Выбрать главу

Косцік сціснуў яе руку, міргануў, падбадзёрыў:

— Усё будзе добра, не хвалюйся...

Яна адказала кіўком галавы.

Усё, што не трэба было Косціку, паклала ў хатуль. Дайшоўшы да дзвярэй, абярнулася:

— Мужчынкі, хутчэйшага вам выздараўлення!

— Дзякуем, Паліна. За Косціка не хвалюйся, паставім хутка на ногі.

Яна ішла па калідоры і чула, як на вуліцы засігналіла машына. «Нявыцерпка яму, то сядзеў дзесьці, лынды біў, а тут, бач, у спіну падганяе, — нагортвалася невядома чаму крыўда на Яніка, хаця ведае, што ён тут ні пры чым. — Нічога, даедзем, дарога добрая, брадок толькі ў Вятчынцы праехаць...»

Паліна выйшла на ганак і адразу ўбачыла каля палутаркі Яніка — стаяў і курыў. Чырвоная кропачка то загаралася, то патухала. Не так даўно стаў рабіць на машыне, а гонару ўжо як у бывалага, як у Паўла Шкваркі.

— А, Міхалапіха, — абазваўся ён з цемры, і чырвоная кропка шуснула ўніз, пад ногі,— а я ўжо думаў, што не паедзеш, што застанешся тут, каля Косціка.

— Ты многа, Янік, не думай, урэдна многа думаць. Паехалі. У цябе ж часу няма... — папракнула — знарок гучна і першай села ў кабінку, моцна ляснула дзверцамі.

Але вадзіцель не спяшаўся. Яшчэ крыху патаптаўся ля капота, потым закрыў накрыўку. Няспешна адчыніў дзверцы і сеў побач з Палінай.

Доўга маўчаў, глядзеў у цемру, а потым паставіў нагу на газ.

Карабкоў наведаўся да яго адразу ж, як толькі да Косціка пачалі пускаць наведвальнікаў.

— Як жа гэта ты, браце? — цмокаў языком ляснічы, шчыра перажываў, што так здарылася, — запісаў бы нумар машыны — і ў міліцыю...

— Так яны і павесяць той нумар сапраўдны. Вінаваты я, Андрэй Мартынавіч, — апраўдваўся Косцік, — сам не ведаю, як усё адбылося, па-дурному выйшла...

— Ну, нічога, усё цяпер у мінулым.

— Як там у нас справы, Мартынавіч? І ў вас?

— Усё добра, Косцік. І ў мяне, і ў тваім Княжыне. Я пазней мо забягу, часу цяпер бракуе — пленум райкома.

Ляснічы паставіў на тумбачку дзве бутэлькі сітра, паклаў некалькі апельсінаў.

Пасля завітаў Тхарэнка з капітанам міліцыі.

І расклалі перад ім некалькі дзесяткаў фатаграфій. Але нікога на ёй ён не пазнаў.

Помніўся Вікці выразна чаромхавы водар, вечаровая ціша, Косцікаў шэпт. Помнілася яго дыханне і гарачыня нясмелых губ... Колькі ў Вятчынку сплыло з тае пары вады, колькі разоў адцвітала чаромха, ападала долу белымі пялёсткамі — як дарогу сцяліла для іх. Ды стапталі нагамі тую бель, здратавалі, перамяшалі з граззю пялёсткавую сцежку. І вінавата толькі сама, ніхто іншы...

Забыцца б даўно пара, выкінуць усё з галавы і не сарамаціцца. Але не магла. Песціла ў сваіх думках сустрэчу, каб выгаварыцца перад ім, паспавядацца, ачысціць сваю душу ад болю і вінаватасці... Здавалася б, пасля гэтага і жыць стала б лягчэй, і сэрца не тачылі б трывога, вінаватасць і сум.

Як здарылася бяда з Косцікам у лесе, да Ладуцька найперш прыбегла. Дзед супакоіў:

— Будзе жыць, калюх-калюха... А бандытаў шукаюць.

Дачулася, што Міхалап пачаў хадзіць, абрадавалася. Жамойдзе сказала, што быццам бы зацяжарнела, што жывот баліць — да ўрачоў паказацца трэба. Яна была гатова пайсці на ўсё, трываць больш не магла — збалелася сэрца па Косціку.

Разам з ёю нечакана намерыўся паехаць і Жамойда. Але Паўло Шкварка, які вёз у леспрамгас дубовыя калодкі і падрадзіўся падвезці Вікцю, запратэставаў — у кабінцы ўтрох не паложана. Жамойда хмыкнуў, крутануў незадаволена галавой, громка мацюгнуўся.

— Ладна, едзь. Назад позна вернешся? — пацікавіўся ў Шкваркі.

— А ты мне не ўказ. Калі трэба будзе, тады і прыеду, — сказаў як адрэзаў Паўло, і ў яго было сваё зло на Жамойду, як і ў многіх спрымачоўцаў: цётку нізавошта ў турму адправіў. — Заўтра к вечару прыеду. А мо і паслязаўтра...

Жамойда толькі плюнуў ад злосці, што не па яго выходзіла, але махнуў рукой.

А Вікця, зразумеўшы Шкварку, весела паглядзела на яго, схіліла галаву, каб не рассмяяцца — дзіўна было ёй бачыць такую злосць Казіміра.

— Лысы з лысым пасварыўся, — засмяяўся Паўло, правёўшы даланёй па галаве, — ну няхай ты Жамойду кучары павырывала, а хто ж мне?

У Шкваркі быў добры настрой, ён і Вікцю хацеў падвесяліць.

— Значыць, на чужых падушках выцер...

— Няма чужых падушак, Вікця. З жанчынамі мне не пашанцавала.

Голас у Паўла змяніўся, стаў глухі, ніколі так з ёю не гаварыў.

— Чаму ж так, Павал?

— Асколак ад міны папаў у галоўнае месца. Хай бы руку адсек, нагу, дык туды пацэліў... І смешна, і горка.

Вікцю апякло прызнанне. А ў вёсцы ўсе ламалі галовы — чаму Шкварка не жэніцца, на дзяўчат не глядзіць. Ёй прызнаўся, ведае, што па вёсцы не панясе плёткі разносіць. Яна шчыра пашкадавала яго, уздыхнула.