Выбрать главу

— Я, дзед, — прашаптаў ляснік і бездапаможна паваліўся на бок...

Ужо які дзень ліў халодны восеньскі дождж. Пісяжкі на аконным шкле паўзлі бясконца ўніз, наводзілі нуду.

Ложак Міхалапа быў каля самага акна. У кутку стаяла тумбачка, засцеленая газецінай. На тумбачцы некалькі яблыкаў, жменька жоўтых зярнят, слоік з кампотам — прывезла Паліна.

У першы дні, пасля аперацыі, калі яму было зусім блага, Паліна не адыходзіла ад ложка, з лыжачкі карміла — такі быў аслаблы.

— Я яму, выходзіць, дзве ўжо аперацыі зрабіў, — усміхаўся доктар Жыльскі. — Першую — у партызанскім шпіталі, ён умее цярпець, я помню. — Доктар з барадой, у акулярах, твар у зморшчынках, вочы ўважлівыя, а голас мяккі, спагадлівы: — А вы, мілейшая, не хвалюйцеся і слёзы не ліце. Хвораму такое не на папраўку. Вы яму ўсміхайцеся, толькі ўсміхайцеся, чуеце?

— Добра, я пастараюся.

— Пастарайцеся, мілейшая, я вас вельмі прашу. Як вас, дарэчы, зваць-велічаць? — праніклівы позірк праз шкельцы ўпіўся ў яе ўчэпіста і весела.

— Палінай.

— Дык от так, Паліначка, усмешка і яшчэ раз усмешка, — задаволена засмяяўся. — Гэта для яго галоўнае...

Яна выйшла з кабінета Жыльскага абнадзееная, супакоеная, пахадзіла трохі па вуліцы, а потым ужо да Косціка. На твары ўсмешка, радасна расказвала яму пра вясковыя навіны.

— Як Сяргейка?

— Анічога. Расце, смяецца, «бу-бу» гаворыць. Гэта ж, ведаеш, заўчора, калі насіла ў сенцы бульбу, напалохаў мяне да паўсмерці. Каб не вываліўся з люлькі, я яго на падлозе пакінула. А ён запоўз пад ложак і заснуў. А я не адразу ўцяміла, на вуліцу выбегла, галасіць пачала. Вярнулася, яшчэ раз агледзела і ўбачыла пад ложкам.

Ён усміхаўся, паглядаў на яе, паклаў далонь на яе руку, заплюшчыў вочы.

— Што, Косцік, мо зноў блага табе? — затрывожылася яна.

— Не. Дай папіць чаго.

Паліна падтрымала яго за шыю. Косцік зрабіў колькі глыткоў.

Яна і глядзіць, і баіцца — твару не пазнаць, увесь у сіняках і ранах. Крывападцёкі пажаўцелі, гэтак і на спіне, па ўсім целе...

У палаце некалькі ложкаў. Адзін хворы ляжаў у кутку, пэўна, спаў — адвярнуўся да сцяны. Астатнія выйшлі з палаты.

— Косцічак, я так перапужалася за цябе. Хацела тады ж бегчы да цябе ў бальніцу, але Ладзік не пусціў. Сказаў, што горш зраблю, калі буду стукацца ў дзверы бальніцы. І пагнаў каня ў горад без мяне.

— Правільна зрабіў. Ты на яго не злуй. Усё прайшло. Цяпер буду жыць і пакажу ім, свалачам...

Паліна не вытрымала, слухаючы яго разважанні, нясмела спытала:

— А мо б ты кінуў зусім гэтую дурную работу, га? Баюся я за цябе...

— Ды ты што, Палінка, няўжо ты думаеш, што я спужаўся? Я — спужаўся? — ён паспрабаваў прыўзняцца на локці, сіліўся зазірнуць ёй у вочы.

— Не ты, то я злякалася за цябе. Лес кішыць зладзеямі. У іх сіла, а ў цябе што? Ружжо. І з яго ж ты ніколі не страляеш. А стрэліш, то ў турму сядзеш, дзяцей асіраціш. Хай Жамойда працуе, яго не чапнуць бандыты... — сказала і асеклася: Ладзік прасіў не гаварыць пра гэта.

— А чаго ты Жамойду ўспомніла? — паглядзеў строга, і жонка зразумела, што не зможа схлусіць, прызнаецца.

— Бо і ён у леснікі падаецца.

— Так, дзяла-а, — правёў далонню па ўпалых шчоках, — дзяла, як сажа бяла... Ну і хрэн з ім, з тым Жамчйдам. Тым больш, значыць, я павінен працаваць у лесе.

Глыбока ўздыхнуў, глядзеў у столь. Калі ён падаў у небыццё, калі агнём апякала жывот і спіну — рабілі аперацыю, — ён праклінаў сваю работу і думаў, што больш ніколі не пойдзе ў свой абход, у якім з-за кожнай дзеравіны выглядвала руля бандыцкага абрэза. Яму потым і снілася, як з тых руляў выляталі кулі. Ён выгінаўся, закрываўся рукой, але свінец ляцеў праменька ў яго. І тады Косцік крычаў на ўсю палату. Медсястра рабіла яму ўкол, і ён сцішваўся, засынаў.

А то здавалася яшчэ. Што стаіць ўпобачкі Вікця, ён, радасны і шчаслівы, мерыцца падняцца — запрашаў хоць трошкі пасядзець. Яна гаварыла яму дакорліва і пяшчотна: «І як жа гэта ты, Косцік, даўся тым бандытам? Вайну прайшоў, не ў такіх перадзелках быў, а тут... Трэба было бабахнуць з усіх ствалоў». Яна гаварыла пра тое, пра што і сам не раз думаў і што яго мучыла.

— Не, Палашка, не кіну я сваёй работы, — Міхалап глядзеў ужо за акно, дзе вісела шэрае сутонне, і дадаў сцвярджальна: — Не-е, Палашка, я тут усё абдумаў-перадумаў... Ходу назад няма.

— Табе рашаць, — нахілілася да яго. — Толькі папраўляйся... Але я ўсё роўна сабе месца не буду знаходзіць, як ты пойдзеш у свой абход.

— На тое ты і долю сабе такую выбрала — быць жонкай лесніка. Так што цярпі, леснікоўна.

— Як-як? Леснікоўна? Ты першы раз так мяне назваў. А хораша, праўда? Добра, буду цярпець, — згаджаецца жонка, усміхаецца шчасліва.