— Калі не будзе Карабкова, хто павінен заняць яго месца?
Лукашэвіч крутануў галавой, як бадаўся ўсё роўна:
— Я?
— Вот іменна. Значыць, трэба зрабіць так, каб не было Карабкова.
— А як жа ты гэта зробіш?
— То ўжо мой клопат. І — маўчок.
Лукашэвіч плямкнуў губамі:
— Пра што гаворка...
Косціка блажыла яшчэ з начы — адразу як лёг.
Раніцай адчуў, як пад грудзі падкаціўся даўкі камяк — бы дзічку-паданку зялёную праглынуў ды пракаўтнуць не мог. І цененька звінела ўвушшу. Ноччу ўставаў колькі разоў і піў ваду, але не памагала, даўкасць не праходзіла.
«Няўжо прычапілася, праклятая? Ды не ў пару...»
Косцік крочыў па Княжыце, шукаў таксатараў. З імі работы на цэлы дзень. На момант яму падалося, што праяснела ў галаве, што млоснасць адступіла, пакінула яго.
Зразумеў: не адступіць, бо ўчапілася зладзейка. Прыняў рашэнне — не ісці ў дзялянку. Толькі марокі будзе людзям з ім. А Карабкоў зразумее, чаму падвёў таксатараў...
Паліна ўсё чула, здагадвалася, што зноў Косціка пачала мучыць незразумелая хвароба. Таму калі ён уваліўся ў хату — збялелы, з перакошаным тварам, асабліва не здзівілася, радая была, што вярнуўся, што не ў лесе пераносіў сваю хваробу.
— Прыляж, Косцік.
— Добра, але ты не зважай на мяне... Я сёння, бач... Падчапіла...
Яна абрадавалася, што загаварыў, што ўсё разумее. І раней так было — ні з таго ні з сяго, не баліць нічога, а скручвае так, што і свет не мілы. Так казаў ён пасля пра сваю хваробу.
Напалохалася, як было з ім першы раз. Кідала тады яго ў бяспамяцтве па хаце, калаціла. Скрыгатаў зубамі, біў кулакамі па стале, а то нечакана смяяўся, успамінаў лес, Паласаціка, Рыжуху...
— Кладзіся, Косцік, — узяла яго за руку Паліна, але ён груба адпіхнуў яе, добра, што паспела вывернуцца.
Убачыла, што хвароба толькі пачыналася.
— Дочачка, прыглянь за ім, — папрасіла Паліна, за клямку ўзялася, — я да фельчаркі збегаю...
Галя засталася з бацькам, пашкадавала, што не было Сяргейкі — пайшоў да хлопцаў. Косцік хадзіў па хаце, махаў рукамі, смяяўся, нешта збіраў на падлозе. Як Галінка была малая, аднаго разу ён быў на добрым падпітку — прыйшоў з вяселля, і вось так яго насіла... Значыць, і тады было такое ж, толькі думалі, што ён быў п'яны.
Бацька паглядаў на яе — і не бачыў, вочы былі невідушчыя, чырвоныя, быццам не спаў колькі начэй.
— Я цябе ўсё роўна знайду, — некаму пагражаў бацька, кулаком зноў махаў, і Галіна закрылася рукамі. — Ты не думай, Любі-трава, што так усё проста ў жыцці. Белыя лебедзі ляцелі, ды не на маіх азёрах селі. Чаму, я ў цябе пытаюся? Не скажаш... І я не ведаю. Паласацік ведае, бо я вінаваты перад ім, і мая віна ад вайны ўва мне жыве. Громаў не пасылаў мяне, я сам, бо трэба было Любі-траву ратаваць, каб не засохла... І ты тут, дзед? А я думаў, што ты не прыйдзеш. На суд усе прыйдзем, бо мы аднолькава вінаваты. Усе чыста вінаваты, да аднаго. Яркаў дуб — цар над усімі, і ён будзе гаварыць пра ўсё. І Вятчынка. А ты не хавайся, усё роўна знойдуць, скажуць, што ты, Рэцыдывіст, вінаваты перад чалавекам. І чалавек перад табой таксама.
Галіне хацелася падысці да бацькі, сказаць што-небудзь ласкавае і добрае, каб пачуў, каб перамяніўся, не палохаў яе. Яна дакранулася да рукі, але ён вырваў сваю.
— І я вінаваты, чаму ж не. А толькі мне больш баліць, чымся табе. Не ведаеш? Ну і не трэба. Я ў сабе насіць боль буду. Не хачу, каб і табе балела.
Галя пазірала на бацьку і мо ці не ўпершыню ў жыцці адчула, як яму цяжка... Ён найчасцей маўклівы і задумлівы. Хіба ж адчуеш, чым ён жыве, што яго непакоіць? Цяпер жа ён некаму расказваў пра свае турботы. Як скардзіўся ўсё роўна. На бацьку яна ўжо глядзела не з такім страхам, як перад гэтым. Трывога і страх адступілі. На змену прыйшло разважлівае шкадаванне.
Загрукацела ў сенцах, у хату зайшлі маці, Ладуцька і фельчарка Карабкова. Бацька ж хадзіў па хаце, вёў сваю размову, на людзей не звяртаў увагі.
— Во паглядзіце, Наталля Мікалаеўна, ні з таго ні з сяго...
— Ціха, — перабіла яе Карабкова, крануўшы за плячо.
Ладуцька памкнуўся да Косціка, але жанчына не дазволіла — набрала кубак вады, усыпала туды нейкага белага парашку, пачакала, калі растворыцца. Выбірала момант падступіцца.
— Гэта за Яркавым дубам, недалёчка адсюль, — загаварыў Косцік.
— Я ведаю, — падхапіла размову Наталля Мікалаеўна і падышла да яго, — за Яркавым дубам. Але ж ты піць хацеў. Косцік, на, папі з крынічкі...
Міхалап спыніўся, паглядзеў у бок жанчыны:
— І ты тут, Любі-трава?
— Тут я, тут. Ты вады прасіў, папі.
Ён піў прагна, быццам даўно яго мучыла смага. Дапіў, і кубак выпаў з рук, пакаціўся па падлозе. Яго падняла Галя.