Тады ж, выпісаўшыся з бальніцы, Міхалап адразу падаўся да старшыні райвыканкома, напісаў заяву на лес.
— Вось даўно б так, а то... — адобрыў ляснічы пазней.
— Няўпраўка была, Андрэй Мартынавіч.
— Хай няўпраўка ў смерці будзе, а не ў нас,— хмурыўся ляснічы, раз-пораз міргаў вокам — ад вайны быў нервовы цік, і тут жа на паперы налажыў сваю рэзалюцыю.
Вікцю Косцік сустрэў проці сваёй хаты — ішла з крамы, трымала ў руках сумку. Твар бялявы, як і сонца не бачыла, косы акуратна прычасаныя, перавязаны стужкай. І зайшлося сэрца салодкім болем.
— Што новага ў цябе, Вікця?
— Нічога, сына гадую.
— Здароўе як?
— Ды нічога, так сабе... Ты як?
— Нармальна.
Разышліся, а ў душы пякельны агонь, які нічым не патушыш, не выкінеш.
Рэдка выпадалі нават і такія, кароткія, сустрэчы. Днямі ён у лесе, у абходзе, а яна бывае там, ды не ведае, у якіх мясцінах. Апошні раз бачыліся ў кіно, непадалёк сядзела з Жамойдам. Кіно паказвалі ў Ладуцькавай хаце — пра Марэсьева...
Косцікаў абход
Ішлі моўчкі, ступалі след у след.
Бацька ішоў позаду, глядзеў пад ногі.
— Цсс... паглянь... — сын насцярожліва падняў руку.
Наперадзе, крокаў за дваццаць ад іх, стаяў сахаты.
Ён важна і ганарліва ўзняў галаву, смешна адтапырыў губу, пагардліва глядзеў наўкола.
Магутныя рогі дакраналіся да ніжніх галін граба, і ён цёрся імі, стрэсваў лісце — як забаўляўся. Побач тапталася малое, не адыходзілася далёка.
— А ён нас зусім і не баіцца, — прамовіў знарок гучна сын, каб праверыць свой довад, — лясны жыхар не скрануўся з месца, нават не зірнуў у іх бок.
Здаволіўшыся, ён адышоў ад дрэва. Упёрся рагамі ў раскідзісты клён — на зямлю абрынуўся лісцяны жоўты дождж. Мусіць, сахатаму такая гульня была даспадобы, бо ён увайшоў у азарт і часаў рогі аб іншыя дрэвы.
— А чаго яму баяцца нас? Што мы яму кепскага зробім? — любаваўся ляснік ласямі, і ў яго святлее твар, як і ў сына. — А дзе ж ласіха, чаго адстала?
— Дзесь затрымалася.
— Ды не, яна ад малога далёка не адыходзіць.
— Ты ведаеш гэтую сям'ю?
— А як жа. Мае старыя знаёмыя. Гэта ж Цар і Царыца. І Царэвіч малы. Бачыў, дзе і нарадзіўся — каля Вятчынкі.
З густога ельніку пачуўся голас ласіхі — працяжны, зазыўны. Ён адказваў спакойны і ўладны голас гаспадара — супакойваў. А потым паказалася і маці — галава ўзнятая, рухалася як бы па прамой лініі, толькі нагамі перабірала...
Падбегла да сахатага, аблізала цялё і толькі тады паглядзела на людзей — абыякава, толькі чмыхнула, выпускаючы з наздрын белую пару.
Добра была бачна поўсць сахатага — колеру цемнаватага, як не чорнага, толькі ногі і галава светлыя, бы прыцярушаныя снегам...
Першай схамянулася ласіха, капытом ударыла зямлю. Павяла галавой па баках і аддала нейкі загад. І ў той жа час лось рушыў наперад, узняў высока раскідзістыя рогі.
Чуваць было, як затрашчалі сухія галіны. Следам пасунулася з малым ласіха...
Пасля іх яшчэ доўга ападала, чапляючыся за голле, жаўталісце, ткала восень сабе стракатую посцілку...
— Як цікава ў тваім лесе! — сказаў узрушана Стась. — Тут сваё жыццё, свае цуды.
— Правільна, сын, я рады, што ты разумееш гэта.
Пад нагамі шабусцела лісце, на яго ападала новае,
спрэс укрывала зямлю.
— Рабіна кажа, што зіма лютай будзе, так?
— Правільна, сын. Шмат яе ў гэтым годзе.
У Княжыце было ціха, як быццам рыхтаваўся бор да свайго зімовага сну.
— Пачакай, сын, прысяду трохі, — папрасіў бацька.
Кепска мо? — устрывожыўся сын, паглядзеў заклапочана на яго.
— Блажыць нешта. Нічога, пройдзе...
Праз нейкі час Косцік устаў, паглядзеў на блакітнае неба.
— Пайшлі, Стась. Адпачыў я. Цяпер — норма. Зноў першы пайшоў сын, пратоптваў бацьку сляды.
Колькі год памочнікам у Карабкова быў Лукашэвіч. Працаваў раней на Віцебшчыне, быццам бы і ляснічым, але пра тое ён ніколі не казаў. Як прыехаў у Спрымачоў, найперш з Жамойдам схаўрусаваўся. І той часта запрашаў яго да сябе — то на чарку, то на скварку.
Мітуслівы, забываў, што гаварыў перад гэтым ці загадваў зрабіць. Любіў чарку. Такім яго ведалі спрымачоўцы. І ўсур'ёз не ўспрымалі.
Аднойчы, набраўшыся каньяку, цалавацца ўжо лезлі адзін да аднаго.
— Як я цябе люблю, Жамойда. Страх... Вось вырасце сын, вывучыцца, у інстытут лясны ўладкую. Вось пабачыш.
Выпілі зноў. Жамойда спытаў хрыплым голасам:
— Лаўрэнавіч, хочаш быць ляснічым?
— Хачу. А як гэта зрабіць? — паглядзеў на Казіміра ўжо цвяроза і сур'ёзна.