Выбрать главу

— Дык кажаш, у палон мяне ўзяў?

Адказу не пачуў.

— Што тут з канём робіш?

— Па салому прыехаў. На падсцёл.

— Гаспадар. Каму вайна, а табе маць радна...

— Карова есці і ляжаць хоча, як і чалавек, — як бы ўжо апраўдваўся Жамойда.

— А чаго ж не на службе сёння? Мо выгналі?

— Выхадны.

— Добра ў Гітлера ўладкаваўся, і зарплата добрая, і гарэлкі — пі не хачу... Лафа!

Вінтоўка ляжыць між імі, чорная руля белай ніткай блішчыць на сонцы. Але ў рукі яе не браў пі Косцік, ні Казімір, хаця абодва не зводзілі з яе вачэй.

«Ускочыў як у пельку, — думаў Міхалап, жуючы сяніну — горкую, што палын, — а каб гэтыя бобікі аблаву рабілі? Загрымеў бы як швед пад Палтавай. Але нешта ж і не пазнаць Жамойды, гаворыць, як быццам вінаваты мне што. Але ж мог з той вінтоўкі ўлажыць мяне або параненага здаць у паліцэйскае ўпраўленне, балазе і транспарт у руках. Узнагароду за гэта атрымаў бы, гэта точна... Хітры ён і асцярожны...»

Казімір глядзеў удалячынь, туды, дзе сіпеў лес, асмужаны асенняй цеплынёй, пра нешта думаў. Лоб быў нахмураны, нос востры, бы абсечаны сякерай. Зубы сцяў, і не зразумець было, што ён замысліваў...

— Бацьку ў лес ты загнаў?

— Гюнтэр. У яго спісак усіх людзей — і Спрымачова, і Зімовай Буды, Ясянца і Жахавіч...

— Мо і сам складаў?

— ён прыехаў з гатовым. Не ведаю, хто...

— Мо не ведаеш, хто і Буду-Казіміраўскую паліў?

Жамойда нахмурыўся, глянуў на каня, панура адказаў:

— Карнікі. Мяне там не было.

— А як ты дакажаш? Мо і быў.

— Не быў. Мост мы ў гэты час клалі. Разам з Адамам Алтайскім.

— Ладзікаву жонку таксама карнікі выганялі на мароз?

— П'яны быў, пакуражыцца захацеў перад Гюнтэрам. Тут я вінаваты...

— Толькі тут?

— Ну... Ды ты што — пракурор тут ці хто? — Жамойда спытаў раздражнёна і злосна. — Што ты нада мной суд устрайваеш? Не табе судзіць, калі што.

— А каму? Можа, Богу? Людзі і будуць судзіць.

Косцік паглядзеў па ўзлесак, быццам чакаў адтуль помачы, падняў руку, махнуў — як знак падаў.

«Што я раблю? — адумаўся Міхалап. — Чаго на ражон лезу? Так і сапсаваць усё нядоўга. Раззлую — упрэцца, як бугай, яшчэ можа і за стрэльбу хапіцца...»

— Але, ты мне не суддзя, — уздыхнуў Жамойда. — Не, не суддзя.

— Добра. Час табе суддзя. Але ж і час не чакае. Адным словам, Казімір, трэба нам з табой прымаць якоенебудзь рашэнне. Так мне камандзір сказаў...

— Якое рашэнне?

— А такое. Галава ў цябе варыць, ты і кумекай. — Міхалап засунуў руку запазуху, дастаў шматок газеты, агрызак алоўка, падаў: — На, вазьмі...

— Навошта?

— Вазьмі і пішы. Мне дадзена заданне звязацца з табой. Задаць адно пытанне: ці згодзен ты памагаць партызанам? Вось і напішы, каб быў дакумент.

— Каму пісаць і што? — Казімір прыўзняўся, перасеў на зручнае месца.

— На імя камандзіра. Заява аб прыёме ў партызанскі атрад.

Казімір нечакана схапіў вінтоўку, ліхаманкава кляцнуў затворам. Міхалап перамяніўся ў твары, збялеў, але голасам стараўся не выдаць свайго страху. Зіркануў на ўзлесак.

— Ты можаш стрэліць, але твой стрэл будзе апошнім.

— Не дагоняць, — Жамойда скрыгатнуў зубамі, — у мяне конь, як вецер.

— А яны, думаеш, на сваіх нагах? — кіўнуў Міхалап у бок лесу. — І стрэл для іх як сігнал.

Вінтоўку Жамойда паклаў на ранейшае месца.

— Вось так правільна. Разумна.

— Што пісаць?

— Што? А так і пішы — камандзіру партызанскага атрада «Смерць фашызму» ад такога-та і такога-та. Хачу памагаць партызанам. Потым прашу дазволу ўліцца ў партызанскі атрад. Што віну сваю выкуплю кроўю.

Казімір падумаў і, паклаўшы газеціну на калена, пачаў выводзіць літары, варушыў губамі. Гэтая пісаніна далася яму цяжка, аж узмакрэў — на твары выступілі буйныя кроплі поту.

«Ну, цяпер, здаецца, перамог, — глядзеў на Казіміра Косцік, як той шчыраваў над паперай. — А ледзьве ж не сапсаваў усё, перастараўся... Пішы, здраднік, пішы... Цяпер то ты ад мяне нікуды не дзенешся».

— На, — падаў напісанае.

Косцік выдаўжыў руку, каб узяць карабін — Жамойда не зварухнуўся. Але як толькі устаў, Казімір раптоўна шмаргануў яго за крысо фуфайкі і паваліў.

Карабін адляцеў убок.

Халоднымі рукамі паліцай сціснуў Косцікава горла, пачаў душыць. З апошніх сіл ён стукнуў ненавісніка каленам у жывот. Адсунуўся, не разлічыў, упаў са стога. Ачомаўся, кульгаючы, кінуўся бегчы — балюча выцяўся аб мёрзлую зямлю. Уцякаў, а з галавы не выходзіла, свідравала думка — вінтоўка ў Жамойды.

Як адбегся з паўсотні крокаў, ззаду грымнуў стрэл. Потым другі. Кулі ціўкнулі над галавой.