Паліна за апошні час пагладчэла, на шчоках ямачкі. Падбародак і шчокі акруглыя. Не сказаць, што і лянівая, зрання ўпрагаецца ў работу...
Косцік заснуў, і Паліна дала зноў волю слязам. Яна і сама не ведала, чаго плакала — ці то ад радасці, ці ад гора. Калі і было гора, то мінула, прайшло, усё абярнулася вуняка як і добра — Косцік жывы-здаровы, урач сказаў, што і паправіцца хутка.
— Не трэба. Палінка, чуеш, не трэба...
Голас у яго слабы, здаецца, у ім і жыццё невядома як трымаецца. Падбародак востры, такі ж і нос, як дзюба ў дзятла.
— Не буду, усё, — глядзіць ужо за акно, спрабуе зноў усміхацца, выціраючы слёзы, — што, мне ўжо, бабе, і паплакаць нельга, так? — Погляд у яе ўжо светлы, як бы ачышчаны ад змрочных думак, яна ўжо свяцілася спакоем і шчасцем. — Слухай, Косця, а давай я цябе пагалю? — спахопліваецца яна, успомніўшы, што прывезла брытву.
Сказаў сур'ёзна:
— Яшчэ зарэжаш не ўмеючы.
— Я не ўмею? — бровы выгнуліся дугой.
Ён не вытрымлівае, смяецца:
— Жартую. Але заўтра-паслязаўтра прыедзе Жменька, ён і паголіць мяне. Яму гэта — аць-два, і гатова.
— Ну, як хочаш,— не пакрыўдзілася Паліна.— Заснуў трохі?
— Ага. Кімарнуў. Не было яшчэ Яшка?
— Не, Косцік, а можна я не паеду дадому? З табой застануся? — раптам папрасілася яна нясмела.
Пакруціў адмоўна галавой:
— А дзе ж начаваць будзеш? Тут нельга.
— Нічога. Я ў Жыльскага папрашуся, ён не адмовіць. На калідоры спаць буду. А днём буду каля цябе.
— Ды што ты тут, Паліна, рабіцьмеш? — глядзіць на яе Міхалап, — дома вуняка работы колькі, не перарабіць. Хто ж за цябе паробіць усё? А што я — ляжы, вылежвай бокі, кормяць, пояць, анекдоты мужчыны травяць — сумаваць не даюць.
— Я ж цябе лепш дагледжу, чым санітарка ці сястра, і судна вынесу, і папаю цябе, пакармлю...
— Не дзіця я бездапаможнае, зразумей. Доктар сказаў, што праз пару дзён устану. Так што — уу-га! — бегаць скора буду. Дзед Мікіта заходзіў?
Пасля некаторага маўчання Паліна адказала:
— Забягаў. Наказваў, каб папраўляўся. Сам збіраецца скора наведацца. З Ладзікам.
Яна ўспомніла, як дзед прыходзіў надвячоркам, як доўга супакойваў яе, сварыўся, што плакала. «У цябе ж дзіцё малое, а яно адчувае, што маці блага, і само перажываць пачне. А яму тое ні к чаму, чуеш, ні к чаму...» — гаварыў ён і рабіў грозны выгляд. Ад яго слоў тады і палегла на сэрцы. На развітанне ён выцягнуў з сумкі паўлітровы слоік мёду, падаў: «Во, каб гэта яму завезла, адразу палепшае — на ноч няхай з вадой».
Дзверы расчыніліся — адзін за адным пачалі заходзіць мужчыны. Чалавек з перабінтаванай рукой сеў на свой ложак, вясёла паглядзеў на іх.
— Як тут справы, Канстанцін Мінавіч? Не замучыла жонка?
— А як яго замучыш — ляжыць сабе, байкі расказвае, — Паліна не зразумела жарту.
— Во-во, бабу байкамі корміць, — рагатнуў другі, малога, як Міхалап, росту — бялявы, з кірпатым носам.— Гэтым баба сытая не будзе...
— От выдумляеце, — яна пачырванела, апусціла галаву, — я пра другое хацела сказаць.
— І мы пра другое. Во заставайся тут, не пакрыўдзім, сярод нас і мацакі ёсць, не тое што твой Міхалап. І яму весялей будзе...
— А табе, Рыжык, абы язык пачасаць, не змоўчыш ні хвіліны, — не паварочваючыся да іх, сказаў Міхалап, — баўтун, а, глядзіш, вывеўся...
Мужчыны зарагаталі, падтрымаўшы Косціка:
— От так цябе...
— Ды што я, хацеў жа як лепш. Думаў па-сяброўску памагчы Міхалапу — будавацца скора думаю. А тай бы і дзеравіна лепшая з абходу перапала б.
— Дручка табе бярозавага перапала б, гэта праўда, — гаворыць мужчына з перавязанай рукой.
— А чаму менавіта бярозавага?
— А ён на спіне не ламаецца.
Зноў рогат у палаце, і разам з імі смяецца і Паліна.
Хворыя завялі сваю гамонку, адчапіліся ад Паліны. Набліжаўся час вячэры, і ўсе раз-пораз кідалі позіркі на насценны гадзіннік, што вісеў над дзвярыма.
Дзверы зноў расчыніліся — на парозе стала медсястра Алена.
— Машына прыехала, Паліна.
— Добра, Аленка, я хутка, — сядзела, не рухалася з месца леснікоўна, глядзела на Косціка, чакала яго рашэння.
— Не хвалюйся за мяне, — стаяў на сваім Косцік. — Табе трэба дома быць. Не злуйся...
— А можа...
— Ладуцьку прывітанне перадаваў Ладзік хай прыедзе абавязкова — размова ёсць. Бацькам маім скажы, што папраўляюся, што хутка выпішуць — хай не выбіраюцца да мяне.
За акном ужо ссутоньваўся шэры змрок. Вецер не аціх, калываліся асветленыя галіны, і ледзь чутна разпораз дзенькала ў акне шыбка.
— Я перадам кім-небудзь. Вось падымуся скора, тады і паклічу.