— Дзякуй табе за пацеркі. Я іх буду насіць усё жыццё.
— Я купіў яшчэ і пярсцёнак. Як вернешся дадому, надзену на палец — і...
Яна закрыла твар рукамі.
...Амаль год праляжала Вікця Альшанская ў раённай бальніцы.
Тады не было на душы асаблівых трывог і клопатаў. Жамойда пасля нядоўгай адсідкі вярнуўся ў Спрымачоў. Адразу атрымаў пасаду — праз каго, ніхто не ведаў.
Ён хадзіў па вёсцы важна і з гонарам, выставіўшы грудзі, у сваім заўсёдным строгім парадным касцюме — галіфэ і кіцелі. Падпярэзваўся шырокай вайсковай папругай на дзве дзірачкі. Фуражка круглая, высокая, з такім жа зялёным, як і ўсё, брылём. Сталін, дый годзе. Вусоў толькі не хапала.
Насіў заўсёды пашэрпаны скураны партфель. Хромавай былі заўсёды наглянцаваны — насіў пры сабе аксамітку.
Працаваў Казімір фінагентам.
За вочы яго ненавідзелі, жанчыны слалі ўслед праклёны. І было за што.
Аднойчы ён пастукаў у дзверы Альшанскіх. Са скуранога паліто сцякалі дажджавыя кроплі, ён зняў фуражку і атрос на парог.
— Добрага вам дня! — прамовіў гучна і весела, паклаў на лаўку партфель з бліскучымі спражкамі. — От жа і лье на вуліцы — як з вядра.
Глянуўшы на свае хромавікі, падаўся зноў да парога — выцер падэшвы аб падасланую анучыну. Адкрываць партфель не спяшаўся, адцягваў тую хвіліну, дзеля якой і завітаў.
— А вашая дачка, цётка Анэта, прыгажэе з кожным днём, — усміхаўся, беручыся за партфель, фінагент. — Замуж ёй пара.
— Праўда, галубец, пара. Ды як падумаеш, дэк яно...
Старая гаварыла, сама не ведаючы што, бо не разумела — ці падтакваць яму, ці пярэчыць. Вікця ўжо села каля акна — перашывала для сябе матчыну сукню.
— Так, цётка Анэта, — цокнуў Жамойда языком, пра нешта задумаўся. — У вас дзесяць яблынь, тры ігрушы. Трое курэй. Кабанчыкаў два ці адзін? Адзін.
— Адзін, галубец, адзін, — зніякавела жанчына, ведаючы, што ў яе і яблынь больш, і курэй.
— А сотак?.. Так, ага...
— Вікця, а Вікця, — маці зразумела, што трэба рабіць у такім выпадку. — У нас госць. Здарожыўся, мусіць. А ты сядзіш...
Гэтыя словы фінагент прапусціў міма вушэй, як і не чуў, перагортваў бланкі, паперы з пячаткамі, удакладняў, пісаў. Дзяўчына моўчкі паднялася, паглядзела на маці — з дакорам, пайшла да печы. Паклала на патэльню кавалак здору, разбіла некалькі яек, напражыла яечні. Са скрыні дастала пляшку, заторкнутую газетай, паставіла на стол.
— Я не буду ўказваць, цётка Анэта, але вы схавайце так, каб ніхто не бачыў.
— Добра, галубец, спасібаваць табе, Казе. Не ведаю, што б і рабілі, каб не ты.
— Нічога, усе мы людзі, — шматзначна праказаў госць, глытнуўшы сліну — пахі дражнілі, расцвельвалі душу. — І трэба жыць па-людску. Ведаю, як вам цяжка без Адама. А ён харошы чалавек быў. Разам з ім у партызанскі атрад ездзілі ў вайну, ён пацвердзіў, што я памагаў партызанам. Таму і не судзілі строга.
— Важко, ох як важко, галубец, — заўздыхала старая, божкаючы, радуючыся, што Жамойда спіша нядоімкі.
Ведала Вікця, што фінагент набіваў сабе цану. Не без яго помачы Кацярыну Ахрэмаву пасля вайны ў турму загналі. Заўважылі людзі, што ён не раз заходзіў у НКУС. А чаго да іх такі ласкавы, трохі здагадвалася, але хацела, каб здагадка не пацвердзілася.
Госць піў і еў, нахвальваў яду, Вікцю. А потым падняўся, пачаў развітвацца. Вікця выйшла следам, каб зачыніць дзверы, ён нечакана схапіў яе ў сенцах у абдымкі, не паспела і апамятацца, як упіўся вужакай у яе губы... Хацела крыкнуць, каб пусціў, але ён мацней прыціскаў да сябе — аж трашчалі, здаецца, косці.
Гэтак жа нечакана і адхіснуўся ад яе, быццам баяўся, што кінецца коршакам на яго — пераступіў шчарбаты парог і хутка, прыгнуўшыся, зладзеявата пасунуўся да веснічак.
Вечарам завітаў Косцік. Заўважыў у позірку нейкі сполах, насцярожынку. Паўжартам, паўсур'ёзна заўважыў:
— Штосьці часта, гэта самае, да вас Жамойда прыблэндваецца. Унадзіўся, як казёл у капусту.
— Дабраным прыкідваецца — налог змяншае.
— Чаго ж так?
— З-за бацькі, кажа. Памог быццам яму пазбегнуць вялікай судзімасці.
— А мо ён цябе шкадуе, га? — нахмурыўся Міхалап — правяраў сваю трывогу. — Я не хачу, каб да вас прыходзіў гэты паліцай.
— І я не хачу, — у вачах дзяўчыны стаялі слёзы. — Як забараніць яму? Да ўсіх ходзіць.
Ён маўкліва знайшоў яе руку, надзеў на палец пярсцёнак, сказаў усхвалявана:
— Вось так. Цяпер ты мая. Назаўсёды.
Аднойчы, калі Анэта пайшла на другі канец Спрымачова, прысунуўся прыцемкам Жамойда. Вікця акурат засынала, лежачы ў ложку. Не надала значэння грукату ў сенцах — думала, што маці так хутка вярнулася.