Выбрать главу

Багуслаў жа ціха лічыў дні да ад’езду каралевіча, які павінен быў вярнуцца на радзіму (аб партугальскай кароне, яму, вядома, прыйшлося забыцца). Але Ян Казімір не хацеў адпускаць новага прыяцеля, настойваючы, каб князь суправаджаў яго хоць бы ў Брусэль. Як Радзівіл ні адмаўляўся ад гэтага гонару, даказваючы, што яму, пратэстанту, ды яшчэ і без іспанскага пашпарта, няма чаго рабіць у каталіцкіх Нідэрландах, каралевіч не слухаў, паабяцаўшы выправіць князю дакумент у самога кардынала-інфанта.

На шчасце, Ян Казімір не збіраўся затрымлівацца ў Парыжы, і хутка выправіўся ў дарогу. Ён удала адкруціўся ад шлюбу з герцагіняй Мантуанскай, заявіўшы, быццам яму для гэтага патрабуецца дазвол польскага караля. Правёўшы каралевіча шэсць міль ад Парыжа і паабяцаўшы адправіцца яму наўздагон праз некалькі дзён, князь вярнуўся ў французскую сталіцу, каб зноў упасці да ног Ганны Ганзага. Гэтым разам прынцэса, над чыім скандальным шлюбам са святаром ужо рагатала ўся французская сталіца, прыняла яго заляцанні з удзячнасцю, якой заслугоўвала такая адданасць. І ўсё ж, нягледзячы на тое, што яе шлюб з герцагам Гізам ужо даў адчувальную расколіну, здраджваць мужу не захацела. Радзівіл дазволіў сабе пажартаваць:

— Рогі рэймскаму арцыбіскупу можа настаўляць хіба сам Папа. Бо каталіцкі святар можа ажаніцца толькі з рымскай царквой!

Зразумела, што пасля такіх жартаў прынцэса Ганна зноў перастала з ім размаўляць. Расчараваны князь пачаў рыхтавацца да ад’езду. Перад тым, як пакінуць Парыж, ён паспеў пабачыцца з французскай каралевай — Ганнай Аўстрыйскай, якая (як паведаміла Багуславу Марыя Ганзага) пажадала абавязкова з ім развітацца.

Ганна Аўстрыйская прыняла Радзівіла ў сваіх пакоях. Яна зноў чакала дзіця і аж ззяла ад шчасця, нягледзячы на тое, што правяла бяссонную ноч: у будучага Караля-Сонца, які, напіўшыся опіумнай настойкі, зараз спаў у суседнім пакоі, рэзаліся зубкі.

Каралева адвяла Багуслава да акна, далей ад прыдворных дам, і ён зразумеў, што яго запрасілі ў палац не з простай ветлівасці.

— Не маглі б вы, мансеньёр, зрабіць мне невялікую паслугу? — спытала каралева, хаваючы вочы, быццам камерыстка, якая толькі што скрала з кашалька сваёй пані некалькі манет. — Я чула, вы збіраецеся ў Брусэль…

— Збіраюся, — пацвердзіў князь. — І ахвотна зраблю ўсё, чаго пажадае ваша вялікасць.

— Я б хацела прасіць вас перадаць падарунак майму брату, дону Фердынанду, — памаўчаўшы, патлумачыла Ганна Аўстрыйская. — Гэта невялікі малітоўнік… звычайны знак увагі, які не павінен стацца цяжарам для вас у дарозе. Пакуль Іспанія і Францыя ваююць, я не маю магчымасці адкрыта пасылаць падарункі сваім родным і пісаць ім, таму што кожны такі ліст мае ворагі змогуць вытлумачыць як здраду. Менавіта таму я вырашыла прасіць вас аб гэтай паслузе, як прашу і пра тое, каб наша размова засталася паміж намі.

— Хай ваша вялікасць не турбуецца, — запэўніў яе Багуслаў. — Толькі смерць мне перашкодзіць выканаць ваша даручэнне.

Ганна Аўстрыйская працягнула яму кнігу ў звычайнай скураной вокладцы. Заўважыўшы, як дрыжаць рукі ў каралевы, Радзівіл быў перакананы, што павязе ў Брусэль нешта значна больш каштоўнае, чым зборнік каталіцкіх малітваў.

«Здаецца, Францыю ад усіх гэтых інтрыг хутка будзе ліхаманіць больш, чым Англію, — па-прароцку падумаў ён, хаваючы «падарунак» пад плашчом. — Зрэшты, мяне гэта не тычыцца».

Каралева трывожна сачыла за ім.

— Гэта толькі кніга, — няўпэўнена ўсміхнулася яна. — Думаеце, тое, што я яе вам дала, можа загубіць маю рэпутацыю?

— Не вашую, мадам, маю, — паправіў Багуслаў. — Каталіцкі малітоўнік у руках у пратэстанта непазбежна выкліча вялікую колькасць нязручных пытанняў, якіх лепш пазбегнуць, чым на іх адказваць.