з двара на вуліцу. Праклінаў сябе, што прыплёўся да Ладзіка. Думаў, што на вялікія грошы клюне...

У той жа дзень падаўся ён у раённы цэнтр — шукаць музыкаў.

А Паліна расцвіла нібы кветка ў сваёй прыгажосці — усё усміхалася пяшчотна Косціку, хінулася да яго. Не пазнавалі спрымачоўцы яе — зардзелася, бы спелая вішня, не хадзіла, а лётала ад шчасця.

— Палашка-мурашка мая, — гладзіў па косах, дыхаў у цёплую шыю, — не пазнаць цябе, нейкая іншая стала, на ранейшую непадобная.

— Горшай зрабілася? — яна гарэзліва прыкусіла язык, чакала, што адкажа.

— Не, ты ўся свецішся ад шчасця.

— Як шкло?

— Не, як неба. Такой ты не была.

— Так, Косцік, не была. А цяпер заўжды такой буду. Для цябе буду. Бо кахаю цябе. І так даўно, і так моцна, што ты і сам не ведаеш...

Ён мацней туліў яе да сябе, адганяў няпрошаныя думкі, што лезлі ў галаву і не давалі спакою.

— Добра, мая мурашка, і я цябе кахаю... Мы будзем шчаслівыя, я веру ў тое.

— І будзеш думаць толькі пра мяне, так? — з непрыхаванай трывогай папыталася яна і адвярнулася, заплюшчыла вочы — апамяталася, спужалася, што не тыя словы сказала, выдала сваю трывогу, губу прыкусіла — моцна, да крыві. Твар у плячо яму схавала, каб не бачыў яе вінаватасці.

— Цяпер у нас адна сцежка на дваіх.

Пра сябе ж падумаў: «Цяпер толькі пра цябе... І грэх будзе думаць пра Вікцю, грэх. Вырву яе з коранем са сваёй душы».

Плылі па небе белыя, бы ашмоцце ваты, аблокі. Вецер гнаў іх на захад — бы пастух падганяў авечую атару-

Ён не адымаў рукі ад Палашчыных кос, глядзеў задумліва на аблокі і верыў, што ў заўтрашнім дні ў яго будзе добра і суладна.

З-за лесу, з-за Княжына, высака ў празрыстым небе, равучы маторамі, ляцелі сваім курсам самалёты. Гул набліжаўся, мацнеў...

Ён сабраўся ў камяк, натруціўся, у яго анямелі рукі і ногі. Паліна адчула яго здранцвенне, укленчыла побач, зазірнула ў растрывожаныя і поўныя сполаху вочы, страсянула за плечы:

— Што з табой, Косцік?!

Ён доўга не адказваў, выдыхнуў з сябе паветра, прамовіў глуха:

— Нічога, Палашка, нічога, то я так... Юнкерсы, маць іх...

— Табе холадна — дрыжыш увесь?

— Не, душна. Хутка пройдзе.

Яго біла ліхаманка. Зноў кідала вобземлю, укрывала ўспоратай разрывамі бомб зямлёю — страх прымушаў сціснуцца сэрца ў трапяткі камячок, з горла восьвось вырвецца немы крык... ён сіліўся вырвацца з таго пекла, адпіхваў ад сябе Палашку, нешта шэптам крычаў, прасіў, пагражаў...

— То не юнкерсы, Косцік, то нашы лётчыкі, — гаварыла яна, сціскаючы за плячо. — То вучэнні ў іх...

Яна ведала, што нямецкія самалёты на пачатку вайны пад Рагачовам разбамбілі эшалон з навабранцамі.

Сярод іх былі Міхалап і Жамойда.

Ладзік быў старэйшы за Міхалапа. Не сказаць, каб і на многа, але ж. Ладзік пасля таго жудаснага дня пад Рагачовам прыбіўся да акружэнцаў і разам і імі выходзіў з пасткі. А потым дабіраўся, як і Косцік, да сваіх.

Так ужо выйшла, што Ладзік увесь час апекаваў Міхалапа — хадзіў з ім на заданні, спалі побач. Клапаціўся, як аб малодшым браце. І не з-за таго, што былі суседзямі. І не па той прычыне, што бацькі да сябе Лёніка ўзялі, як не стала Анюты. Проста лічыў Жменька сваім абавязкам быць з ім побач.