Выбрать главу

Прыехаўшы ў райцэнтр, спытаў, калі забраць назад. Яна здзіўлена і абрадавана паглядзела на хлопца, перапытала:

— А калі сама позна, Павал, хіба чакаць будзеш?

— Буду, — адказаў ціха, не глядзеў на яе. — Раз трэба, то пачакаю.

— А калі сёння не ўпраўлюся, а паеду толькі заўтра?

— Зразумеў. Сёння, значыць, не паедзем. А заўтра ў гадзін дзесяць чакаць буду каля раймага. Л можаш і пазней прыйсці.

— Дзякую, Павал. Харошы ты чалавек. Ніхто не адносіцца ў Спрымачове да мяне так, як ты.

Сказала і адвярнулася. Каб не сустрэцца позіркам. Яшчэ дарогай хацела папытаць, чаму ён так стараецца ёй памагчы, але не асмелілася. Баялася, што прызнаецца ён у нечым такім, што і самой стане няёмка ад пачутага. І не асмелілася.

Эх ты, небарака... Няголены, зблажэлы, цябе ж, братка, не пазнаць — Кашчэй, і ўсё тут. І ў каго ты толькі такі ўдаўся-ўрадзіўся? Бацька ў цябе цвёрдай касці, і матку няўдаліцай не назавеш, а ў самога адкуль такая пастава і рост? Сорам на людзі паказвацца — няўклюдзіна. І дзеці ў цябе, напэўна, такія ж міхалапчыкі будуць — маленькія, дробненькія, як тыя бульбінкі, што ў вайну збіралі, каб пракарміцца...

Косцік глядзеўся ў люстэрка і смяяўся з самога сябе, наводзіў крытыку. І чым больш самаеднічаў, тым больш смех разбіраў, дурная весялосць падступала.

Зайшоў Жыльскі. Сеў побач, на табурэтку, праз шкельцы акуляраў свяціўся шчыры пагляд.

— Як пачуваеш, Міхалап?

— А як у Бога за пазухай, Мікіта Кірылавіч. Але што са мною было? Тое, што мяне як цапамі малацілі, я ведаю. Што левую руку перабілі і нагу пашкодзілі, пра тое здагадваюся, бо ў гіпсе столькі дзён трымалі. Але што рабілі мне ў жываце — парэзаны ўвесь.

— Нічога. Мінавала ўсё. Забывайся на тое.

— Перытаніт, чуў, там нейкі знайшлі. Што за хвароба такая, цікава?

Жыльскі матаў галавой, жмурыўся, з акна свяціла яркае сонца.

— Ніколі ж, здаецца, і жывот не балеў, а тут... Так, толькі пападзіся да вас, дактароў, дык вы тысячы хвароб знойдзеце... Кажуць, сіраце дык перакіпіць і ў жываце. А ў мяне наадварот: на каго Бог, на таго і людзі, і ўсё-ткі я даў маху, ой даў... Правільна Палатка пра мяне казала, што няма розуму. Праўда, няма...

— Не шкадуй, Косцік. Рабіў ты ўсё правільна. Інакш ты і не мог.

Жыльскі сціснуў губы трубачкай, унурыўся ў сябе.

— У абход бы цяпер, да сваіх гаёў і дубраў, да Яркавага дуба. А як там мае барсукі? Цікава, ці нагулялі тлушчу на зіму, ці не трывожыць іх хто? Вось зразумець не магу — як я выкуліўся з той каляіны. Сам ці хто памог... І міліцыянер не паверыў, калі сказаў, што нейкі звер выграб. Пасмяяўся нават, пэўна, падумаў, што я таво... — Косцік пакруціў пальцам каля скроні, усміхнуўся.

Жыльскі пасядзеў яшчэ нейкі час, пакурыў, пускаючы дым у прачыненае акно, ляпнуў сябе па каленях:

— Ну, што, Канстанцін, пайду я — здаваць дзяжурства трэба. Заўтра наведаюся.

У палаце зноў стала ціха. Міхалап не вытрымаў — падаўся на вуліцу.

Думалася яму светла і мройна. Пражыты нейкі адрэзак часу. За плячыма партызанства, хаця і не здзейсніў нічога гераічнага, за што даюць вялікія ўзнагароды. Але ж медаль заслужыў. Стараўся як мог браць на свае плечы цяжар вайны. Як бралі Ладзік Жменька, Лявон Громаў, Мікіта Ладуцька, Міхал Клімаш, Стась Мілёнак, дзед Ерамей і Жыльскі.

Леснікоўствам ён быў задаволены. Іншага не хацеў. Адзінае, што непакоіла і пазбавіцца ад думак не мог, гэта Любі-трава. Вікця і памагала яму, калі рэзалі на аперацыйным стале, калі поўз па лесе... Эх, Любі-трава, травачка-зёлачка, думалася яму, пэўна, будзем ісці мы з табой тымі сцяжынамі, якім ніколі не перакрыжавацца... Хаця ж будзем ісці ў адзін бок. І паасобку будзем несці свой боль, сваю нуду і тайну. З-за гэтага я не раз буду крыўдзіць Палашку, яна і не будзе здагадвацца, з-за чаго. А мо і здагадаецца.

Па вуліцы прагрукацела падвода — нібы па спрымачоўскім мосце праз Лабасова, нехта нецярпліва сцебануў пугай каня, падагнаў гучным «но-о! — ну, акурат як Ладзік. Пасля праехала грузавая машына, і вадзіцель некаму пасігналіў.

Штосьці зрушылася ў яго душы, пераламалася на лепшае, і ён цяпер на жыццё глядзеў крыху інакш, іншымі вачыма. Нездарма ляснічы Карабкоў казаў яму, што ў воблаках лётаў. Як і Паліна гаварыла. Найперш неабходна надацца да Карабкова — папрасіць лесу на хату. Пагэтаму да гэтага трэба з Ладзікам параіцца, мо падкажа што. Хата трэба. А то з Палінай стукаешся азадкамі, аж сорамна. Жонка, праўда, маўчыць. Але што ёй гаварыць, і так зразумела, што рабіць нешта трэба. А ляснічы не адмовіць...