Выбрать главу

- А гэта канец...

Пасьля размовы з прапаршчыкам палкоўніка Бурзачылу таксама апанаваў непакой. Ён піхнуў рукі ў кішэні штаноў, крутнуў, па прыкладу штандартэнфюрэра левую ядрыну, спрабуючы такім чынам настроіць мазгі на працоўны лад, але мазгі канчаткова растапіліся, ніякіх канструктыўных ідэй у іх не нараджалася, і палкоўнік, прамовіўшы штосьці дарэшты пэсымістычнае й сугучнае слову «канец», плюхнуўся ў крэсла.

Сытуацыя вымалёўвалася - горай не прыдумаеш. Баявая авіяцыя стаяла ў ангарах бяз паліва - акурат на мінулым тыдні ўвесь яе аварыйны запас - чатырнаццаць бэнзавозаў - загналі лабусам; мабільныя зэніткі яшчэ ў 1991 годзе прадалі армянам, а ўсе шрубалёты ад нядаўніх часін перайшлі на балянс Адміністрацыі і за іхнюю арэнду трэба было выкладваць шалёныя грошы.

Зрэшты, пра тое, што бэнзавозы пайшлі ў Жамойць, ведалі, апроч яго, яшчэ два чалавекі: міністр абароны ды маёр Кукарэка з ваенна-паветранай базы ў Мачульніках. Тавар яны здалі са спакойнай душой: у сераду павінны былі прыйсьці эшалёны з авіяцыйнай газай. Фірма «Хрэнойл» набыла дзеля свайго офіса будынак штабу Чырвонасьцяжнай ваеннай акругі і цяпер разьлічвалася натурай. У войску, вядома ж, кралі і не такое. І кожны раз усё ішло ціха-ціхенька. І раптам гэты званок...

«Зьядуць і не падавяцца. Спачатку шэфа, а потым нас з Кукарэкам», - падумаў той хвіляй палкоўнік, пацёр далоньню драбы, расьціраючы казытлівыя кроплі поту і ў душы пажадаў генэралу Затуліну ды ягонаму швагру - старлею Підуце, які служыў у Беларусі і мерыўся заняць міністэрскае крэсла, - падавіцца хаця б адной сваёй рабрынай.

Хвілін пятнаццаць, а мо й болей палкоўнік сядзеў, раскінуўшыся ў крэсьле, ачмурэла пазіраў на ківач старога гадзіньніка, што стаяў у супрацьлеглым куце кабінэту й ачуўся толькі тады, калі ўнутры масыўнай шафы штосьці рыпнула, а потым гучна бомкнула. Гадзіньнік пачаў адбіваць час: з кожным новым ударам палкоўніцкая галава пудліва ўбівалася ў плечы, пасьля дзевятага ўдару ўбілася па самыя вушы, а разам зь дзесятым ударам дзьверы кабінэту расчыніліся і ў пройме дзьвярэй паўстаў маёр Кукарэка. Мундур маёравы быў расшпілены, фуражка зьехала на вуха, а з прарэху штаноў тырчэў ражок кашулі.

- Чуў? - выдыхнуў Кукарэка не зусім цьвярозым голасам і да палкоўніцкага носа даляцеў пах армянскага каньяку.

«Трахаўся, відаць, са сваёй тэлефаністкай. Нават прарэх не зашпіліў, скаціна», - палкоўнік сашчапіў пальцы рук на патыліцы, зь непрыхаванай пагардай паглядзеў на кампаньёна.

- Ну што, так і будзеш сядзець? - запытаўся маёр, зьняўшы фуражку і прамакнуўшы рукавом узмакрэлую лысіну. - Аб'ект у шасьці кэмэ ад Казловічаў, а яму ні ў галаве, ні ў пяце. Чуеш? Што рабіць будзем?

- А ты што, ня ведаеш? Едзь у Мачульнікі, падымай свае МіГі... - прамовіў, нарэшце, палкоўнік з блазнаватай усьмешкай на твары, і Кукарэка пасьля такіх слоў канчаткова працьверазеў.

- Зьдзекваесься? А мо забыўся, куды мы авіягазу сплавілі? - выгукнуў ацьверазелы маёр, і палкоўніку, каб суняць балбатуна, давялося папераджальна кашлянуць ды кіўнуць галавой у бок тэлефона ўрадавай сувязі.

Маёр пакасіўся на тэлефонны апарат і ў працяг няскончанай фразы ледзь чутна дадаў:

- Нават з бакаў зьлілі.

Хвіліну яны маўчалі, наструнена глядзелі адно другому ў вочы, пасьля чаго маёр, ухапіўшыся рукамі за штрыфелі мундура, нэрвовым крокам прайшоўся ад стала да гадзіньніка, потым ад гадзіньніка да стала і, нарэшце, падбег да апэратыўнай мапы.

«Бегае, як той Ленін у васемнаццатым годзе», - адзначыў пра сябе палкоўнік, з падступным задавальненьнем пазіраючы на ўсхваляванага маёра. Маёр тым часам уторкнуў нос у раён мяркуемага месцазнаходжаньня аб'екта й заклапочана прамармытаў:

- Падлятае да Гракава.

«Гракаў... Ракаў... Акаў», - шматкроць адбілася ў палкоўніцкіх мазгах, і лёгкае хваляваньне халоднай мурашкай казытнула апрэлыя ядры. Пальцы машынальна крануліся скроняў, гадзіньнік у куце адбіў палову адзінаццатай, і ў той жа міг нейкая страшная сіла падняла палкоўніка на ногі. Пад'ём быў такім імпэтным, што Кукарэка сагнуў ногі ў каленях, чакаючы, што Бурзачыла кінецца на яго з кулакамі, але той і ня думаў біцца. Палкоўнік абцягнуў мундур, стрымана кашлянуў і, скіраваўшы погляд на тэлефон урадавай сувязі, урачыстым голасам прамовіў:

- Хтосьці вырашыў прамацаць нашу супрацьпаветраную абарону... Дык мы гэтыя мацакі падкарацім!

Яшчэ імгненьне, і палкоўнік, нацубіўшы на вочы фуражку, рушыў да дзьвярэй, а сьледам за ім кінуўся агаломшаны Кукарэка.