Выбрать главу

— Мансеньёр герцаг да яго вялікасці.

Князь працягнуў камердынеру ліст, і той, пазнаўшы пячатку, растаў у салодкай усмешцы.

— Прашу за мной, мансеньёр, — праспяваў ён. — Яго вялікасць чакае вас, — і, нахіліўшыся да вуха Багуслава, шматзначна дадаў: — Яго правялебнасць таксама тут…

Багуслаў, які адсылаў ліст Рышэлье з просьбай аб аўдыенцыі, дзе нагадваў пра шматгадовае сяброўства паміж першым міністрам Францыі і домам Радзівілаў, задаволена кіўнуў і пайшоў за Ла Шанэ, загадаўшы сваім людзям пачакаць. На парозе каралеўскага кабінета яго яшчэ раз спынілі.

— Ваша светласць без шпагі? — дзелавіта пацікавіўся дзяжурны афіцэр.

— Як бачыце, — разгублена адказаў князь, заходзячы.

х х х

Твар караля Францыі, як і мінулым разам, быў хваравітага жоўтага колеру. Чорная меланхолія, што атручвала сэрца і розум яго вялікасці, таксама нікуды не знікла. Тужліва падціснуўшы бледныя вусны, Людовік скардзіўся мужчыну ў чырвонай сутане на ўласнага сына:

— …на руках у каралевы ляжаў спакойна, а як я падышоў, зароў так, нібы не бацьку, а д’ябла ўбачыў… Каралева яго супраць мяне настройвае!

— Шасцімесячны хлопчык? Госпад з вамі, сір… — пачаў гаварыць кардынал, але, убачыўшы старонніх, павярнуўся да іх.

— Прынц Радзі-Віль, — урачыста абвясціў Ла Шанэ, прапускаючы наперад Багуслава.

Князь ужо прывык, што французы бязлітасна перакручваюць яго цяжкае для вымаўлення імя, таму спакойна пакланіўся каралю і яго правялебнасці.

— Радзівіл, — строга паправіў Рышэлье і, махнуўшы камердынеру, каб сыходзіў, заззяў усмешкай да літоўскага госця. — Сардэчна вітаем, мансеньёр!

— Сардэчна вітаем, прынц, — меланхалічна паўтарыў і кароль, запрашаючы князя сесці.

У адрозненне ад яго вялікасці, Рышэлье быў у выдатным настроі. Хваробы, якія выядалі апошняе здароўе з яго кволага цела, зараз адступілі, і бледны твар кардынала выпраменьваў упэўненасць сапраўднага ўладара Францыі. Цяпер, калі кароль нарэшце сказаў слова і этыкет быў скончаны, міністр узяў размову на сябе.

— Ці даўно ў Парыжы, мансеньёр? — спытаў ён і, пачуўшы, што госць правёў у французскай сталіцы ўжо два месяцы, дакорліва пакачаў галавой: — І толькі цяпер змаглі ўшанаваць нас сваёй увагай?

Багуслаў, які не сумняваўся, што кардынал ведае пра ягоны прыезд у Францыю з той хвіліны, як яго нага ступіла на французскі бераг, падтрымаў цырымонію, запэўніўшы суразмоўцаў, што толькі ўпэўненасць у іх неверагоднай занятасці перашкодзіла яму прывітаць іх раней. Таксама ён выказаў вялікую радасць з нагоды таго, што Францыя нарэшце дачакалася дафіна і калісьці будзе мець на троне вялікага караля. Пасля гэтых кампліментаў на манаршых вуснах нарэшце з’явілася ўсмешка.

— Так і будзе! — горда прамовіў Людовік. — Бо з зубамі нарадзіўся, усіх карміліц перакусаў, і ніводная больш за тры дні ў яго не вытрымлівае.

— Хай асцерагаюцца ворагі Францыі, — засмяяўся князь і гэтым дасціпным жартам канчаткова растапіў лёд на каралеўскім твары.

Прыйшоў час пагаварыць пра галоўнае. Гаворка, вядома ж, зайшла пра зняволенага каралевіча Яна Казіміра, дзеля якога Багуслаў, уласна, і дамагаўся каралеўскай аўдыенцыі.

— Каралевіч ехаў у Партугалію на запрашэнне караля Філіпа, каб стаць тамтэйшым віцэ-каралём і адміралам, — заявіў Рышэлье, выслухаўшы дыпламатычныя папрокі Радзівіла ў французскай негасціннасці. — На французскі бераг сышоў не з цікаўнасці, а для таго, каб агледзець памежную крэпасць стратэгічнага значэння… Я, вядома, магу і памыляцца, — прымірэнча абвясціў ён, убачыўшы, што Багуслаў ужо адкрыў рот, каб запярэчыць, — але Францыя, як ведае ваша светласць, цяпер ваюе з Габсбургамі, і любы чалавек на іспанскай службе робіцца ворагам Францыі. Тым больш, Польшча адпрэчыла працягнутую ёй руку сяброўства, заключыўшы саюз з Аўстрыяй, і нават, як сцвярджаюць нашы дыпламаты, паабяцала імператару жаўнераў, каб ваяваць з намі і нашымі саюзнікамі — Швецыяй, Аб’яднанымі Правінцыямі і нямецкімі пратэстанцкімі князямі.

«Такім чынам, вашай правялебнасці трэба гарантыі, што Польшча не выступіць на баку Габсбургаў у гэтай вайне, — зразумеў князь. — А Ян Казімір служыць закладнікам таго, каб польскае войска заставалася дома… Мудрая палітыка, няма чаго сказаць!»

Вядома, Радзівіл уголас сказаў зусім іншае.

— У Рэчы Паспалітай вайну абвяшчае не кароль, а сойм, а сойм вайны не дазволіць, — упэўнена заявіў ён. — Мой дзядзька, вялікі літоўскі фельдмаршал, па-ранейшаму рашуча трымаецца палітыкі саюза з пратэстанцкімі краінамі і Францыяй, якая ваюе на іх баку. Ён ніколі не ўхваляў ні адносін з Аўстрыяй, ні шлюбу караля з сястрой імператара, а я сам нават не быў на каралеўскім вяселлі… Клянуся сваім імем і гонарам свайго роду, бедны каралевіч не задумляў нічога благога супраць Францыі і слёзна прасіў мяне заступіцца за яго перад вашай вялікасцю і вашай правялебнасцю…