Міхалап падышоў да акна, уздыхнуў. Карабкова паглядзела на Паліну, кіўнула: нічога, цяпер ужо нічога, не хвалюйся, ён пахадзіў яшчэ па хаце, але гаварыў цяпер мала, пачэсваў падбароддзе, успамінаў нешта, пазяхнуў.
— Ты пасцяліла мне ложак, Паліна?
— А як жа, Косцічак, — абрадавалася жонка, пачуўшы яго просьбу — значыць, сапраўды пайшло на лепшае. — Кладзіся...
Не распранаючыся, лёг на ложак. Паклаў галаву на падушку. Засынаючы, усміхаўся, як малое дзіця, якое перад гэтым адчула вялікую радасць.
— Ну, вось і ўсё, — прамовіла Карабкова, зашпільваючы сумку з медыкаментамі, паправіла блакітную касынку на галаве. — Спаць ён будзе тры-чатыры гадзіны. І ўстане здаровы. Нічога страшнага. Жыльскі казаў, што тут нічога парабіць нельга — вынік кантузіі. Ад вайны гэта ў яго...
У лясніцтва Міхалап прыходзіў звычайна а палове восьмай гадзіны. Да гэтага часу Паліна заўжды рыхтавала яму сняданак — абірала бульбу, смажыла на патэльні сала і яйкі, як заўсёды, на стале былі агуркі і капуста, кіслае малако. Сядаў за стол адзін альбо са Стасем, які збіраўся ў школу. Пакуль снедаў, Паліна ладкавала сумку, клала туды абед і ўтыркала бутэльку малака.
— Пара б ужо, Косцік, і пра дровы падумаць, — нагадала жонка, вілачнікам паправіла ў печы чыгуны.— Сама цяпер і нарыхтоўваць.
— Ведаю. Вось упраўлюся з работай у абходзе, са Стасем выберам дзень.
— Доўга ж, аднак, выбіраеш.
У голасе Паліны непрыхаваны папрок, ведала, калі не напомніш загадзя лішні раз, то загалуніцца сваімі клопатамі і апамятаецца хіба летам. Што ўжо і не раз было. Гэта ж падумаць: жывучы ў лесе і без дроў застацца.
Падняўся ўжо і Стась, выйшаў на кухню, сонна абазваўся да маці:
— Ну чаго прычапілася з дрыўмі, нарыхтуем.
— Так ёй, сын, падкінь, а то зусім мяне заела, — заўсміхаўся бацька, радуючыся падтрымцы.
— Цябе заясі, — Паліна ўжо высыпала бульбу ў цабэрак, паглядзела нязлосна на яго. — Любая піла аб цябе зубы паламае... А ты, зашчытак, чаго стаў? Табе ж у школу пара, мыйся ды снедаць будзеш.
— А хіба я за ноч умазаўся? — жартаваў сын, пазяхаў, корпаўся вечарам доўга ў старым прайгравальніку, паяў.— Сёння настаўніца дазволіла на першыя два ўрокі не прыходзіць.
— А чаго ж гэта табе такая прывілея? — маці адарвалася ад работы, разагнулася.
— Таго, што першы — чарчэнне. А я ўжо здаў чарцяжоў на некалькі ўрокаў. Другі ўрок фізкультуры. Дык я ж бегаю хутчэй за ўсіх у школе. А фізкультура і так кожны дзень — сем кіламетраў туды і назад.
— Бач ты, як аб'ясніў, — кіўнула задаволена маці, яе радавала, што сын вучыцца няблага, што дома памагае.
Косцік дапіў малако, устаў з-за стала.
— Доўга сёння будзеш?
— Не ведаю. Райзаг за дрыўмі прыедзе. А што?
— На ферме няўпраўка. Мо пасобіў бы. Галя занятая...
— Пабачу, мо і раней прыйду.
Косцік апрануў фуфайку, насунуў на галаву шапку, начапіў на плячо сумку.
На вуліцы было марозна. У кузні ўжо з раніцы глуха бэхкаў молатам Рыгор Швед. На ферме вуркатаў трактар-кормараздатчык. Пераклікаліся механізатары — разагравалі трактары. Гарачая пара ў іх — возяць на палі арганіку.
Пад кірзачамі парыпваў снег, бы ішоў па капусце. З комінаў хат віліся белыя дымкі, роўненькім струменьчыкам імкнуліся ў неба.
Гарэла святло ў Ладуцькі — з вуліцы было відаць, як ён тэпаў па хаце. На вокны стары ніколі не вешаў фіранак.
Насустрач, падганяючы каня, нехта ехаў у санях.
— Здароў, Косцік! — павітаўся Савось Чыжэўскі.
— Здароў! Калі за дрыўмі прыедзеш?
— Часу ўсё няма, ядры яго качалку. Жонка ўжо шыю перапіліла...
Міхалап усміхнуўся — як і ў яго, на ўсё часу не хапае, усё датачыць да сутак хочацца некалькі гадзін.
У канторы лясніцтва гарэла святло. Праз акно ўбачыў намесніка ляснічага Лукашэвіча. Каля яго сядзеў
Жамойда. Пра нешта гаварылі. Жамойда жэстамі паказваў некуды за спіну, а той ківаў галавой.
Карабкоў адлежваўся ў бальніцы. Зацягала яго пракуратура на свае гутаркі. Нехта напісаў у райком партыі ананімку, што ляснічы шмат прадаў лесу, паклаў сабе ў кішэню тысячы рублёў, што па яго віне загінула драўніна... Здагадваліся, хто напісаў.
Міхалап абабіў ногі ў калідоры, адчыніў дзверы. Усе павярнуліся да яго, як ён зайшоў. Адказалі дружна на яго «дабраніцы». Жамойда толькі зіркануў у яго бок і зноў загаварыў з Лукашэвічам.
На лаўцы пасунуўся Міхал Клімаш, даў месца. Паручкаліся.
— Як жыццё, Міхалап?
— А як у бульбы.
— Як гэта, Косцік? — спытаў Іван Хіял, што сядзеў леваруч, настроіўшыся на вясёлы лад.