Выбрать главу

«Таўкач» адразу працверазеў — заміргаў вачыма.

— Дай, хлопчыкі, ім, дай! Берлін ім у зад! — скакаў на адным месцы Чыкан. — Не рабей, разведка!

Сват, уцякаючы, ратуючыся ад злосці людзей, напаследак выцяў Чыкана дручком па галаве. Макар упаў і, размазваючы па твары пісягі поту і крыві, абураўся:

— Маць вашу... Інваліда біць? Смельчакі...

Ён падняўся, паспрабаваў дагнаць крыўдзіцеля, але тут жа зноў упаў. Да яго падбег Лёнік, узяў падпашкі, паспрабаваў падняць. Але не змог — не хапіла сілы. А Макар усё мацюкаўся, успамінаў Берлін, некаму гразіўся, глядзеў мокрымі ад слёз вачыма, як хлопцы гналі жамойдаўцаў па спрымачоўскай вуліцы.

Міхал заўважыў свата, які цішком сагнуўся і лучыў прашмыгнуць да азярца-калюжыны, каб непрыкметна ўцячы агародамі.

— Свата лавіце! — крыкнуў, апярэдзіўшы, Ладзік і першы пабег да канавы. — Я яму «аддам грошы»!

«Таўкач» пачуў і таму доўга не раздумваючы, з разгону ўскочыў у касцюме ў ваду, пагробся рукамі да другога берага. З галавы зляцела фуражка, паплыла па вадзе, але ён не лавіў яе, баяўся, што дагоняць і надаюць за інваліда яшчэ большых кухталёў.

— Вось так, няхай паплавае, няхай дурнота з галавы выйдзе, — сказаў Міхал Ладзіку.

— Нырца дай, хай галава ахалонецца!

— Грошы яму аддай, хм... Хай Жамойда і аддасць, — не мог Жменька забыць абразы, шкадаваў, што вылузаўся той з яго рук.

Ды добра ведаў Ладзік, што не з-за свата пачалося ўсё і не з-за пугі — і яшчэ пісяг гарэў, — праз яго хацеў уджаліць Жамойду. Хоць чым-небудзь, хоць гэтай бойкай — няхай ведае, што ніхто са спрымачоўцаў не жадае быць у яго хаце і ніхто не зычыць ім шчасця. То ж дачакаецца і яна, Вікця, што ніхто і дзверы не адчыніць да яе. З-за Жамойды.

Не вырваць з сэрца вайну...

Хіба мог Косцік Міхалап выкрасліць са сваёй памяці тую раніцу?

У празрыстым небе плывуць павучкі-цянётнікі. А па зямлі ўжо сцелецца начны холад, адганяе цяплынь ад паплавоў, яны і штурхаюць у неба павучынне — усё вышай і вышай.

Косцік пазірае на яго, жмурыцца ад чырвонага сонца, яно не слепіць, а лашчыць твар. Аблачын збіраецца ўсё больш і больш — як хто зганяў іх у гурт. Яны плылі некуды за Спрымачоў — за Княжына, і губляліся там у ранішняй смузе.

Дні стаяць цёплыя, сухія, хаця даўно ўжо мінула бабіна лета.

Ён ляжыць на сцірце, укрыўшыся світкай і сенам, і яно, разварушанае, пахне выразна і прыемна.

Сцірта не з сена, а з саломы. То Косцік прынёс ад стажка, што на ўзболатку, абярэмак сена. Не цяпер, летам яшчэ, як аднойчы хаваўся тут, як ведаў, што яшчэ прыйдзе сюды. Тут самае зручнае месца і далекавата ад вёскі, і нікому ў галаву не прыйдзе, што тут чыясьці схованка.

Зліпаюцца і баляць вочы. Ужо колькі начэй і парушынкі сну не было. На душы радасна — усю ноч праседзеў каля Вікці. Яна кашляла безупынку — аж балюча было слухаць. Прыходзіў не да Вікці і не да бацькоў. Да бабы Настазі — пякла яна, як і Арэнка, партызанам хлеб. Перад гэтым прыходзіў да Арэнкі. Адну ношку аднёс да дубоў, на Бобрык, дзе яго чакалі партызаны. Хлеб быў яшчэ цёплым, пахкі. Стась Мілёнак браў кулідкі ў рукі, падносіў да носа і зажмурваў вочы: «Самы святы пах на зямлі...»

Настазя з жанчынамі — Маланчыхай і Чыкановай Марфай — замясілі цеста і сказалі, што ноччу спякуць зноў. Вось Косцік і забурыўся на дзень у сцірту. Меркаваў так: пабудзе вечарам у бацькоў, забярэ потым у жанчын хлеб і тады пойдзе на сустрэчу з хлопцамі.

Косцік захаваў глыбей у сена карабін, сам накрыўся саломай і сенам. Галаву абгарнуў світкай — і яго адразу ахутала цяплынь. Перад вачыма з'явілася Вікця, нешта вясёлае казала яму, усміхалася пяшчотна...

Калі Жамойда выехаў па фурманцы з дому, распачыналася раніца, ён ехаў, каб пабраць у тым стозе подсцілу для каровы, ён зняў з воза драбінку, падняўся наверх. Убачыў сасновую сухадрэвіну з абсечаным суччам — як лесвіца. Зрабіў крок і наступіў на нешта цвёрдае. Усунуў руку ў салому і намацаў халодную рулю карабіна.

Казімір сеў, задумаўся.

І тут да яго слыху данеслася чыёсьці пасапванне. Прыслухаўся — побач. Разгарнуў салому — на яго глядзеў Косцік Міхалап шырокімі ад здзіўлення вачыма.

Жамойда адышоў і сеў. Карабін паклаў між сабой і Косцікам, бліжэй да сябе.

— Палажы вінтоўку — не твая, — загадаў Міхалап, не падымаючыся са сваёй лежанкі,— цела ад нечаканасці ўсё здранцвела, і ён не ведаў, што рабіць у такой сітуацыі.

— Бач, ён у мяне ў палоне і мною ж камандуе, — хмыкнуў Жамойда незадаволена, таксама разгубіўшыся ў такой нечаканай сітуацыі.

Косцік прагнаў ад сябе рэшткі сну, атрос галаву ад сеннай трухі. Сеў і паглядзеў спачатку на Казіміра, пасля ўжо вакол — ці няма каго.