Выбрать главу

Вучоба, рыцарскія забавы, кароткія шчаслівыя хвіліны вольнага часу — так міналі дні і месяцы. Зрэдку прыходзілі заўжды чаканыя лісты ад князя Януша. Той, вырваўшыся з-пад бацькоўскай апекі, спрабаваў жыць сваім розумам і, здавалася, цалкам падпарадкаваў сваёй волі выхавацеляў, якія, замест таго каб перапыняць капрызы свайго гадаванца, усяляк патуралі ім. Вучыўся князь толькі для адводу вачэй і, памятаючы бацькавы наказы, весела бавіў час у таварыстве ўплывовых людзей. Трохі затрымаўшыся ў Берліне, дзе пабратаўся з будучым курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам, Януш наведаў князя Ангальта і нарэшце спыніўся ў Дрэздэне пры двары электара Саксоніі. Там пасля смерці маці выхоўваліся яго кузіны — сёстры Багуслава.

Узрадаваўшыся сваяку, князёўны перадалі праз яго лісты брату. Яны скардзіліся на жабрацкі побыт пры двары курфюрста Іагана Георга, уладанні якога былі спустошаныя Трыццацігадовай вайной. Багуслаў засмуціўся, прачытаўшы іх журботныя пасланні. На шчасце, дзядзька якраз быў у Кейданах, і княжыч шукаў зручнага выпадку папрасіць яго, каб той запрасіў сясцёр у Літву. Заспець дзядзьку ў адзіноце было амаль немагчыма. Заўсёды знаходзіліся нейкія клопаты, ад якіх не было адпачынку. Хапала і просьбітаў, што пераследавалі гетмана з раніцы да ночы. Усведамляючы гэта, Багуслаў вырашыў не адкладаць размову, і, дазнаўшыся ў першага-лепшага слугі, дзе дзядзька, накіраваўся ў паказаным кірунку. Ён мог нічога не пытацца, бо рэха грамавога голаса князя-гетмана было чуваць здалёк.

Багуслаў, які ўжо прывык да дзядзькавых разносаў, спакойна зайшоў у пакой, спрабуючы ўгадаць, што магло гэтак раззлаваць князя. Акрамя Крыштафа, у пакоі быў яшчэ ягоны сакратар Ян Мяржынскі і незнаёмы княжычу малады чалавек, якому, відавочна, і адрасаваліся княжацкія грымоты з маланкамі. На Багуслава ніхто не звярнуў увагі. Княжыч спакойна залез у любімае дзядзькава крэсла і стаў глядзець камедыю, бурнае дзейства якой ужо набліжалася да кульмінацыі.

— …Ты, мярзотнік, не толькі высакародную дзяўчыну зняславіў, ты, нягоднік, бацьку яе, менскага ваяводу, ледзьве на той свет не адправіў і слуг яму перабіў! — роў князь Крыштаф, наступаючы на юнака, нібы на ворага ішоў на чале сваіх харугваў.

Але той стаяў спакойна і глядзеў у вочы ашалеламу Радзівілу, які лютаваў так, што шыбы дрыжалі, а ў бледнага, як пабеленая сцяна княжацкага палаца, пана Мяржынскага пачалі падгінацца калені. Багуслаў з уласнага досведу ведаў, як цяжка выстаяць перад разгневаным дзядзькам, таму нямала здзівіўся такой вытрымцы і вырашыў уважлівей прыгледзецца да гэтага героя.

Шляхціцу на выгляд было крыху больш за дваццаць. Быў ён сярэдняга росту, хударлявы, на першы погляд (гэта ж трэба!) нават кволы, аднак шырокія рукавы зялёнага кафтана хавалі добра развітыя плечы і жалезныя мышцы, якія сведчылі пра вялікую фізічную сілу. Малады чалавек стаяў спінай да Багуслава, і калі выпадкова павяртаў галаву, княжыч бачыў яго прыгожы твар, ад тонкіх рысаў якога лёгка магла страціць розум любая дзяўчына. Аднак сам шляхціц калі і ведаў пра сілу сваёй прывабнасці, дык ставіўся да яе занадта нядбала, як да каштоўнай рэчы, што выпадкова трапіла ў рукі. Яго чорныя, бы вароніна крыло, гладкія бліскучыя валасы былі даўжэйшымі, чым звычайна мелі польскія і літоўскія шляхціцы, аднак не ведалі рукі майстра куафюру, і былі нядбайна падстрыжаныя самім шляхціцам або яго няўмелым слугой. Старанна паголенае валявое падбароддзе, тонкія чорныя вусы, удала падабраная вопратка хутчэй сведчылі пра добры густ, чым пра жаданне рабіць прыемнае ўражанне: занадта ўжо драпежнай была яго ўсмешка. А дзіўны погляд вачэй — чорных, нібы бездань, і калючых, як добра навостранае лязо нажа, — хутчэй пасаваў бы галаварэзу з лясной дарогі, чым шляхціцу з паважанай сям’і, якім, без сумневу, быў малады рыцар.