Уволю налюбаваўшыся пышнасцю кардынальскай рэзідэнцыі і майстэрствам французскіх дойлідаў, вандроўнікі адправіліся далей — у краі, дзе такая раскоша нікому і не снілася. Каля невялікага пасёлка паблізу Н’орэ яны спыніліся, каб напаіць і выкупаць стомленых коней і змыць пот ды дарожны пыл у прахалодных хвалях Севра-Н’ортэза. Пасля купання тут жа паабедалі захопленымі ў дарогу харчамі. Можна было ехаць далей, але пакуль слугі сядлалі коней і збіралі рэчы, Багуславу прыйшло ў галаву агледзець руіны замка, якія ўзвышаліся непадалёку.
— Паехалі, Ян, — сказаў ён Цадроўскаму. — Адна нага там, другая тут.
Ян таксама ўскочыў на свайго жарабца, і яны хутка рванулі з месца, не звяртаючы ўвагі на крыкі пана Пуцяты, які заклікаў быць асцярожней і прыспешваў лёкая хутчэй сядлаць каня, таму што хацеў паехаць разам з князем.
Замак аказаўся змрочным збудаваннем часоў Людовіка XI. Разбурылі яго, напэўна, у часы гугеноцкіх войнаў мінулага стагоддзя, бо тут, у Пуату, гугеноты былі асабліва моцнымі. Радзівіл не стаў заязджаць у двор праз ацалелыя вароты, якія нагадвалі разяўленую пашчу казачнай пачвары. Ён спешыўся каля капліцы занядбаных могілак і зацікаўлена нахіліўся над магільнай плітой, спрабуючы прачытаць надпіс на ёй. Ян гучна вылаяўся: ён ледзь не наступіў на гадзюку, што грэлася на сонцы, але, своечасова заўважыўшы небяспеку, паспеў засячы яе шабляй.
— Згубнае месца, мансеньёр, — сказаў ён, адкідваючы рассечанае цела падалей. — Трэба адсюль ісці.
— І праўда, — пагадзіўся Багуслаў. — Нам няма чаго тут рабіць.
Ззаду пачулася конскае ржанне. Павярнуўшыся, князь убачыў пана Пуцяту, які ўсё-такі выправіўся за імі.
— Ну, і што ты, найяснейшы князь, тут забыў? — злосна сказаў ён. — Адны руіны вакол…
Раптам твар пана маршалка сказіўся ад жаху. Выхапіўшы шаблю, ён з гучным крыкам рвануў да Багуслава, і паспеў прабегчы некалькі крокаў, перш чым князь адкрыў рот, каб спытаць, што пан Самуэль, уласна, робіць, — і адразу яго закрыў, убачыўшы вострае лязо шпагі ў сябе перад вачыма. Яго ўласная рапіра нечакана пакінула похвы, адкінутая чыёйсьці спрытнай рукой, праляцела некалькі крокаў і, тужліва бразнуўшы аб камень, пагрузілася ў дарожны пыл. У той самы момант з-за спіны князя выскачыў нейкі абадранец і, выставіўшы наперад іржавую алебарду, грозна сказаў пану Пуцяту:
— Стой, а то смерць яму!
Маршалак замёр на месцы, а затым, падпарадкоўваючыся загаду, кінуў сваю шаблю да Багуслававай рапіры. Нападнікаў аказалася пяцёра. Трое з іх атачылі Цадроўскага і, прыставіўшы да горла шпагу і кароткі кінжал, прамовілі сакраментальнае:
— Кашалёк або жыццё!
Іх дзікі замежны акцэнт і рыцарская выправа сведчылі, што разбойнікі былі іспанскімі дэзерцірамі, якія адбіліся ад войска і невядома як прыблудзілі да гэтага мірнага краю. Багуслаў асцярожна скасіў вочы. Пан Пуцята здаваўся ледзь жывым ад страху. Цадроўскі таксама аслупянеў ад нечаканасці і паслухмяна дазволіў сябе абяззброіць. Супраціўляцца здавалася поўным вар’яцтвам.
Між тым Ян, да якога вярнулася мова, вырашыў уступіць з рабаўнікамі ў перамовы.
— Кашалёк, кашалёк, — паспешліва пагадзіўся ён. — Толькі, напрамілы бог, высакародныя сеньёры, не рабіце нам зла і адпусціце жывымі.
— Паглядзім, — сказаў адзін з бандытаў, які, напэўна, быў важаком. — Давай усё, што ў цябе ёсць.
— Пярсцёнак, — паведаміў шляхціц. — Усе грошы ў нас адабралі вашы сябры яшчэ ў блуаскім лесе… а вось пярсцёнак я схаваў тут, — ён паляпаў сябе па чобаце. — Зараз аддам… толькі не забівайце нас, панове!
Такая адкрытая хлусня прымусіла Багуслава пакінуць думкі аб ганебнай капітуляцыі, і, скарыстаўшыся тым, што вочы нападнікаў былі прыкаваныя да Яна, а «ягоны» разбойнік, прыбраўшы лязо ад княжацкага горла, зрабіў крок наперад, каб першым атрымаць каштоўную здабычу, Радзівіл пачаў асцярожна падкрадацца да сваёй рапіры, якая яшчэ ляжала на зямлі.
— Даставай, — дазволіў важак. — І чобаты таксама здымай, а то знімем з мерцвяка!
Прагны бляск у вачах разбойніка сведчыў, што рабаўнік разлічваў атрымаць па меншай меры рэдкі брыльянт. І можна было зразумець яго пакутлівае расчараванне, калі Ян, прысеўшы, каб зняць чобат, нечакана шпурнуў яму проста ў сэрца нож, які хаваў за халявай. Жудасны хрып грэшнай душы, якая развітвалася з целам, перакрыў пераможны крык Цадроўскага, з якім той штурхнуў забітага ў абдымкі яго аслупянелым сябрам.