Выбрать главу

— То шчасцейка табе, унучак, і Палінцы тваёй: я сёння за вас чарачку вып'ю.

Косцік абняў старую, падзякаваў. Бабку ён любіў, часта да яе ў госці бегаў, частавала яго сушанымі грушкамі ды гарбузікамі.

Прыйшоў ляснічы Карабкоў з жонкаю Наталляй Мікалаеўнай — паўнагрудай жанчынай, спакойнай і спагадлівай. Працавала яна на спрымачоўскім ФАПе — фельчарскім пункце. Была Наталля ў шэра-карычневай сукні, паверх — такога ж колеру пінжак з плечыкамі. Спрымачоўцы фельчарку любілі, як і бабку, — ішла да хворага ў любы час.

— Прыходзьце, сядайце, Андрэй Мартынавіч, — зазапрасіў Міна, правёўшы да сталоў.

Прыплёўся аднекуль у двор дзядок — згорблены, паўсляпы ды ў дадатак яшчэ і глухі. Папыталіся, адкуль і куды ішоў. Рукамі замахаў, захрыпеў, паказаў, што сюды ішоў, на вяселле, а сам здалёку...

Старому вынеслі чарку, закускі рознай, каб адчапіцца ад яго хутчэй, каб не замінаў вяселлю. Але ён нічога не ўзяў, галавой пакруціў адмоўна. Адзенне ў яго зрэбнае, лапці на нагах, а зарос так, што, пэўна, ніколі не стрыгся і не галіўся — барада да каленяў.

— Давай, дзядуля, у нашу кампанію! — крыкнуў на вуха Ладзік, чубам страсянуў, дзеда узяў пад руку. — Месца ў нас усім хопіць.

Заківаў радасна барадач галавой, на брамку пачаў паказваць, прасіў нешта прынесці.

— Ты з падарункам, дзед?

Вясёлы дзед, занадта вясёлы. Ладзік за веснікамі ўбачыў вялізны кошык з нейкім грузам — накрыты чыстым абрусам. Ледзьве падняў яго, прынёс і паставіў каля ганка.

— Ты што, дзед, зямлі прыпёр ці цэглы маладым на хату?

Усе, хто стаяў побач, цікаўна зазірнулі ў кошык. Жменька дастаў чатыры круглыя боханы хлеба — ляжалі зверху. Тырчала некалькі бутэлек — гарэлкі і віна. А ў цэнтры было нешта важкае, загорнутае ў шэрую адзежыну.

Калі ж Ладзік разгарнуў дзяружку, усе ўбачылі гліняную скульптурку хлопца і дзяўчыны: яны сядзелі, абняўшыся. Дзяўчына трымала кветку, хлопец — дубовы ліст.

— Дык то ж Косцік і Паліна! — першым здагадаўся Карабкоў.

Ладзік узяў абпаленую гліну ў рукі:

— Хто б то мог зрабіць? Няйначай, Ладуцька. Дзед, дзе ўзяў гэта?

— Украў! — крыкнуў стары і тут жа імгненна садраў з сябе і доўгую бараду, і парык, вочы зрабіў відушчымі. Усе аслупянелі — перад імі стаяў Мікіта Ладуцька. — Што раты паразяўлялі? Косцік, гэта табе мой падаруначак — каб жылі шчасліва і ў згодзе.

Пасля кароткага маўчання і здзіўлення пачуўся рогат.

— Ну і дзед, во ўмачыў, — браўся за жывот Ладзік і трос кучаравым чубам, — і самому ўбачыцца можна.

Доўга не сціхаў смех пасля дзедавага штукарства...

Пакрысе збіраліся людзі. Прыбегла ўжо і Марфа Чыканова — расчырванелая, у квяцістай сукенцы. За ёю цётка Анэля, паштарка, былая нявестка бабы Настазі, і сын яе Янік.

Болюсь з Палівіхай апошнімі прыцягнуліся. У Болюся забілі немцы жонку, у Броні Палівы — мужа, каваля Антона. З'ядналіся ў адну сям'ю. Дзяцей аб'ядналі...

Прыйшла Арэна — удава. Ідучы на вайну, Вінцэсь Капылоў пакінуў яе з трохмесячным Міхаськам. Прапаў без вестак. Убачыла жанчына Ладзіка, прыветна заўсміхалася, галавой хітнула.

Жыла Арэна наводшыбе вёскі. Жанчына была яна мяккая, дабрачая. Калі хто прыязджаў ці заходзіў да яе, пакідала начаваць. Голас мела ціхі, грудны. Пад паркалёвай кофтай важка калыхаліся поўныя грудзі. На нішчымніцы жыла, а ўсё ў яе было на месцы.

Не магла ніяк выбрацца з беднасці. А ўсё ад яе непрактычнасці. Не ўмела яна весці гаспадарку, не ўмела эканоміць і ашчаджаць. Есць грошы — усе пусціць на што-небудзь. А калі яны пільна трэба, то і капейчыны за душой не мела. Шкадавалі яе людзі. За вайну шкадавалі: пяклі для партызан хлеб і ў яе хаце. Бобікі данеслі немцам, казалі, быццам Жамойда і данёс. Немцы білі жанчыну, з падлогі падняцца не магла. Уся сіняя была, але не сказала, для каго хлеб пяклі і хто забіраў яго. Сказала, што сама ў печ лягала — прастуду выганяла.

Ад Арэнкі хлеб забіраў Жменька. Пад раніцу прыйшоў да яе, яшчэ і не развіднела. Пастукаўся ціха ў акно.

— Ці ёсць што забраць? — ён ненарокам натыкаецца на гарачае цела маладой жанчыны — яна аж апякла яго.

— Есць, Ладзе, заходзь, — вочы зазыўна гараць у цемры. — Чаго доўга не прыходзіў? Я счакалася ўся — што стукне, а я калачуся, думаю, што немцы...

— Не мог раней, бобікаў поўна за вёскай — некага ловяць.

Ладзік склаў круглыя боханы ў мяшок, затоена прыслухаўся да наваколля.

— Пара мне, Арэнка...

— Пабудзь якую гадзінку, Ладзічак. Я так засумавала па табе. Не ўзяў у жонкі, пабудзь хоць хвілінку маім мужам. Не магу я трываць, разрываюся ўся. Агонь мяне спакуслівы пячэ — з нейкага дурнога цеста я злеплена. Гора з-за гэтага не абяруся. Ладзе, а Ладзе, чуеш, у мяне пярыны цёплыя, і я не лёд...