Выбрать главу

Рыгор. (насмешліва). Нічога, я найму яму таксоўку!

Ган. Я хацеў прызнацца ў канцы вечара… (Стаіць.)

Рыгор налівае сабе, але не п'е. Паўза — пакуль ашаломленыя Алена Яўгенаўна і Васіль Васільевіч асэнсуюць навіну.

Васіль Васільевіч. Ты хлусіў… Але навошта?!

Алена Яўгенаўна. Алесь, ты ж плаціў нам грошы! Сапраўдныя — я мяняла! Навошта ты хлусіў, калі і так…

Наташа (перабівае). Якая вам розніца?! А калі б наняў у нас кватэру зусім іншы чалавек? Які не хлусіў бы, але плаціў не трыста даляраў, а дзесяць? Вам ад гэтага лепш было б?

Рыгор. Стоп! Тут ты вельмі памыляешся. Якраз вельмі важна, навошта ён хлусіў.

Наташа. Алесь, ды скажы ты хоць што-небудзь!

Рыгор (Гану). А сапраўды, скажы. Навошта табе спатрэбілася плаціць заместа дзесяці — трыста даляраў!

Ган маўчыць, не падымаючы галавы.

Тады я за яго скажу. Ён пісь-мен-нік! Разумееце? Пісьменнік! Я не паленаваўся пайсці ў інстытут, затым — у інтэрнат, пагаварыў з хлопцамі, з якімі ён жыў, яны паказалі мне часопісы з яго апавяданнямі! Вы патрэбны былі яму як натура, як матэрыял для сюжэта!

Паўза.

Наташа. Алесь, гэта праўда?

Ган маўчыць.

Ты пісаў пра нас? Пра нашую сям'ю? І дзеля гэтага вывучаў нас? Выпытваў… Эксперыментаваў… Хлусіў… Не шкадаваў грошай, каб дабіцца ад нас шчырасці?

Ган (глуха). Я збіраўся расказаць у канцы вечара… (Ускідвае галаву.) Так! Я пісаў пра вас! Вывучаў вас! Так — гэта быў эксперымент! Але ж я заплаціў за яго! Не грашыма, не далярамі заплаціў! А тым, што я — чалавек з вуліцы — прыйшоў да вас, чужых людзей, якія жылі бедным, шэрым, беспрасветным жыццём, — прыйшоў і адкрыў вам прасвет! Падараваў вам трыццаць дзён казкі, надзеі, веры! Няўжо гэта не акупляе маёй хлусні? Паглядзіце, як вы за гэты месяц акрыялі, памаладзелі, як змяніліся адносіны паміж вамі!

Невялікая паўза.

Наташа. Чаму ты не сказаў гэтага тады, на лаўцы?

Ган маўчыць.

Я сама ведаю цяпер чаму. (Задумваецца на імгненне.) Пачакайце, я зараз…

Наташа выбягае. Чуваць, як яна набірае тэлефонны нумар, потым гаворыць з кімсьці.

Алена Яўгенаўна. Алесь, ты… вы і пра бацькоў хлусілі? Што вы сірата?

Ган. Не!

Васіль Васільевіч. А я здагадваўся…

Наташа вяртаецца.

Наташа. Ты не сказаў тады, на лаўцы, бо пабаяўся? Бо не быў яшчэ да канца сабраны матэрыял? Пабаяўся, што не дапішацца раман, ці аповесць, ці што ты там пішаш? Ты хацеў давесці сваю ролю да канца? Пабыць на імянінах, потым прызнацца… Паглядзець, што з гэтага атрымаецца… І тады са спакойнай душою дапісваць фінал?

Ган маўчыць.

Дык будзе табе фінал. Пачакай (глядзіць на гадзіннік) хвілінак дзесяць…

Алена Яўгенаўна. Што ты прыдумала?!

Наташа. Нічога, я добра прыдумала…

Ган раптам выбягае, хутка вяртаецца са стосам спісаных лістоў.

Ган. Вось! Вось чарнавік твора пра вашую сям'ю! Тут гісторыя добрага, разумнага і сумленнага, але слабага чалавека, які столькі гадоў не можа забыць сваю першую жонку і ад таго пакутуе, не можа дараваць сабе, што колісь крыўдзіў яе! Вось гісторыя мілай, цярплівай, адданай жанчыны, якая любіць свайго мужа і сваю дачку больш за ўсё на свеце, якая рвецца з усіх сіл, каб не ёй, а ім было трохі лягчэй жыць! Вось гісторыя таленавітага мастака, што вымушаны туліцца ў аднапакаёўцы, без майстэрні, днямі мерзці каля «Салона» на праспекце ў надзеі прадаць карціну і ўвечары вяртацца дамоў ні з чым! А яго творы маглі б упрыгожыць карцінныя галерэі Еўропы! Вось гісторыя пра дзяўчынку, якая заслужыла прынца, заслужыла сваёй духоўнай і знешняй прыгажосцю! Тут, на гэтых лістах, гісторыя будзённага, беспрасветнага жыцця, у якое, як свежы вецер, урываецца раптам добры прынц… Так! Хай у выглядзе маны! Але як змяняюцца гэтыя людзі! Якія перад імі разгортваюцца перспектывы! Як ім адразу цікава робіцца жыць!

Званок у дзверы. Наташа бяжыць; чуваць, як гаворыць з кімсьці, хутка вяртаецца. Трымае нешта, заціснутае ў кулаку.

…І фінал, Наташа, у мяне быў напісаны даўно! Хэпі энд… Шчаслівы фінал! Багаты кватарант жэніцца з дзяўчынкаю, яны едуць у Швецыю, бацькі дзяўчынкі дажываюць свой век спакойна і радасна, ні ў чым не маючы патрэбы, мастак атрымлівае ў дарунак вялізную кватэру ў цэнтры Мінска, з майстэрняю…

Рыгор смяецца.

Я хацеў падараваць вам казку! Хацеў хоць на паперы даць кожнаму з вас тую долю, якую ён заслугоўвае! Светлую, шчаслівую долю! Але я памыліўся… Вам непатрэбны казкі!

Невялікая паўза.

Наташа (працягваючы Гану тры стодаляравыя купюры). На… Ганарар. Ці аванс. За казку!

Алена Яўгенаўна. Наташа… адкуль у цябе?! Хто гэта прыходзіў?!