Жменька не ведаў, што адказаць. Пад ровам чакаў Косцік, кожная секунда пагражае нечаканасцю. А гарачая рука абвівае яго шыю, дотык пранізвае яго дрыготкім токам...
Памагалі ёй людзі. У каго апаросіцца свіння, то самага няўклюднага, якому і цыцкі не хапіла, аддавалі ёй. І яна была радая без меры — восенню як-ніяк, а і ў яе свежына ў хаце балявала.
Аддаваў ёй і Жменька. І здаровага даваў, ды Арэнка ўсё роўна не магла выкарміць як след.
Шкадаваў ён Арэнку па-свойму...
Іграў, а на яе зіркаў, не-не ды і міргане ёй, паабяцае — і заходзіцца жанчына чырванню, адвернецца з патаемнай надзеяй.
Першаму слова далі ляснічаму — як ганароваму госцю. Як мясцоваму начальству. Жамойда запрашаў яго да сябе, замежнымі каньякамі абяцаў пачаставаць, ды адмовіўся ляснічы, сказаў, што «княжацкую» любіць — якую, значыць, гналі ў Княжыце.
— За маладых вып'ем! За новую сям'ю лесніка. Каб і дзеткі ў іх, як дубкі ў Конікавым абходзе, выраслі. Горка!
— Горка!
Выпілі ўжо і па другой, і па трэцяй, ужо ўтаймавалася і нецярплівае чаканне, акурат настаў той час, калі .льга было адарвацца ад стала. І пачулася людская гамана. Спачатку слова-два, а потым пайшло-паехала: нібы пчаліны вулей прачнуўся-растрывожыўся.
Круцілася за сталом Маланчыха, найбольш і вылучаўся яе голас. Яна паспявала расказваць і падаваць свайму Савосю, бы малому,— то скрылік сала, то аладак, і пра сябе не забывалася: то лыжку чарнічнага кісялю ўхопіць, то ялавічыны ўкусіць.
І — хочаш не хочаш — набягалі няпрошаныя думкі пра вайну. Кожнаму спрымачоўцу яна метку паставіла. Дзед Ерамей Жменьку напомніў, як яны ў далёкую вёску па харчы дабіраліся, а вёскі той і не было — спалілі.
— То ж мая дачка расказвала — Тэкля, — Маланчыха ўздыхнула, абвяла людзей позіркам — ці слухалі, — мо і не тут, на вяселлі, кажучы пра тое... Гэна яе я да цёткі паслала ў Буду-Казіміраўскую, каб солі жменечку расстаралася. На, кажу, доню, ім цукерачак-падушачак занясі, мо мучаюцца без салодкага. Прыбегла неяк хутка назад — ні жывая ні мёртвая, слова вымавіць не можа. «Мамо, ой, мамо, кажа, што я бачыла...» І сама плача, аж заходзіцца, як памірае сядно. Да смерці я перапужалася за яе, дзіцёнак жа яшчэ. Аж толькі праз тыжджэнь апавядала... «Мамка, я прыйшла, а ў вёсцы ціха-ціха. Хаты ўсе чыста спаленыя. І людзей, мамко, няма. Я адчыніла, — кажа, — вароты хлява насцеж, ажно гляджу — людзі стаяць. Стаяць і маўчаць. І цётка Ядзя, і цётка Еўка з дзіцёначкам на руках. Уліта Ладуцькава з дзецьмі стаіць, за рукі пабраўшыся. У Еўкі дзіцё ў белыя пялюшкі загорнутае. Я, — кажа дачка, — падыходжу да яе, кажу, што маці да вас паслала, во цукеркі дзецям перадала. А яны ўсе маўчаць, усе паверх маёй галавы некуды ўдалеч паглядаюць. Я дакранулася асцярожна да пялюшкі, і раптоўна ўсе людзі... людзі попелам... асунуліся на зямлю. Тут былі, усе стаялі, і ўраз няма іх, толькі жменечка попелу...» Закрычала дачка і зайшлася ў плачы, са страху і перапуду дадому пабегла. І вось яны, нябожчыкі, кажынную ночку ёй сняцца. Гаворыць, што цётка Еўка сніцца і дзіцяняты малое на руках. І не маўчыць, а паратунку просіць. А я ж, людцы добрыя, кляну сябе, кляну, што паслала яе... Ой, божачка ты мой, хапіла горачка, усім хапіла...
Стала ціха-ціха. Маланчыха крутанула галавой, зноў забожкала, злева Ладуцьку ўбачыла. І жахнулася — зусім з галавы вылецела, што ён побач сядзеў. З твару змяніўся — пекануў, ведама ж, напамінак пра трагедыю ў Будзе. Ну што з бабы неразумнай возьмеш, спачатку языком, а пасля ўжо розумам.
— Ты чаго гэта замаркоціўся, дзед Мікіта, мо на каго засердзіўся? — зачапіла яна старога, лёгенька плячом таўханула, не ведала, як паддобрыцца да яго, віну выкупіць. — Насмяшыў усіх, аж жываты падарвалі, а цяпер скіс.
Стары як і не чуў, нават і не зірнуў у яе бок.
— На цябе ж і засердзіўся, сарока, бо круцішся надта, пасядзець спакойна не даеш...
Ёй карцела адказаць Ладуцьку, ужо і рот раскрыла, як за спіной у яе задыханая суседчына малая паведаміла, як выбухнула:
— Цётка Юзя, у вас у хляве свіння паросіцца.
Маланчыха нейкі момант маўчала з адкрытым ротам, да яе яшчэ не даходзіў сэнс сказанага, а пасля хапіла паветра, пракаўтнула яго, лакцянула пад бок Савося:
— Ну, чаго рассеўся? Дахаты трэба.
І першая трушком падалася да веснікаў. Следам, не адстаючы, нагінкам і паслухмяна перастаўляў цыбатыя ногі гаспадар, вінавата аглядваўся, нібы прабачэння прасіў за нечаканую адлучку.
— О, цяпер Маланчыха разбагацее, — зазначыў весела Чыкан, нанізваючы па відэлец гурок — закусваў. — Прыплод цяпер у Маланчыхі.