…Так Радзівіл апынуўся ў турме. Першыя паўгадзіны здавалася, што ён спіць і бачыць страшны сон, але калі князь пачаў дрыжаць (тут не было і намёку на камін), то павінен быў прызнацца сабе, што не спіць. Між тым Невяроўскі з жахам аглядаў сырыя абледзянелыя сцены каменнага мяшка, у якім яны апынуліся.
— Цікава, з’явіцца каралевіч ратаваць нас тут, калі, вядома, выйдзе на свабоду? — уздыхнуў ён.
— Мы вызвалімся раней, — супакоіў яго Багуслаў. — Вось мяне больш цікавіць, што адбылося з панам Аборскім і нашымі сябрамі.
— Э, — махнуў рукой Ян. — Ужо, напэўна, прыбылі ў Кале і смокчуць падагрэтае віно ў «П’янага манаха»… Памятаеш, князь, гэты шынок?
— Яшчэ б не памятаць, — уздыхнуў Багуслаў, грэбліва крануўшы ботам пук прэлай саломы, што павінна была замяніць яму ложак.
Адтуль сыпанулі спалоханыя мышы, адну з якіх Ян паспеў прыціснуць чобатам…
Прыемныя ўспаміны перапыніў прыход вартавых, якія цягнулі за сабой велізарны гарачы кацёл.
— Вячэра, — неахвотна буркнуў адзін з іх і зачарпнуў агіднае варыва драўляным каўшом, віртуозна разліў у дзве драўляныя міскі, кінуў зверху па немалой засоленай рыбіне, паставіў збан з вадой і выйшаў.
Яго памочнікі пацягнулі кацёл. Падрапаўшы не надта чыстай драўлянай лыжкай прынесеную «ежу», Невяроўскі ў жаху азірнуўся на Багуслава.
— Ніколі не думаў, што памру з голаду ў англійскай турме.
— Я таксама, — уздыхнуў князь, які да стравы нават не дакрануўся.
Калі над іх галовамі навісла яшчэ і пагроза галоднай смерці, Радзівіл вырашыў, што цяпер не найлепшы час і не найлепшае месца дэманстраваць свой гонар. Неабходна было неяк дамаўляцца з цвердалобымі англічанамі. Прынц падышоў да дзвярэй і з усіх сіл загрукаў у іх кулакамі.
— Я хачу бачыць каменданта, — сказаў ён вартавому, а калі той пакачаў галавой у знак таго, што не разумее, дадаў: — Сэра Элмерза!
Сэр Элмерз на спатканне не спяшаўся, а калі нарэшце з явіўся на парозе, Радзівіл не стаў папракаць яго за такую няўважлівасць, а збярог сілы для размовы. Сустрэўшы каменданта з вытанчанай ветлівасцю вяльможы, ён паспрабаваў згладзіць непрыемнае ўражанне ад мінулай сустрэчы.
— Я разумею, што вы, сэр, выконваеце свой абавязак, — пачаў ён. — Але запэўніваю, што я і пан Невяроўскі — усяго толькі бедныя вандроўнікі, якіх капрызная фартуна закінула ў вашыя краі.
— Можа, гэта сапраўды так, — асцярожна пагадзіўся камендант, які наогул быў нядрэнным чалавекам. — Сэрцам я цалкам на вашым боку, мілорд… ці прынц… ці хто вы там ёсць. Але што загадаеце рабіць з маёй галавой? Яна ж не пілавіннем набітая, а розум доказаў патрабуе!
Ён гучна зарагатаў, задаволены ўласнай дасціпнасцю. Радзівіл таксама ўсміхнуўся.
— Прыемна мець справу з разумным чалавекам, — заўважыў ён з дакладна адмеранай доляй добрага гумару, каб яго словы не здаліся англічаніну насміханнем. — Я падзяляю ваша жаданне і прапаную звярнуцца да людзей, якія змогуць пацвердзіць маю асобу.
— Вельмі мудрая думка, — пагадзіўся камендант. — Толькі… гм… ваша высокасць разумее, што гэтыя людзі павінны выклікаць давер нават у такога недаверлівага чалавека, як я?
— Вядома. — Багуслаў усміхнуўся яшчэ шырэй. — Думаю, каралеўскага слова вам хопіць?
— Як? — вылупіў вочы англічанін.
— Я напішу каралю Карлу пра тое, што трапіў у цяжкае становішча… І, на ўсялякі выпадак, яшчэ каралеве Генрыеце Марыі, епіскапу кентэрберыйскаму Лоду і лорду Рычу. Запэўніваю вас, што ўсе яны мае найлепшыя сябры. Спадзяюся, вы не адмовіце мне ў чатырох аркушах паперы, пяры і атраманце?
На вуснах Радзівіла ззяла тая ж шырокая ўсмешка, але камендант раптам з жахам зразумеў, што зняволены не жартуе.
— Як пажадае ваша міласць! — ужо без іроніі прамармытаў ён.
Багуслаў кіўнуў.
— І яшчэ… — дадаў ён пасля няёмкай паўзы. — Я, вядома, не трымаю злосці на жаўнераў, якія абшуквалі нас з панам Невяроўскім, бо разумею, што за вайсковую службу ў мірны час надта слаба плацяць, каб можна было пазбегнуць спакусы прысвоіць чужыя кашалькі… Але ў імя хрысціянскай міласэрнасці прашу вас прынесці нам нешта больш спажыўнае, чым гэтае варыва.
Ён грэбліва кіўнуў на талеркі са смярдзючай мешанінай.
Камендант прынюхаўся і тут жа адвярнуўся, змагаючыся з млоснасцю, што адразу падступіла да горла. Гучна паклікаў вартавога.
— Прыбяры гэта, — загадаў ён. — Ды хутчэй, мяне зараз званітуе!..