Выбрать главу

Праз шэсць тыдняў бесперапынных банкетаў, візітаў, новых знаёмстваў і забаў Багуслаў адчуў, што такое гультаяватае жыццё пачало яму надакучаць. Пасля развітання з новымі сябрамі і Клодам Рывэ, які, пераканаўшыся, што «гэтыя англічане — усё ж нядрэнныя хлопцы», вырашыў застацца ў Англіі, князь адплыў у Галандыю на каралеўскім судне, ласкава прадстаўленым Карлам Сцюартам.

Ужо стоячы на карме флагмана каралеўскага флоту і назіраючы, як скалісты бераг Альбіёна павольна знікае ў туманнай далечыні, Радзівіл у думках пажадаў англійскаму манарху знайсці паразуменне з уласным народам, хоць і добра разумеў: крывавыя чарцяняты ў вачах Томаса Вентворта, які прыбыў у Лондан незадоўга да яго ад’езду, знішчалі любую надзею на мір.

Раздзел 11

ФРАНЦУЗСКІ АГЕНТ

Гаага — Амстэрдам — Гаага — Ратэрдам — Дуўр — Парыж — Брусэль — Антверпен — Амстэрдам — Ольдэнбург

(кастрычнік 1639 года — май 1640 года)

Стаміўшыся ад намёкаў выхавальнікаў на хуткае вяртанне дадому, пасля прыбыцця ў Амстэрдам Багуслаў вырашыў адправіць у Літву амаль увесь свой почат. Пачуўшы волю Радзівіла, маршалак, які разлічваў, што князь адправіцца ў дарогу разам з імі, кінуўся ў слёзы.

— Што ж я скажу князю-гетману? — стагнаў ён. — І ён, і князь Януш так разлічваюць на ваша вяртанне… Нават вяселле князёўны Катарыны да зімы адклалі.

— Скажаш дзядзьку, што я вырашыў паступіць на ваенную службу да прынца Аранскага, — сказаў Радзівіл. — А вас усіх адсылаю, каб не рызыкаваць вашымі жыццямі падчас кампаніі. Са мной могуць застацца, — ён абвёў уважлівым поглядам прыціхлае таварыства, — Невяроўскі, Кажэўскі і Стаброўскі — яны лепш за іншых трымаюць зброю.

— Я паеду, — сказаў Самуль. — Бацька даўно кліча мяне дадому і пагражае, што спадчыны пазбавіць, як не вярнуся.

— Гэта важкая падстава, — спакойна згадзіўся Радзівіл. — Едзь.

Задаволены Стаброўскі, якому, па праўдзе кажучы, абрыдлі замежныя прыгоды, радасна штурхнуў Невяроўскага кулаком у бок.

— Я застаюся, — спакойна сказаў Ян.

— Ты што? — падскочыў Стаброўскі, але таварыш глядзеў не на яго, а на Багуслава. — Я застаюся, — спакойна паўтарыў ён.

Гэта рашэнне абразіла Самуля, і да самага ад’езду ён не сказаў Яну ні слова. Пан Пуцята да апошняга не стамляўся павучаць пана Аборскага, які з гэтага часу павінен быў выконваць яго абавязкі адносна Радзівіла, і Лукаса Ворстармана, што вярнуўся да князя на службу. Развітваючыся з Багуславам, стары не стрымліваў слёз. У князя таксама вочы былі на мокрым месцы, але ад свайго намеру ён адыходзіць не збіраўся.

— Я ўжо не дзіця, — пазней казаў ён Невяроўскаму. — І маю патрэбу ў слугах, а не ў апекунах.

Адаслаўшы почат разам з лістамі для сваякоў і аканома, вясельнымі падарункамі для сястры Катарыны і забаўкамі для дзядзькавай кунсткамеры, Багуслаў адправіўся ў Гаагу.

Сталіца Аб’яднаных Правінцый рознілася сваёй вытанчанай архітэктурай ад астатніх галандскіх гарадоў. Берагі яе каналаў не былі загрувашчаныя гандлёвымі складамі, і чаўны, якія плавалі тут, перавозілі людзей, а не купецкі тавар. Князь абраў для пражывання раскошны арыстакратычны квартал, запоўнены дамамі шляхты і гасціннымі дварамі для замежных паслоў. Квартал межаваў з палацам штатгальтара і прыдворным саборам з высокай званіцай і павольна пераходзіў у гарадскі парк са звярынцам, які гараджане любоўна называлі проста Лесам. Дыхалася тут лёгка, у чыстай празрыстай вадзе каналаў плавала фарэль, а маляўнічае наваколле, парослае векавымі дубамі, было прыдатнае для палявання і конных шпацыраў. У адрозненне ад дзелавітага Амстэрдама, дзе панавала буржуазія, у Гаазе было ціхае царства арыстакратыі, якое ўзначальвалі Фрыдрых Генрых Аранскі і яго жонка Амалія Сольмс-Браўнфельс. Хоць палітычнае становішча галандскага штатгальтара і было хісткім, бо цалкам залежала ад волі буржуазных Генеральных Штатаў, яго амбітная жонка з усіх сіл спрабавала надаць іх рэфармаванаму на французскі ўзор двару каралеўскі бляск і хараство. Нягледзячы на гнеў кальвінісцкіх прапаведнікаў, якія рашуча асуджалі марнатраўны лад жыцця, тут ладзілі тэатральныя паказы, ставілі балеты і літаратурныя вечарыны. Яны прыцягвалі ў сталіцу выхадцаў з найлепшых пратэстанцкіх сем’яў Еўропы, сярод якіх Багуслаў Радзівіл адчуваў сябе як рыба ў вадзе.