Выбрать главу

— Чую, Мікіта, не падвяду!

Я прыслухаўся і пачуў, як над баракам скуголіў вецер, быццам стараўся сарваць з будыніны дах, каб пазбавіць нас і апошняга — такога-сякога цяпла. Вецер Нямеччыны і той быў супраць нас.

Але я пачуў твой голас. І адразу паверыў у сваё выратаванне. Праз колькі хвілін мяне ўкрыў сон цёплай коўдрай.

Дыктую табе, Уліта, пісьмо ў наступны вечар, калі зняможаныя і змардаваныя мы прыпляліся ў халодны барак. Цэлы дзень дзьмуў сіберны вецер, кідаўся снегам, прадзімаў наскрозь. Ды што там было нас прадзімаць — тонкае адзенне вязня прапускала холад і вецер.

Раскажу табе пра лётчыка, які пакутаваў разам з намі. Збілі яго пад Смаленскам. Лётчык быў вясёлы, сінявокі, любіў расказваць смешныя гісторыі — рэдкімі вечарамі, калі выпадала вольная хвілінка. У яго на грудзях была татуіроўка — магутны арол трымае ланцужок з зямным шарам.

Жонка начальніка лагера прыдумала завядзёнку — выязджала штораніцы на кані і прагульвалася сярод вязняў. Жонка была статная, нават прыгожая, калі да яе падыходзіла такое слова. Звалі яе Эльза Кох. Нічога ў тым не было дзіўнага, але адна акалічнасць — раз'язджала яна на кані голенькая, як маці нарадзіла. Заўсёды ў руцэ трымала наган. Для чаго? Як толькі хто зіркане ў яе бок, нават мельгам, адразу ў таго страляла.

Яе ахвярамі сталі француз Рэжэ, паляк Франэк, немец Курт і двое нашых хлопцаў з суседняга барака.

І так сталася, што немка сама паклала вока на нашага лётчыка Бар'яша. Ад работы яго вызваліла. У замак да сябе прывяла. Накарміла-напаіла, спаць у свой ложак паклала. Але не глянуў лётчык на беласнежную Эльзу. Сказаў, што ў Расіі ў яго нявеста чакае...

Раз'юшылася Эльза за такую непакорнасць і знявагу. Не зразумела, чаму вязень, якога кожную секунду чакае смерць, адмовіўся ад такога вялікага дарунку.

Потым мы зноў убачылі яе. Зноў гарцавала на кані. Апранутая. У яе была новая сумачка з чалавечай скуры. На ёй добра быў відзён малюнак — арол трымае зямны шар. Такога малюнка не было ні ў кога. Належаў ён Бар'яшу...

Яна ж займела сабе новы занятак — выбірала сабе татуіроўку па целах вязняў. Каб потым зрабіць для сябе і сваіх сябровак прыгожую сумку. І гора таму, у каго быў малюнак, які магла ўпадабаць Эльза. Але вязень не ведаў тады, што носіць на сабе «пропуск на той свет». Спачатку пад скальпель Эльзінага ўрача, а потым ужо ў крэматорый.

Вось так, Уліта, прабач мне за такія пісьмы. Не дай Бог калі-небудзь іх прачытаць ці пачуць. Але я буду расказваць. Ты ўжо не злуй на мяне.

За акном жудасна і надрыўна скавытала завіруха. Я ж складаю новае пісьмо, чую знізу гугнявую мелодыю Панаса і ўнепрыкметку засынаю. Я выстаю. Я перамагу. У гэтым паможаш мне ты, мая Уліта...

Такія вусныя пісьмы пісаў ён з Бухенвальда.

Вязні здзейснілі смелы план уцёкаў. Шмат загінула сяброў.

Не скора ён дабраўся да сваіх мясцін. Быў удзячны Уліце, што выратавала яго ад немінучай смерці.

Як прыехаў у Спрымачоў, як уведаў пра трагедыю, адразу стаў дзедам Мікітам — пастарэў на паўстагоддзе. Такім стаў за ноч, калі сядзеў на папялішчы роднай вёскі.

Выходзіла так, што пісаў ён пісьмы нежывым, спаленым у агні. Атрымлівалася, што нават нябожчыцай ратавала яна яго ад смерці...

Вось і ўцякаў Ладуцька ад сваіх успамінаў пра Нямеччыну, ратаваўся ад іх у Княжыне і Вятчынцы.

...Мікіта назбіраў пад Яркавым дубам тры кашалі жалудоў. Яны былі пукатыя, важкія, з карычневым адлівам. Ведаў Мікіта, што добрыя дубкі вырастуць у гадавальніку і на лясных пасадках. Яму і Косцік Міхалап наказваў, каб назбіраў і ссыпаў у бочку ў леснічоўцы. Пасля абеду ён наабдзіраў кары з крушыны і паставіў, звязаную ў пукі, на прызбу, каб сушылася.

Ён узяў з сабою нож, сякеру, мінуўшы Яркаў дуб, паклыпаў нацянькі туды, дзе хавалася ў густым голлі пасляабедзеннае сонца.

Хадзіў ён па лесе гадзіны тры...

За нахіленай старой бярозай нехта застагнаў. Стары насцярожыўся, напручваючы слых. Праз момант зноў пачуўся стогн — ціхі, ледзь чутны.

Ён асцярожна пайшоў у той бок. Каля трухлявага пня, спіной упёршыся ў яго, сядзеў Косцік Міхалап. Побач з ім сядзеў Грай — дык вось чаго яго доўга не было.

— То ты, Косцік? — жахнуўся Ладуцька. — Божачка, што з табой?