Выбрать главу

Пачалося балотца. Зачаўкала, захлюпала вада з тванню.

— Не лянуйся, Ёршык, паехалі, — махнуў пугай Жменька.

Патыхала гнілым ламаччам, застаялай вадой. Стромкія алешыны — без аніводнай галінкі да вільчыка, густа раслі па ўзболатку. Кожную аплёў дзікі хмель, і ён церпка ўплятаўся ў лясны настой.

— Хлопчыкі, а мо яшчэ па грамчыку? — падвесялелымі вачыма паглядзеў Міхал на Ладзіка, потым на Ерамея.

— Хопіць, — строга і непрыступна адказаў, не аглядваючыся, — яшчэ вяселле не пачалося, а мы цёпленькімі прыедзем.

— Ну, не — дэк не, — адразу і згадзіўся Міхал, — але ж сёння дзень такі ў нас — весяліся, колькі ўлезе.

— Во-во, весяліся, а не прыкладвайся. Калі ж ты занадта вясёлым за скрыпку возьмешся, то невядома што і выйдзе з твайго грання... — паўшчуваў дзед, але яго тут жа, узарваўшыся, перабіў нецярплівы Міхал, акругліўшы пакрыўджана вочы: — Невядома, што выйдзе?! Ерамей Арыстархавіч, ці ты гэта гаворыш?

— У Косціка пасля спытаеш — добра было ці не.

— А я і пытацца не буду. Бо кепска ніколі не іграў.

Ладзік маўкліва ўсміхаўся, бо ведаў, што Ерамей проста хоча падзавесці Міхала — любіў стары пасмяяцца над чалавечай слабасцю. А Міхал мог «завесціся», як кажуць, з паўабарота.

— Як сказаць — для каго добра, а для каго... Месяц назад іграў разам са мною. Сыграў толькі раз ці два, а пасля напіўся так, што і разбудзіць не маглі.

— ...Хто н-напіўся? Я?! Ну, напіўся, але з-за чаго, ты ведаеш? Га, ведаеш? — крануў Міхал старога за плячо, да сябе павярнуў — успрыняў усё сур'ёзна, а таму і пачаў заікацца. — У мяне ж тады п-палец нарваў левы, бо стрэмку пад пазур загнаў. Я ж н-ніводнага гуку не мог правільна ўзяць. Ад таго і напіўся. Ад злосці, дзед, напіўся, а ты... Эх ты, дзед... — ён схіліў пакрыўджана галаву, як плакаў усё роўна ад крыўды.

Конь вывозіў іх ужо на сухое. Пад гару пайшоў весялей, спяшаўся да светлага прагалка, што свяціўся наперадзе. Як з падзямелля выехалі на святло — усе зажмурыліся.

— А Косцік баяўся, што дождж можа паліць, — гучна крыкнуў Ладзік. — Не палье — бабіна лета на дварэ, багач — залатая вяршыня восені...

— Залатая!

Паездка весяліла, хацелася блазнаваць, дурэць.

— Цяпер-то хоць нічога ў цябе не апухла? — не адставаў Ерамей.

— Нічога, а што?

— Мы ж з табой даўно рэпеціравалі — давай папробуем.

— Давай! — радасна адгукнуўся на прапанову Клімаш, пачаў адкрываць футарал са скрыпкай. — Эх, шкада, ёлкі зялёныя, гармоніка няма, мы б урэзалі!

— Як гэта няма? — павярнуўся да іх Ладзік, дастаў з сена гармонік, загорнуты ў фуфайку. — А ета што?

— Эге-ге, жывем! — крыкнуў на ўвесь лес Міхал, ляпнуў дзеда па плячы, той аж пахіснуўся. — Жывём, ядры яго корань!

Весела пераглянуліся, мірганулі адзін аднаму, як рашаліся на нешта значнае і тайнае.

— Вы пачакайце, я трошкі скрыпку навяду, — папрасіў Міхал, правёў смычком, падкруціў струны. — Даўно, халера, не браўся за яе — ад вяселля.

— Гатоў?

— Гатоў!..

Яны ўжо выехалі на бальшак — шырокі і прасторны. Гудзелі аднастайна і нудна тэлеграфныя слупы — як скардзіліся на што.

На дратах сядзелі ўроссып вераб'і — як ноты на нотнай лінейцы, чырыкалі свае песні на асеннім сонцы.

Да ездакоў данесліся слабыя гукі бомаў. Нікога не было бачна, але голас званочкаў — шамкоў — набліжаўся, званчэў. Ужо чуліся ззаду і вясёлыя галасы, нехта «нокаў», падганяў коней, а пасля і ўбачылі іх — вынырнулі ззаду, з-за павароткі, кідаліся ў вочы расквечаныя коні і дугі. Адзін вазок, другі...

— Во, гэтага нам яшчэ не хапала, — нахмурыўся Жменька, зіркаючы ў іх бок. — Ад бацюшкі Жамойды едуць — вянчаліся.

Вясельны картэж няўмольна набліжаўся да іх — .шамкі звінелі звонка і залівіста. На першым возе сядзелі Жамойда і ў белым вэлюме Вікця — строгая і на сябе чамусьці непадобная.

— Дарогу! Эй, дарогу-ууу! — крыкнуў, стоячы на возе, невядомы дзяцюк, махнуў доўгай пугай, нацягнуў цуглі так, што ў коней з храп паказалася белая пена.

— Эн, дарогу! Эге-ге! — падняўся ўжо і Жамойда, закрычаў незадаволена грамавым голасам, — не бачыце, вяселле едзе!

і тут Ладзік міргануў сваім сябрам, ірвануў на грудзях гармонік, як не разарваў яго, кіўком галавы загадаў:

— І-іі-ах!..

— ... ах! — падтрымалі яго музыкі акордам.

Першы акорд прагучэў як выбух няйначай, бо коні, што амаль дацягваліся пысамі да іх воза, спудзіліся, галовы задралі, на заднія ногі сталі, заржалі пранізліва і з пагрозай. Запынілі задніх, якія напіралі, не маглі стрымацца.