Выбрать главу

На плошчы, непадалёк ад бальніцы, загаварыла радыё. На ўвесь раённы цэнтр звінелі песні, прысвечаныя правадыру Сталіну.

Пой, земля, сверкай цветами В этот гордый, светлый час!.. Слово Сталина меж нами, Воля сталинская в нас! Все вперед, полком единым Большевистский строй идет. Летом сталинским, орлиным Мудрый вождь страну ведет...

Зашамацелі кусты вербніцу — нехта прадзіраўся скрозь іх.

— Казалі, што тут дзесьці, — пачуўся вясёлы Ладзікаў голас. А ўбачыў, як не крыкнуў: — Ды тут ён, Мікіта Парфенавіч! Ну, страчай, браце, гасцей! — Ладзік шырока раскінуў рукі — асцярожна абхапіў за плечы. Схаваўся, што і з міліцыяй не знойдзеш. Во што значыць лясны вепр — так і цягне ў гушчарняк.

Абняліся, паціскалі адзін аднаго. Затым Ладуцька абняў Міхалапа, у вочы зазірнуў, заўсміхаўся радасна. Побач скакаў Грай, радаваўся сустрэчы.

Ладзік быў у тым самым касцюме, што і на вяселлі, у хромавіках — бліскучых і гармонікам сплюснутых, у сарочцы наросхрыст, у фуражцы-шасціклінцы. Вочы неспакойныя, мітусіўся, быццам муляла што. Косцік не звярнуў на тое ўвагі.

Гаварыў найбольш Жменька. Расказваў пра ўсе навіны, што былі ў Спрымачове — як быццам баяўся спыніцца і зрабіць пярэдых. Гаварыў найбольш пра вясёлае, пры гэтым і сам смяяўся, матляючы галавой. Ды нешта не спадабалася Косціку ў яго паводзінах, нейкую насцярожыпку адчуў.

— Падкавалі троху, Кастусь? — Ладуцька перабіў Ладзіка.

— Ага. Каб не вы, капцы мне былі б там...

— То Грай цябе знайшоў.

Міхалап гладзіў сабаку, часаў за вухам.

— Дзед Мікіта, я ўсё думаю — хто мяне з каляіны выграб?

Ладуцька паціснуў плячыма, плямкнуў губамі:

— Я і сам, братка, даўмецца не магу. Міліцыя вазіла вадзіцеля на тое месца. Пацвердзіў, што цябе закопваў кульгавы. Не ведаю, калюх-калюха. Сабака — не сабака і як быццам не янот. А мо барсук, га?

Косцік крутануў галавой:

— Барсук?.. Не падобна, каб ён, ды і далекавата яны жывуць ад таго месца. Ну й дзяла...

— Як сажа бяла, — падхапіў Жменька.

— А мо і другое. Там жа балота побач. А ў ім, я ведаю, чэрці водзяцца. Вось нехта з іх, рагаценькі такі, і памог табе — не захацеў губіць тваю душу...

Дзед гаварыў сур'ёзна, толькі міргануў Ладзіку.

— Ну, Мікіта Парфенавіч, на дасі засумаваць, — смяяўся Міхалап.

— А навошта сумаваць? Весяліцца трэба — жывы, папраўляешся. Таму мы тут з сабой прыхапілі... — Ладуцька засунуў руку ў сумку, выцягнуў адтуль бутэльку, некалькі гуркоў, нарэзанага скрылікамі мяса. Ладзік дастаў шклянкі: — Па кроплі за выздараўленне.

— Я не ведаю, ці можна мне, — Косцік паглядзеў на дзеда.

Ладзік найграна пакрыўдзіўся:

— А мы, таварыш Міхалап, да цябе не напіцца прыехалі. Мы за цябе хочам выпіць. За тваё здароўе.

У Косціка ад глытка закружылася галава. Стала хораша на душы ад таго, што ў яго ёсць такія сябры, што яны не забыліся пра яго, прыехалі праведаць. І ён абняў іх, уздыхнуў расчулена:

— Здорава, што вы да мяне прыехалі. Ай як добра!

І ў той самы момант, як прыняў рукі, падалося, што нехта пільна глядзіць на яго. Міжволі павярнуў галаву. Быць такога не магло — на яго, стоячы за плотам, паглядала Вікця, ён выразна бачыў яе вочы, прыгожы заклапочаны твар. На ёй была квяцістая хустка. Яна спрабавала ўсміхнуцца, нібы клікала да сябе. Потым нахмурылася, бы шкадавала, што ён не адзін, з мужчынамі, якія яе ведаюць. Махнула яму рукой і раптоўна знікла, бы растварылася...

Нейкая сіла падштурхнула Міхалапа з лаўкі. Пачыкільгаў хуценька да плота. Абагнуў клумбу з даўно завялымі кветкамі. Перагнуўся, глянуў у адзін бок вуліцы, у другі — яе не было. Як прыснілася ўсё роўна.

— Косцік, ты каго там выглядваеш? — крыкнуў з лаўкі Жменька. — Мо маладзіцу тут чакаеш, а мы перашкодзілі?

Назад клыпаў павольна, раз-пораз аглядваўся, верыў і не верыў, што бачыў яе. ён прыкульгаў, сеў зноў між іх, ціха папрасіў:

— Капні, дзед, яшчэ пару кропель. Смыліць нешта ўсярэдзіне, спасу няма.

Дзед са здзіўленнем выканаў яго просьбу, не забыўшыся і пра сябе з Ладзікам.

Хацеў пагаварыць са Жменькам пра хату, каб майстроў харошых напытаў, але нешта замінала, перадумаў. І пасля, развітаўшыся са сваімі гасцямі, зноў падумаў — чаму ў Жменькавых вачах праглядваўся сум і маркота.

Правёў іх да варот бальніцы і вярнуўся зноў да лаўкі. Усё чакаў: вось-вось з'явіцца зноў Любі-трава...

Міхалап чакаў яе да таго часу, пакуль не пачало сутоньвацца неба — усё яшчэ песціў у сабе тайную надзею.