Выбрать главу

Праз год вярнуўся Казімір у Спрымачоў, вельмі здзівіўшы вяскоўцаў кароткай адсідкай. Ішоў па вёсцы з гонарам, высока задраўшы галаву. Не зразумець было, што за чалавек — паліцаям служыў, з людзей здзекаваўся. Але ж і людзей папярэджваў, калі аблавы былі, ад Нямеччыны дзяўчат убярог.

І не вораг, і не свой.

На другі дзень Ладзік сустрэў яго на вуліцы. Жамойда павітаўся першым, руку нават падаў.

Жменька скрыгатнуў зубамі, коршакам на яго накінуўся, учапіўся ў каўнер:

— Гад! Хто выпусціў цябе?!

— Ну, ты, — вырачыўся Казімір, адкідваючы яго ад сябе, — каму трэба, той і выпусціў. Рукі ўбяры ад мяне.

— Нічога, за гаўно я брацца гідую, але адмыю рукі, вот толькі ці ты адмыешся ад людской крыві?..

— Не табе мяне судзіць! — пырснуў слінай Жамойда.

Ладзік абцёрся рукавом, сплюнуў:

— Мне. І ўсім. Хто цябе выпусціў — трэба разабрацца.

— Ды разабраліся. І дакумент во выдалі, з пячаткай.

— Падатры ім...

Ледзьве адцягнулі ад яго Ладзіка: забіў бы пад гарачую руку. За жонку, над якой у вайну здзекаваўся, выганяў распранутую з Лёнікам на мароз — дапытваўся пра партызан.

Казімір расстараўся недзе скураное паліто, пашыў сабе фрэнч, галіфэ і круглую, такога ж зялёнага колеру, фуражку з тоўстым брылём. І ў гэтай нязменнай форме хадзіў па вёсках, спаганяў нядоімкі. У хаце павесіў вялікі партрэт Сталіна.

Рабоце быў адданы, можа, нават і занадта.

Ліліся людскія слёзы — адтэрміноўкі ён не прызнаваў. Абдурыць яго было цяжка. Арэнку не пашкадаваў — карову ў раён завёў, дзяцей галоднымі пакінуў. Абараніць нябогу не было каму — муж прапаў на вайне без вестак, як ворагам стаў для радзімы.

— А ты што думаеш пра маю работу? — спытаў, сеўшы на край ложка, Казімір.

— Анічога. Надумаўся, дык працуй, — паціснула Вікця плячыма, дамывала посуд.

Жамойду здзівіла абыякавасць жонкі. Думаў, што радавацца будзе, а яна...

— Я ж пра заўтрашні дзень думаю, — пакрыўджана загаварыў Казімір. — Каб хату пабудаваць, гаспадарку займець. Каб у хаце дастатак быў.

— І шмат таго дастатку хочаш?

Вікця дамыла посуд, села па лаўку, уздыхнула. Яе ахутвала млявая стома. Тое, што казаў муж, не кранала яе, як не ёй гаварылася.

— Шмат. Каб хапала і нам, і дзецям нашым.

— А колькі ж дзяцей будзе ў цябе?

— Колькі? Двое. Трое. А мо і пяцёра, як ты расстараешся, — сказаў і зарагатаў ад сваіх слоў.

— Ого, — пахітала галавой, — і размах у цябе.

Пра сябе ж падумала: «Не збудуцца твае жаданкі.

Для гэтага каханне вялікае трэба... А ў нас? Як поснае на свята».

Казімір засоп, дакрануўся да жончынай рукі. Хацеў расшпіліць кофту. У сенцах пачуўся грукат.

Казімір мацюкнуўся. Яна ж рассмяялася:

— Будуйся, Казік, хутчэй. Бо так і нервовую сістэму сваю сапсуеш.

У хату зайшоў стары Жамойда — сівы, сагнуты, маўклівы. Патаптаўся ля печы, прагугнявіў нешта пад нос. Зазірнуў пад лаўку, пасля на печ.

Да сына ў другую палавіну не заходзіў. Пастаяў у роздуме, перахрысціўся на абразы і падаўся ў двор.

— Забываецца бацька. Дзе што пакладзе — не памятае, — Казімір паглядзеў у акно, пазіраў на бацьку — той тэпаў ужо да дрывотні. — Старасць...

Маладыя жылі ў другой, лепшай палавіне хаты. Няўтульна адчувала сябе ў іх Вікця. Казімір, праўда, з першых дзён павёў сябе так, што жонку з першых дзён пачалі лічыць гаспадыняй. Пакрыкваў на маці, калі тая спрабавала пярэчыць ці даваць заўвагі.

Вікця пайшла да печы, выцягнула алюмініевы чыгунок.

— Галіцца будзеш?

— Буду.

Падкінула трэсак у жар, каб даварыць абед, што пакінула свякруха, — падалася на вёску. У гаршчэчку была бульба. Вікця ўсё яшчэ не магла ніяк прынаравіцца да чужой печы, да вілачнікаў і Гаршкоў. У яе дома гэтулькі не было. Два чыгуны для парсюкоў, два для сябе. А тут і печы не хапала для ўсяго, рыхтавалася, як на некалькі сем'яў. Жамойда еў за траіх — толькі падстаўляй. Вікця ў першыя дні падумала, што ёй прыйдзецца гатаваць і гатаваць.

Казімір падвастрыў на дзязе брытву, накалаціў пены ў мыльніцы.

— Сёння Марфа Чыканова паклікала да сябе бабку Настазю. Дык і я падумаў, ці скора нас такое чакае?

Вікця не адрывалася ад чырвонага полымя ў печы.

— Чакай. Мо і дачакаешся.

Ён пагаліўся, выйшаў у двор і памыўся. Потым доўга выціраўся ручніком.

Як збіраліся сесці за стол, у дзверы нехта пастукаў. На парозе стаяў Янік — ён падмяняў калгаснага брыгадзіра Зюніка Кашаеда. Быў у фуфайцы, у зашмальцаваных штанах, у старых кірзачах. Твар зблажэлы, востры кадык. На Жамойду не глядзеў, вінавата загаварыў да Вікці:

— Я, гэта самае, ці не магла б ты сёння на работу выйсці. Як здаровая, канечне.