Кабета, што цягнула на плячы скручаны ў трубку дыван, яшчэ нешта прабурчэла і Йван, паправіўшы шапку, таропка адышоў убок.
Увечары, калі сядаў у цягнік, на дварэ было адліжна, цяпер жа прымарозіла і ранішні халадок зацята падбіваўся пад крысо палітону, непрыемнымі дрыжыкамі кранаўся сьпіны. Пругкі вецер зьдзімаў з вакзальнага даху туманістую замець, кідаў у твар сухія сьнежныя крупы, і паўсюль, куды ні кінь вокам, шнуравала і віравала белая кудаса.
Апошнія пяць гадоў Іван на канфэрэнцыі ня езьдзіў: не было ахвоты. Пяць белых зімаў праляцелі над лабатай Іванавай галавой. Белагрывыя завірухі шкуматалі па чарзе крысо лядашчага палітону й калашыньне штаноў, секлі шчокі сьнежнымі крупамі, напорліва піхалі ў зад, спрабуючы разварушыць, страпянуць, прымусіць яго сесьці за доктарскую дысэртацыю, ці хаця б напісаць праблемны артыкул — пра дабратворны ўплыў расейскай мовы, аднак Іван не страпянаўся. Ён са здушаным крэканьнем падымаў каўнер, нацубліваў глыбей на вочы шапку і, мружачы левае вока, ішоў ва ўнівэрсытэт чытаць лекцыі па мовазнаўству. За пяць гадоў галава Іванава палысела, дэмісэзонны, гэдээраўскага пашыву палітон дарэшты пацёхкаўся, выхадныя штаны сталі тапырыцца ў каленях, а жыцьцёвыя інтарэсы засяродзіліся выключна на тэлевізары ды на балбатні з калегамі-выкладчыкамі. Душа скурчылася, завапнавалася, схаладнела, як перад вялікім абледзяненьнем, і раптам надарылася дзіва — Лёнькавы званок. “Вань, ты?” — гукнуў з тэлефонных глыбіняў сябрук, і ў той жа міг Іван адчуў, як душа бязважкім балёнікам адарвалася ад пахвіны і ўбілася пад дыхніцу. І захрасла там, згадаўшы маладое, далёкае, напаўзабытае…
Зь Лёнькам Холадам яны вучыліся ў адной групе, і чатыры курсы запар, аж пакуль сябар не ажаніўся з дачкой прафэсара Мамута, жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. Час той схаваўся ў правідным тумане і рэдка калі згадваўся. Але вось дзіва: скалануў тэлефонную мэмбрану, прадзёрся скрозь сіта дробных дзірак Лёнькаў голас і ўваччу паўстаў заліты сонцам пакой на чатыры ложкі, шызы цыгарэтны дым пад высокай стольлю і парэпаныя дзьверы з прыбітым да іх партрэтам Гэмінгуэя — таго самага, купленага ў ленінградзкім Доме кнігі. Згадаліся вясёлыя п’янкі за хісткім, укаранаваным гарачай патэльняй сталом, “храп” да самай раніцы, любошчы ў прыцемным інтэрнацкім калідоры, а яшчэ прыгадаўся слоік са здорам, які яны налаўчыліся кідаць кожнаму, хто ўваходзіў у пакой, і той вымушаны быў яго лавіць, пэцкаючы тлушчом пінжак альбо кашулю. Усе тры дні, пакуль ён рыхтаваўся да паездкі, успаміны лезьлі ў галаву і нават тут, на віхурыстай плятформе, зьнянацку і не да места згадалася, як яны зь сябрам прапіліся на голую бэлю, не заплацілі за месца ў інтэрнаце, і цэлы месяц спалі без падушак, на мулкіх панцырных сетках, падклаўшы пад галовы падшыўкі часопісаў “Молодой коммунист”.
На пятым курсе Лёнька пабраўся з прафэсарскай дачкой — белатварай прыгажуняй Сьветкай, якая да таго часу скончыла Інстытут культуры і працавала на бацькавай катэдры лябаранткай. Холада тады ўсе прызналі кар’ерыстам, і хаця ён патрапіў па разьмеркаваньні ў асьпірантуру, кар’ерыстам Лёнька ня быў: у яго былі іншыя захапленьні. Яшчэ ва ўнівэрсытэце заняўся псыхалёгіяй. Чытаў замежныя часопісы, рабіў зь іх пераклады і, зрэдзьчасу, даваў яму, Івану, аркушыкі папяроснай паперы з падсьлепаватым, пад капірку друкаваным тэкстам. “Артыкул Адлера”, — казаў сябрук, стаіўшы голас. Артыкулы гэтыя Іван, вядома ж, не чытаў. Прабягаў вачыма пару абзацаў, салодка пазяхаў, аддаваў лісткі гаспадару, і той, хаваючы іх ад чужых вачэй, усё тым жа стоеным голасам прамаўляў: “Зараз Райха перакладаю”.
Ужо ў асьпірантуры заўзятара Адлера і Райха пацягнулі ў славуты Камітэт. Рэквізавалі валізу зь літаратурай, прачыталі лекцыю аб варожых падкопах, прымусілі падпісаць нейкую паперу. Зь цесьцем таксама, відаць, пагаманілі, бо стары Мамут потым цяжка захварэў, а праз пару месяцаў памёр. З тае пары жыцьцё Лёнькава пакацілася пад адхон. Увесну прыгажуня-жонка паехала на адпачынак у Крым і там, пад паветкай пляжнай кавярні, пазнаёмілася з футбалістам ерэванскага “Арарату”; спэцкурс “Псыхалёгія чытаньня”, які ён вёў у Інстытуце культуры, скасавалі, а неўзабаве, з ініцыятывы сакратара ўнівэрсытэцкага парткаму, у асьпірантуры правялі камсамольскі сход, на якім асьпіранта Холада назвалі ідэалягічным дывэрсантам…
Віхор, што вылецеў з падваротні, налёг на скронь, працяглым гудам азваўся ў вадасьцёкавай трубе. Плятформа паволі апусьцела, і толькі на вакзальным ганку сноўдалася колькі невыразных, як марлей спавітых постацяў.
На вакзале яго абяцалі сустрэць, таму Іван і стаяў на зыры, прымружана пазіраючы на бокі, і ў той момант, калі ён, абабіўшы сьнег з чаравікаў, памкнуўся пайсьці на аўтобусны прыпынак, з падваротні, адкуль кагадзе вырваўся віхор, гэтак жа імкліва вылецеў даўгяла ў бабровай шапцы. Насаты, аточаны шчыгульнай гэмінгуэеўскай бародкай твар... дробныя маршчыны ля вачэй... зьбянтэжаная ўсьмешка на бяскроўных вуснах. Даўгяла схапіў яго ў ахапак, адарваў ад зямлі, і толькі цяпер, матлянуўшы ў паветры нагамі, Іван пазнаў сябра.