Картэж пакрысе пачаў аб'язджаць іх, воз нахіліўся над канавай — вось-вось перакуліцца...
Закрычала ад страху Вікця, за Жамойду хапілася, ратавалася, шырака і спалохана раскрыла вочы — левыя калёсы адарваліся ад зямлі...
Музыкі ігралі бадзёры кракавяк. Ігралі зладжана, злосна і адчайна, як ніколі і нідзе не ігралі. Бадзёра, з нейкай зухаватай помстай, часцей і часцей — як быццам кідалі дробныя і калючыя каменьчыкі ў вясельнікаў. Музыкі назіралі і ўсміхаліся, бралі яшчэ большы тэмп, а высозныя меднаствольныя сосны, бы царкоўныя званы, панеслі музыку па Княжыне, паднялі яе над лесам — і паляцела, паскакала яна свавольным пругкім мячом па вершалінах Дрэў: усё вышай і вышай, далей, набіраючы сілу і моц...
Нахмурыўся ад такой абразы Жамойда, з размаху ўдарыў пугаўём па конях — раз, другі, стараўся хутчэй адарвацца ад Ладзікавай кампаніі.
Вікця старалася не глядзець на музыкаў. Яна раней за Жамойду адчула, што яны смяюцца над імі, здзекуюцца, рагочуць па ўвесь лес, помсцяць за нешта...
— Дарогу! — крыкнуў з другога воза таўсматы чалавек, перавязаны вясельным ручніком — пэўна, быў за свата.
І яго ніхто не паслухаў. Ён гэтак жа махаў пугай, і кончык сырыцы балюча пекануў Ладзіка па шыі. Жменька мацюкнуўся, злосна зіркануў услед, але не адрываўся ад гармоніка.
— Эй, вы! — крыкнулі з трэцяга воза, але і той голас захліпнуўся і патануў у гуках бомаў і музыкі.
І яны аб'ехалі іх, ледзьве не скаціўшыся ў канаву.
Пад ветрам развяваліся стужкі, звінелі шамкі, іржалі коні, але гучныя акорды глушылі ўсе гукі, падміналі пад сябе, ляцелі вольна і ўзнёсла па Княжыце.
Колькі Ладзік ні сцябаў пугай па Ёршыку, той не меў асаблівай ахвоты даганяць вясельны картэж — перайшоў на лянівы крок.
— Ледзьве пад адкос не спусцілі, як у партызанку эшалон нямецкі, — заўсміхаўся Клімаш, глядзеў задаволена ўслед жамойдаўцам. — Запомняць яны наш кракавяк.
— Запомняць.
— А вочы ў Вікці, ніколі такіх не бачыў — спалоханыя, злыя... На што рашылася?
— І я тое заўважыў, — згадзіўся Ладзік, кладучы пад ногі гармонік.
Вясельныя людзі аддаляліся ад іх, галасы цішэлі, а пасля і зусім замоўклі.
Да сталоў не хапіла дзвюх лавак, і Косцік пайшоў да Ладзіка — узяў на гарышчы дзве дошкі. Як злазіў па драбіне, учуў гукі далёкай музыкі. Яна адразу аціхла, і ён падумаў, што тое ўсё яму падалося.
Ідучы дадому, ужо выбраўшыся на вуліцу, зноў да слыху даляцела мелодыя гармоніка, бубен чуўся — як хто Ладзіку нехта памагаў.
Ужо як падыходзіў да сваіх веснікаў, выразна пачуў перазвон медзі і адразу пра ўсё здагадаўся. І як прырос да зямлі, не мог скрануцца. Так і стаяў, забыўшыся перакінуць праз плот тыя дошкі — як прыраслі да ягоных рук.
А бомы ўсё набліжаліся і званчэлі, выразней чуліся перазвоны — яны заглушалі музыку, якая чулася перад гэтым. Паказалася з-за павароткі першая тройка — расквечаная, вясельная, — імчалася, што было моцы, набліжалася да Косціка — галопам неслася акурат на яго.
Яму б саступіць, нырнуць у веснікі, схавацца ад
сораму, але як на тое ногі не краталіся з месца — як прыклеіліся да цёплай зямлі, прысмакталіся падэшвамі...
Ён пачуў ужо і задзірысты, п'янаваты голас — ведай нашых! — паганятага, а пасля, як убачыў Вікцю, пахаладзела ўсё ў грудзях, як лёду наеўся, а твар як хто кіпнем абдаў — гарэў у агні...
Нявеста была ва ўсім белым, толькі вочы... Вочы з няўмольным жахам глядзелі на яго, бы прасілі літасці, бы малілі пра нешта.
— Но, вараныя! — размахваў папліскай паганяты, зухавата ссунуўшы на патыліцу кепку з тоўстым брылём. — Но-ооо! Вяселле едзе, дарогу!
Ён хацеў адвярнуцца, каб і не глядзець у той бок, але нешта працівілася ў ім — глядзеў адкрыта і з нянавісцю, сціскаў ад крыўды зубы, аж да болю.
Жамойда знарок хіліўся да нявесты ўсё бліжэй і бліжэй, аблапіў рукамі, цалаваў. Рагатаў, размахваў рукамі. Пэўна ж, назло яму, Косціку.
— Давай, Лявон, гані вараных! Няхай усе бачаць, хто жэніцца! — крычаў п'яным голасам Жамойда і абдымаў, туліў да сябе Вікцю Альшанскую.
Косцік ужо нічога не заўважаў вакол — як што засланіла яму белы свет, як хто шэрую паляндру накінуў на вочы, — толькі яна, Вікторыя Альшанская, Любітрава, стаяла ў вачах. За кароткі час ён паспеў узненавідзець яе, праклясці, змірыцца з горычнай думкай, што не кахала яна яго, таму і пайшла за Жамойду, фінагента.
Яны пранесліся паўз яго як шалёны вецер-ураган. Пасля іх густа ўзнялася пылота, і Косцік патануў у ёй, не могучы выратавацца. Не мог і засланіцца — занятыя былі рукі. Толькі зажмурыўся, адвярнуўшыся ад дарогі.
Такой і запомнілася яму Вікця перад вяселлем — у белым вэлюме, зніякавелая і разгубленая, найбольш вочы — такога позірку ён не помніў ні да гэтага, ні пасля. Яна як быццам баранілася ад некага ці нечага, бо ў апошні момант, калі параўнялася з ім, бездапаможна і з нейкім адчаем далоньмі закрыла пунсовы твар і, падалося, закрычала.