Паехалі вярхом, не абцяжарваючы сябе лішнімі рэчамі і абозам. Стаялі пагодныя дні, цёплае сонца ўжо добра прыгравала ўкрытую маладым зялёным дываном зямлю, а фруктовыя сады напаўнялі лёгкія п’янлівымі водарамі квецені. Дарогі былі добрымі, ежа ў заездах — выдатнай, а акуратныя вясковыя дамкі (пераважна загарадныя рэзідэнцыі багатых парыжан) усялялі ўпэўненасць, што сытыя французы — самыя шчаслівыя жыхары спустошанай Трыццацігадовай вайной Еўропы. Засумаваўшы па цяплу і сонцу, Багуслаў падстаўляў твар прамяням і не баяўся загару, бо лічыў, што высакародная белізна скуры пасуе толькі далікатным паннам.
— Здаецца, я пачынаю любіць Францыю, — прызнаўся князь Клоду Рывэ, які ўсю дарогу забаўляў яго гістарычнымі анекдотамі.
— А, між іншым, мансеньёр, вы яшчэ нічога не бачылі, — паведаміў француз, хаваючы хітрую ўсмешку ў пышныя вусы.
Першым буйным горадам на шляху падарожнікаў быў Арлеан — намінальная сталіца Арлеанскага герцагства. Горад яшчэ мог пахваліцца добрымі фартыфікацыямі, якіх не кранула бязлітасная рука Рышэлье. (Мацуючы каралеўскую ўладу, кардынал метадычна знішчаў умацаваныя замкі мяцежных каралеўскіх васалаў.)
Але французская фартыфікацыйная школа саступала перадавой на той час галандскай навуцы, і няма чаго было і думаць пра практычнае прымяненне яе дасягненняў на літоўскай зямлі, дзе амаль не было сярэднявечных каменных замкаў. Таму, аглядаючы гарадскія ўмацаванні, Багуслаў забаўляўся тым, што шукаў недахопы ў абароне. Уяўляючы сябе галоўнакамандуючым варожай арміі, складаў у думках планы нападаў і ўдалай аблогі. Французскі гарнізон шакаваў князя нядбайным стаўленнем да службы, і, пагутарыўшы са старшымі афіцэрамі, Радзівіл быў гатовы пагадзіцца з Рышэлье, які лічыў французскіх салдатаў найгоршымі ў Еўропе. Затое палацы французскіх вяльможаў на Луары былі неверагодныя, і сваім раскошным выглядам падкрэслівалі перакананне французаў, што іх краіна створаная для міру, а не для вайны.
Наведаў Багуслаў і прынца Гастона, які ўжо паспеў пераехаць у рэзідэнцыю ў Блуа, дзе навыперадкі са сваім фаварытам д’Эпінэ змагаўся за прыхільнасць мясцовай дзяўчыны Луізон. Тая круціла абодвума як хацела і панавала пры княжацкім двары, быццам была не простай мяшчанкай, а герцагіняй Арлеанскай. Падзівіўшыся легкадумным норавам і грубым манерам прыдворных мансеньёра, якія так розніліся ад вытанчаных наведнікаў мадам Рамбуе, Радзівіл рушыў далей. І хутка ён пераканаўся, што дабрабыт французскай правінцыі быў толькі туманным марывам, якое раставала проста на вачах з кожным лье, якое аддзяляла падарожнікаў ад сталіцы. Даведзеныя да галечы вайной і падаткамі, сяляне пакідалі свае дамы. Яны збіваліся ў разбойніцкія шайкі, каб даць адпор каралеўскім войскам, пасланым душыць галодныя бунты, якія нібы пажар ахоплівалі яшчэ свабодныя ад іспанскіх акупантаў землі. А тыя нямногія, хто яшчэ даваў рады сваёй вартай жалю гаспадарцы, праводзілі прынца і яго почат змрочнымі поглядамі, падазраючы, што гэта каралеўскія фіскалы. Нават адзінкавыя гнёзды арыстакратаў у гэтай галоднай пустэльні падаваліся аазісамі толькі здалёк. Наведаўшы некалькі замкаў, якія трапіліся на шляху, князь разгледзеў, якая галеча пануе за гэтымі на першы погляд раскошнымі сценамі, узведзенымі гаспадарлівымі продкамі. А іх нашчадкі спускалі спадчыну пры каралеўскім двары, аплачваючы свецкае жыццё закладам маёнткаў.
Наведаўшы Амбуаз і Тур, Багуслаў хацеў ехаць проста на Шатэльро і Пуацье, а затым у знакамітую гугеноцкую крэпасць Ла-Рашэль, але месье Рывэ пераканаў яго завярнуць у Анжэр і Самюр, якія не так даўно былі апорай кальвінізму, і, вядома, да Рышэлье — у вотчыну французскага міністра, які задумаў ператварыць сталіцу свайго герцагства ў самы цудоўны і раскошны горад Францыі.
Наведаўшыся туды, князь пераканаўся, што магутны кардынал клапоціцца пра свае ўладанні. Архітэктар Лемерс’е цалкам перабудаваў яго стары замак, не крануўшы толькі крыло, дзе з’явіўся на свет сам Рышэлье, і ператварыў яго ў велічны палацавы ансамбль з садамі, аранжарэяй і фантанамі. А звычайны сярэднявечны гарадок стаў выглядаць як горад будучыні. Разбурыўшы старыя будынкі, архітэктар стаў будаваць горад па адзіным плане. Прамыя шырокія вуліцы дзялілі горад на правільныя квадраты і прастакутнікі, ўтвораныя каменнымі або цаглянымі двухпавярховымі дамамі аднолькавай вышыні з вастраверхімі шэрымі дахамі і слыхавымі вокнамі на гарышчах па праекце Франсуа Мансара (іх так і называлі — «мансардамі»). У мансардах захоўвалі прадукты і збожжа, якія ўжо не пакрываліся цвіллю ў памяшканнях, што добра праветрываліся. Земляны «галандскі» вал акружаў гэты райскі куток, так што яго правялебнасць мог спаць спакойна: яго сталіца пры неабходнасці стрымала б напор варожай арміі.