Маршалак хацеў запярэчыць, але яго спрацаванае горла змагло выдаць толькі пару невыразных гукаў. Бяссільна пагразіўшы кулаком слугам, ён пакорліва пайшоў за Багуславам у карчму.
Зайшоўшы ў гасцявую залу, князь не паверыў вачам: за ўжо паўпарожнім сталом сядзелі яго сябры і разам з некалькімі афіцэрамі мясцовага гарнізона выводзілі п’янымі галасамі «Баладу пра добрага караля Якава», не ведаючы ні слоў, ні мовы, на якой спявалі.
— Мансінь-ёр! — вылупіў п’янаватыя вочы Невяроўскі, убачыўшы Радзівіла. — А мы тут чакаем вашу міласць…
— Добра чакаеце. — Багуслаў падняў абгрызены барановы кумпяк і паднёс яго да мутных Янавых вачэй. — Гэта што такое?
— Вячэра, найяснейшы князь, — ікнуў захмялелы Стаброўскі, які, напэўна, бачыў перад сабой цэлага барана. — А што? Мяса… Ік… добра засмажылася…
— Калі гэта яны паспелі так набрацца? — здзіўлена спытаў сам у сябе пан Рэйнольд. — Я пакінуў іх тут цвярозымі нейкую гадзіну таму.
Клод Рывэ падышоў да стала, адабраўшы ў Кожкіля паўпусты алавяны келіх, адпіў з яго і паморшчыўся:
— Ром! І вала зваліць з ног, тым больш пасля такой дарогі…
Пасля гэтых слоў да пана Пуцяты вярнуўся голас. Не выбіраючы слоў, ён аблаяў усё таварыства, а затым, схапіўшы за каўнер Стаброўскага, які мірна драмаў носам у талерцы, моцна яго патрос. Гэтага не варта было рабіць. Ашалелы юнак так піхнуў маршалка кулаком у грудзі, што Пуцята сеў на каменныя пліткі падлогі. А затым Самуль забяспечыў сабе поўную перамогу, разбіўшы аб галаву нападніка паліваны кухаль пад задаволенае гіканне п’яных таварышаў.
Гэты дэбош дорага абышоўся літоўскай моладзі: Багуслаў вырашыў ехаць у Лондан толькі з Цадроўскім, Аборскім, Пуцятам і Клодам Рывэ, пакінуўшы сяброў у п’яных слязах чакаць яго вяртання ў Дуўр. Пакрыўджаны пан Пуцята, на лобе якога красаваўся вялізны гуз, цалкам падтрымаў рашэнне князя:
— Ад гэтых дармаедаў усё роўна ніякай карысці, — заявіў ён, аглядаючы знішчальным позіркам прыціхлае таварыства. — Хай лепш тут п’юць, чым ганьбяць у Лондане ваша імя!
Невяроўскі злосна агрызнуўся, але Багуслаў загадаў яму маўчаць.
— Тут я вырашаю, Ян, — адрэзаў ён. — І я ўжо ўсё вырашыў…
Пошта ў Англіі хадзіла рэгулярна: не жадаючы начаваць у Дуўры, дзе не знайшлося для яго годнага жылля, князь выправіўся ў Кентэрберы, акуратныя дамкі і вузкія каналы якога нагадвалі галандскія. Адпачыўшы там колькі дзён і агледзеўшы горад з яго велічным саборам, рэзідэнцыяй кіраўніка англіканскай царквы, Радзівіл паехаў у Лондан.
— Каб палюбіць Парыж, трэба наведаць Лондан, — такімі словамі азваўся пра англійскую сталіцу Багуслаў ужо на наступны дзень пасля прыезду. Яны з Цадроўскім і Клодам Рывэ досыць нахадзіліся па няроўных вуліцах, забудаваных крывабокімі шматпавярховымі драўлянымі дамамі, і вымаклі да ніткі пад не па-летняму халодным дажджом.
Праўда, тут, у Англіі, праваднік з месье Рывэ быў не найлепшы. Юнаком ён доўга жыў у Лондане і мог паказаць князю выбітныя месцы сталіцы, але як сапраўдны француз не губляў магчымасці высмеяць англічан. Рабіў ён гэта так па-французску гучна, што на іх пачалі пагрозліва азірацца тыя адукаваныя мінакі, якія добра разумелі гальскі гогат. Каб не трапіць у няёмкае становішча, князь загадаў французу замаўчаць і не прыцягваць залішняй увагі.
Яшчэ горшай была англійская ежа. Пражаваўшы без апетыту напаўсыры кавалак мяса, які тут называлі біфштэксам, і адпіўшы глыток кіслага французскага віна, якое, на шчасце Клода Рывэ, знайшлося ў склепе гаспадара, Багуслаў загадаў прынесці сабе піва, ад якога не сталі вярнуць насы і яго слугі.
— Добра, што ўва мне цячэ нямецкая кроў. Яна, як сцвярджаюць мае былыя суайчыннікі, напалову складаецца з вось гэтага хмельнага напою, — весела сказаў князь, адстаўляючы ўжо пусты кухаль. — Французскі арыстакрат памёр бы тут з голаду ці смагі.
— Праўда, мансеньёр, як ёсць праўда, — жаласна пацвердзіў Рывэ — адзіны, хто да піва не дакрануўся. — І трэба ж, каб нас занесла ў гэтую жахлівую краіну…
Махнуўшы рукой на сумніўныя лонданскія вабноты, ужо на наступны дзень Радзівіл наёмным экіпажам адправіўся ў каралеўскі палац, прыхапіўшы з сабой Цадроўскага і слугу для суправаджэння. Уайтхол лічыўся найбольшай каралеўскай рэзідэнцыяй у Еўропе і ўразіў Багуслава менавіта памерамі, а не вытанчанай прыгажосцю. Уваход у цудоўны парк быў адкрыты для публікі, князь спакойна прагуляўся яго цяністымі алеямі і зялёнымі лабірынтамі. Кароль Англіі на чале вялізнай арміі ў той час ваяваў у Шатландыі, і Багуслаў спытаў у афіцэра каралеўскай аховы, ці можа ён засведчыць сваю пашану каралеве.