Выбрать главу

— А так і гляджу, пень стары ды яшчэ трухлявы,— бабка выцірае вусны, усміхаецца — адлегла крыўда ад сэрца, засумавала па суседу. — На той свет пара, а вось Бог не прымае, не падпісвае маё заяўленне...

— І не падпіша, калюх-калюха! — рагоча Ладуцька, падпірае сцяну спіной. — Мы яшчэ нагуляемся з табою на гэтым свеце, аж чарцям будзе моташна, на два бокі і ўсторч. Заходзь, Настасся Адольфаўна, гарбату піцьмем...

— Ды зайду ўжэ, анягож...

Дзед радасна расчыняе перад госцяю дзверы Сам прычасаны, на ім чысты касцюм і жоўтая сарочка ў палосачку. Як перад нявестай дзед красуецца, лепшым паказацца стараецца.

І сядзяць тады яны доўга-доўга, аж за поўнач, бавяць час размовамі-ўспамінамі.

— То пайду ўжэ я, Мікіта. Дабранач табе.

Ён праводзіць яе да самага бабчынага парога, жадае добрай ночы таксама.

У нядзелю ён звычайна піў гарбату адзін, пасцяліўшы на стол вышыты некалі жонкаю абрус. То былі яго святыя гадзіны, ён уяўляў, што за сталом сабралася ўся сям'я — жонка Уліта, дзеці — Пятрок, Янка, Ладзік і Надзейка... Дзед нібы наяву чуў іх галасы, смех, чуе нават, як яны адхлёбваюць з кубкаў пахкі ўзвар, пырскаюць смехам.

— Мамка, а Пятрок шчыкаецца, — скардзіцца Надзейка Уліце, а сама рукою заціскае сабе рот — восьвось засмяецца.

— Вось я яму пакажу хутка, не ўгамоніцца бэйбус.

— Ага, ага, — задаволена паглядае яна на брата.

— А яна мяне нагой пад сталом піхнула.

— Ой жа і балаўнікі вы, яй-бо, — уздыхае яна і шчасліва паглядае на іх.

Доўга не пасылаў ім Бог дзяцей.

За дзесяць гадоў да вайны ў іх з'явіўся першынец.

Ладуцька моўчкі глядзіць на Уліту, на яе шчаслівы мацярынскі твар і радуецца за яе — прыгожая. І голас у яе — пачуеш, дык любы боль і знямога прападзе, зірне на цябе ў тваю цяжкую гадзіну — як рукой цяжар здыме. А яшчэ як абдыме ды гарачымі вуснамі дакранецца — здаецца, мёртвага ажывіць можа. Як і яго некалі ў грамадзянскую вайну.

У двары падаў голас Грай, напомніў пра сябе. Мікіта ўстае з-за стала і ўключае святло. За акном у цемры свяціліся дзве жаўтлявыя кропкі — Грай глядзеў на гаспадара. Мікіта выйшаў на ганак. Сабака завішчэў, падскочыў да грудзей.

— Што, воўчае мяса, падурэць хочацца? От цыцуляеш гіцлем, калюх-калюха, работы аніякае не робіш, сцеражэш маё дабро. А якое яно ў мяне дабро, га?

Грай брахнуў раз, потым яшчэ. Быццам адказваў гаспадару, што зразумеў яго.

— Во-во, падахвоць цябе... Супакойся, з ног саб'еш.

Вечар цёплы, ціхі. Вецер чуецца з захаду, быў амаль нячутны, адно трымцела апошняе лісце на бярозе, што звесіла сваё тонкае голле ў двор.

Грай ледзь чутна заскавытаў, прызадзіраючы галаву.

— Ну, то пачакай, я хутка. І самому нешта маркотна сёння.

Дзед вынес гармонік — стары, пашарпаны. Грай шавяльнуў хвастом, выказваючы радасць, што гаспадар зразумеў яго жаданне — аддана паглядаў на яго неспакойнымі вачыма.

Мікіта паставіў гармонік на калені, пагладзіў вечка, дакрануўся да перламутравых гузікаў. Кожным разам ён пачынаў свае «вечарыны» з аднае і тае ж песні — «Там, вдали за рекой...». Пасля першага куплета Грай пачынаў падцягваць — тоненька, заплюшчыўшы вочы. Ладуцька ўлагоджваў сабачае сэрца. Бо і самому балела.

Ладуцька браў новы акорд, пераводзіў то на вясёлы, то на сумны лад, расказваў Спрымачову пра свой сум, пра вайну, пра гора і злыбеду...

Успамінаў ён пра сваё юнацтва, якое прамільгнула на чырвоным кані і не магло вярнуцца назад, якой пазыўной нотай Горана не кліч яго, коніка, не заманьвай...

У такія вечары ніколі не было чуваць Ладзікавага гармоніка.

Над ігрушай узышоў месячык. Тоненькім сярпом завіс на вільчыку.

Выспявалі ў небе зоркі, ярчэлі, пераміргваліся, быццам толькі яны ведалі адвечную тайну жыцця.

Жамойда прыехаў з Ельска пад вечар — прыхмялелы, з хітрым прыжмурам вачэй. Абвясціў жонцы:

— Падамся я, Вікця, у леснікі. З бацькамі цесна — сваю хату будаваць будзем.

«З Косцікам на адной рабоце будуць», — чамусьці падумала Вікця.

— Калі падасіся?

— А вось на тым тыдні паеду ў раён, здам усе паперы — доімкі-нядоімкі, і дырэктар леспрамгаса напіша загад. Заяву падаў ужо. Чысты я, ва ўсім чысты...

Ведала Вікця, што Жамойда не адзін раз ездзіў у раён і ў вобласць дапінаў — даставаў нейкія паперы, шукаў сведкаў. Перад судом — акурат яна ў бальніцы была, да Громава ездзіў. Ды размова, як казалі, у іх не атрымалася. Разам з паліцаямі судзілі і Жамойду. Не дапамог і Адам Альшанскі, які пацвердзіў на судзе, што разам з Жамойдам вазіў у партызанскі атрад соль.