Выбрать главу

— Абслугоўвайце наведнікаў!

Іван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю праваліцца. Ён ужо і ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, і, перакідваючы з рукі на руку брынклівую валізу, кідаў дакорлівыя позіркі на шырозную Лябёдкаву сьпіну.

Пятроўна ляснула дзеля прыліку косткамі лічыльнікаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовіла:

— Два шэсьцьдзесят... наведнікі.

— Дзьве скумбрыны і чатыры хлеба, — усё тым жа афіцыйным тонам прасіпеў Лябёдка, пашнарыў па кішэнях і, зьвяртаючыся да да Івана, прабачальным голасам запытаў: — У цябе пару рваных ня знойдзецца?

Іван зь Лябёдкам расьлі бязбацькавічамі. Іван свайго бацьку толькі на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калі сын яшчэ і ў школу не хадзіў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлію, і яго там, нецьвярозага, забіла на лесапавале. Бязбацькавічы, як вядома — тыя ж браты. Іван мінулым часам цэлымі суткамі прападаў у кінабудцы. У карты граў, кружэлкі круціў на клюбнай радыёле, а вечарамі стужкі перамотваў ды фільмы глядзеў праз адтуліну. Праўда, калі Лябёдка бываў не ў гуморы — з бадуна, ці калі з Мандрычыхай палаецца, — дык мог свайму “брату” і па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогі адціснуцца. І вось, сядаючы за стол і адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Іван з насьцярогаю пакасіўся на сваю былую аднаклясьніцу.

“Стралецкая” — настойка на дзіва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...

Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывіліся, пусьцілі пад ногі густую сьліну і з драпежным выглядам на тварах сталі зьдзіраць зубамі скуру зь перасохлых рыбін.

Пару хвілінаў яны сядзелі моўчкі, грызьлі каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай і, наліваючы па другой, не працадзіў:

— Яны яшчэ пашкадуюць...

Наліў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, і пад пільным Іванавым позіркам трунак уліўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўціка.

— Два разы вымпел атрымлівалі... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмінары езьдзіла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, і стужка праз мэтр ірвецца. — Былы кінамэханік выплюнуў на падлогу рыбіну луску, выцягнуў з кішэні пачак “беламору”.

— А хто круціць? — пацікавіўся Іван, мерачыся запусьціць пальцы ў пачак з куравам.

— Як хто — Мандрычыха!

— Мандрычыха?! — а яна ўмее?

Былы кінамэханік чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, і жоўты вогнік зь вясёлым імпэтам мільгануў у ягоных вачах.

— Мішка Бадуноў круціць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва. — Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьціў дым, і той паволі паплыў у бок вакенца раздачы.

— Мішка ж непаўналетак, дык яна ў Азярышча езьдзіла, дамаўлялася. Казалі, пляшку белай ставіла. Ну і дамовілася, старая курва. Палову стаўкі сабе забірае, а палову Бадунісе аддае.

За сьценкаю зноўку штосьці грукнула, палілася вада, і пачуўся зычны голас Пятроўны:

— Хопіць смаліць! Не ў хляве!

Яшчэ празь імгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мільгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынілася, і загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:

— Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.

Шызы дым, які дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпісам “У нас не курят”.

— Задзяўбла, — прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросіну і, падвысіўшы голас, выдыхнуў: — Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямі працуе!

— Да дваццаці сямі! — крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка страсянуў галавой і падхапіў бутэльку.

Рэшткі “Стралецкай” былі разьлітыя пароўну.

— У кінапракаце цяпер ня ведаюць, што й рабіць. Кінамэханікі ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросяць заяву напісаць. Толькі во ім! — Лябёдка ляпнуў далоньню левай рукі па выстаўленай правай і падняў шклянку.

— Люська! Чаго ты тут мацюкі слухаеш?! Ідзі дахаты! — азвалася за сьценкаю Пятроўна, і Люська, захлопнуўшы кнігу, без асаблівай ахвоты падалася да вешалкі.

— Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жаніцца хачу! — жартаўліва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкі паліто, крутнула пальцам ля скроні.

— У каго, у цябе? — крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кінамэханік, але тая не пачула — выбегла на двор.

Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Іван пацёр лабешнік, п’янавата ўтаропіўся ў супольніка. Ад выпітага кружылася галава, у вушах шумела і ён зусім ня цяміў — пра што вёў гаворку сябра.