Выбрать главу

А потым з чорнага трызнення вынырнулі знаёмыя пшанічныя вусы і блакітныя вочы, і занепакоены голас Крыштафа Арцышэўскага спытаў:

— Літасцівы князь, як сябе адчуваеш?

Багуслаў спалохана заміргаў, а потым асцярожна агледзеў закурадымленую столь з падвешанай на ланцугах дошкай, на якой чадзілі некалькі лоевых агаркаў. Але і таго хапіла, каб асвятліць постаць чалавека, які схіліўся над ім, працягваючы кубак з вадой.

Гэта і сапраўды быў Арцышэўскі. Выпіўшы ваду, Радзівіл змог нарэшце вымавіць словы, якія ўпарта захрасалі ў яго на языку:

— Я што, у Бразіліі?

— У якой яшчэ Бразіліі, чорт пабірай! — злосна кінуў генерал. — Усяго толькі ў Амстэрдаме. Я вачам сваім не паверыў, калі ўбачыў вашу княжацкую міласць у руках гарадскіх апалчэнцаў. Тыя ўжо цягнулі вас у турму, але за добрую ўзнагароду перадалі мне…

— У Амстэрдаме?

Багуслаў ускочыў на ложку, але са стогнам зноў упаў на падушку: цяжкая галава не хацела трымацца на плячах.

— А праклятага француза я ўсё ж заб’ю! — змрочна паабяцаў ён сабе.

Князь нават не падазраваў, што «пракляты француз» цяпер прыходзіць да цямы ў гарадской турме, пасылаючы самыя адборныя праклёны на галаву «мярзотніка Радзівіла», які пакінуў яго ў чужым горадзе…

Ужо потым, цалкам працверазеўшы, Багуслаў спытаў Арцышэўскага, што ён робіць у Галандыі і чаму жыве ў такім агідным месцы, дзе не тое што генералу, але і чалядзіну няма чаго рабіць. Арцышэўскі нахмурыўся. Радзівіл ужо заўважыў, што ад ранейшай самаўпэўненасці бравага салдата не засталося і следу. Схуднелы, ссівелы, у старым камзоле і бруднай кашулі з абарваным карункамі, ён нагадваў дваровага сабаку, выкінутага гаспадаром за браму пасля многіх гадоў вернай службы.

— Што тут скажаш, князь, — пачаў той свой аповед. — Калі Генеральныя Штаты прасілі мяне зноў паступіць на вайсковую службу, надаўшы званне віцэ-губернатара Бразіліі і генерал-адмірала ваенна-марскіх сіл, то так замылілі мне вочы салодкімі абяцаннямі, што я прыняў тытулы, забыўшыся, што на іх ёсць яшчэ адзін прэтэндэнт…

— Прынц-губернатар Насаў-Зігэн? — з разуменнем кіўнуў Багуслаў.

— Ён… Пакуль справы ў Бразіліі ішлі добра, прынц моўчкі грыз сабе пальцы ад роспачы, а калі фартуна ад нас адвярнулася, скарыстаўся першай жа няўдачай, арыштаваў мяне хворага і бяссільнага, абвінаваціў у здрадзе, у тым, што ваенны пераварот супраць яго рыхтую, і, пасадзіўшы на карабель, у Галандыю адправіў, напэўна, спадзеючыся, што дарогай памру. Бог ад мяне, невінаватага, не адвярнуўся — даў здаровымі нагамі на зямлю ступіць. Але калі я звярнуўся да паноў купцоў Вест-Індскай кампаніі і запатрабаваў кампенсаваць шкоду, мяне накіравалі да Генеральных Штатаў, бо я нібыта знаходзіўся на службе не ў іх, а ў дзяржавы! А я, найяснейшы князь, усё, што спачатку ад купцоў атрымаў, жаўнерам раздаў, бо гэта іх крывёю мае перамогі здабываліся, а сам застаўся голы і босы, і нават маёмасць, якая была, за бесцань прыйшлося прадаць. Яна мне шэсць тысяч золатам каштавала, а я за яе ледзьве дзве ўзяў, ды яшчэ з іх вінен быў слугам заплаціць…

— З грашыма я табе дапамагу, — уставіў Багуслаў, якога да глыбіні душы крануў аповед.

— Што грошы, найяснейшы князь! Грошы — пацяруха… А вось гонар! Яго ж ні за якія грошы не купіш, і заплямленае імя ад ганьбы залатым бляскам не прыкрыеш… Калі я звярнуўся да Генеральных Штатаў, высветліў, што пракляты Насаў і туды скаргу на мяне даслаў, ва ўсіх смяротных грахах абвінаваціў. Дамагаўся я расследавання, каб далі мне магчымасць слова сказаць, але дзе там! І слухаць не сталі. З ганьбай са службы выперлі і не заплацілі. І хай ім тыя грошы папярок горла стануць! За адзін цукар, які з Бразіліі вывезлі, яны атрымалі столькі, што павінны плошчу перад ратушай золатам выбрукаваць! Я толькі хачу сваё добрае імя ад бруду і паклёпу адмыць…