Вікці не было.
Яна стаяла каля плота раніцай: пэўна, ведала, што будзе чакаць. Павіталася, нечага сталі мокрымі вочы, а праглядвала радасць.
— Я ўчора прыходзіла, ды ў цябе дзед з Ладзікам сядзелі, — як апраўдвалася, гаварыла жанчына. — Зблажэў як...
— Вікця, тут ёсць лавачка, пасядзім.
— Не, Косцік, то я ўчора мела час. А цяпер мяне машына каля крамы чакае. Я радая, што ўсё абышлося.
— Толькі ты мне памагла выжыць, Вікця. Толькі ты...
— Праўда, Косцік? — яна наблізілася да яго блізка-блізка, абняла за шыю, пацалавала ў губы моцна і парывіста.— Дзякуй за такія словы. Яны і мяне ажывілі...
Яна пабегла адразу, абярнулася, скрушна прамовіла:
— Косцік, прабач, што скажу. Мо ад мяне не так будзе балюча. Яны, напэўна, не сказалі табе. Ладзікаў Лёнік загінуў.
— Калі, Вікця?
— Заўчора пахавалі. Міну нейкую разбіралі. Прабач, ён твой сябра, таму і сказала. Не гневайся...
«Не сказаў, не намякнуў, смяяўся, радаваўся, што я вылузаўся з лап смерці. А ў самога што было на душы...»
Сціснулася сэрца, запякло ў вочы. І ён не бачыў, як па вуліцы спяшалася да магазіна Любі-трава...
Косцік выпісаўся з бальніцы перад Новым годам. Ладзік прывёз яго на санях, прыхапіўшы кажух,— пяклі лютыя маразы.
Праз два гады адбудаваўся Жамойда. Спрымачоўцы не ўдзельнічалі ў талацэ, ён наняў будаўнікоў аднекуль з-пад Турава. Добра карміў і паіў іх, але заплаціў не тую цану, на якую дамаўляліся.
— Каб у тваёй хаце мышы не вяліся, — пажадалі, пажартаваўшы, цеслі і, насунуўшы шапкі на патыліцы, падаліся дадому. — А ў нас каб кішэні дзірак не мелі...
Не ведаў Жамойда, што яны паслалі яму самы страшны праклён, які існаваў на Тураўшчыне. Пра мышэй яно так выходзіла — калі ў селішчы нічога, то і мышам чаму весціся? Яны зычылі яму, каб у хаце не было ладу і шчасця.
Ладуцька ляпіў з гліны смешных звяркоў і людзей. Палешукі ў яго выходзілі з гумарынкай, хітраватыя. Спрымачоўцы пазнавалі ў асобных фігурках то бабу Настазю, то Чыкана з Чыканіхаю... Сам ганчар не мяняўся, быў смешны і адначасна дзікаваты, часам і нелюдзімы, як вепр лясны.
Настазя хварэла, на абразы малілася, прасіла Бога, каб забраў да сябе.
Пад вясну, калі пачаў чарнець снег, калі пачалі налівацца сокам клёны, раптоўна памёр стары Міна. Вечарам лёг спаць, а раніцай не ўстаў. Маці яшчэ сварыцца пачала на яго, што залежвацца стаў апошнім часам, што карове пара даваць сена...
Стары не абзываўся. Антоля падышла да ложка, смехам папыталася, мо чарачку гаспадар захацеў.
Калі ж убачыла, што Міна няўцямна глядзеў у столь, да твару дакранулася — і загаласіла.
Ладуцька прыйшоў да Косціка, сказаў анямеламу ад гора:
— Пайшлі труну ў мяне на гарышчы забярэш. Міна для сябе і рабіў яе. З восені ведаў, колькі яму засталося. Калюх-калюха... на два бокі...
Восенню не стала і маці.
Так і не пабудаваўся Міхалап. Застаўся жыць у бацькоўскай хаце, да якой прывыкла Паліна і таму не настойвала на новай.
Потым нарадзіўся Стась...
Паліна з Вікцяй не сварыліся, але і не сябравалі.
Колькі разоў імкнулася Паліна зайсці да яе ў хату— збіралася прыгожы ўзор перазняць. Ды ці то няўпраўка была, ці забывалася. Ды і на вышыванне тое з кожным днём часу бракавала ўсё больш і больш.
Вікці здавалася, што Паліна яе недалюблівала, бо ў яе позірку ніколі не бачыла шчырай зацікаўленасці ці радасці.
Не стаўшы жонкай Міхалапа, жыла яна ў ягоным сэрцы. І сустрэч-спатканняў не было, не мілаваліся, не цалаваліся.
Ідучы з поля, Паліна намерылася ўсё ж зайсці да Вікці. Кашэль зняла з пляча, каля веснік паставіла. Убачыла Вікцю ў агародзе.
Падаў голас сабака, але гаспадыня супакоіла яго адным воклічам.
— Дзень добры табе, — спынілася каля Вікці, аглядала двор — ніштавата ўсё выглядала, акуратна, пагаспадарску: і агарод дагледжаны, і двор, усюды чысценька падмецена. — Ішла паўз хату, успомніла, што зайсці трэба.
— То і добра, — абрадавалася Вікця, зачапіла капаніцу на плот, адчыніла дзверы ў хату. — Праходзь, Паліна...
І ў хаце такі ж парадак — і посуд складзены на стале, і ложкі акуратна засцелены.
— Рэдка хто ў мяне бывае. Як заклятая я ў Спрымачове.
— Як у цябе чысценька, — не ўтрымалася, пахваліла, аглядаючы ўсё, са сваёй хатай параўноўвала — у яе не так, на многія дробязі не звяртала ўвагі...
— Ды якая то чысціня. Проста навяла невялічкі парадак, бо запусціла ўсё, — аднеквалася гаспадыня. — Будзе ў цябе хата, і табе захочацца давесці ўсё да ладу.
— А нам і ў старой добра. Хіба прыбудоўку Косцік зробіць — кухню.
Узоры былі ў шуфлядзе шафы. Там жа і папера, капірка.