Выбрать главу

— Здавайцеся, мансеньёр, — спакусліва прашаптаў жаночы голас, абаяльная хрыпатасць якога падалася Радзівілу знаёмай.

Засмяяўшыся, Багуслаў падняў рукі ўверх, дэманструючы, што падпарадкоўваецца.

— Добра, — правуркатала незнаёмка. — Сядайце ў карэту, прынц, і нават не спрабуйце пярэчыць маёй волі.

І не паспеў князь апамятацца, як апынуўся ў карэце, у далікатных, але чэпкіх жаночых абдымках. Падняўшы вочы, ён спачатку ўбачыў панадныя грудзі, што купаліся ў пяшчотнай пене брусэльскіх карункаў, а затым і прыгожы твар той, каму належалі гэтыя вабноты.

— Гэта вы, мадам? — здзівіўся Багуслаў, пазнаўшы Беатрысу дэ Кюзанс.

Цёмныя вочы прыгажуні горача бліснулі.

— Я. Вы расчараваны, мой мілы? — насмешліва спытала яна.

— Яшчэ не ведаю, — адгукнуўся князь, які, аднак, не мог адарваць вачэй ад спакуслівага дэкальтэ. — Бачу, вы, мадам, прывыклі дамагацца свайго.

— Так. Я заўсёды атрымліваю ўсё, што хачу, — сказала Беатрыса і, нахіліўшыся яшчэ бліжэй, выдыхнула. — І каго хачу.

Шалёны агонь, якім гарэла гэтая дзіўная жанчына, перакінуўся і на Багуслава. Дзіўная сумесь выпітага віна і жарсці ўдарыла яму ў галаву, і, схапіўшы ў абдымкі Беатрысу, князь забыўся і пра Ганну Ганзага, і пра ўсё на свеце, акрамя гарачага жаночага цела, якое то падпарадкоўвала сабе яго сутнасць, то здавалася ў палон свайму пераможцу…

Да «Святога Міхала», дзе ён кватараваў, Радзівіл вярнуўся толькі пад раніцу, а выраз незямной асалоды на яго твары здзівіў нават Яна Невяроўскага, якому даводзілася бачыць свайго гаспадара ў інтымныя хвіліны яго жыцця.

— Хацеў бы я ведаць, дзе гэта яго міласць чэрці насілі, — прамармытаў ён, звяртаючыся да Марціна Аборскага і Лукаса Ворстармана, якія ледзьве стрымлівалі смех.

Князь пачуў словы, але не раззлаваўся. Толькі стомлена пазяхнуў і паблажліва паляпаў дапытлівага шляхціца:

— У раі, Ян, у раі.

— Божа міласэрны! — Аборскі з глыбокай пашанай узняў вочы ўгару. — Я, як арыянін, вядома, не веру ў замагільнае жыццё, але цяпер, гледзячы на такое шчаслівае аблічча вашай міласці, пачынаю сумнявацца ў праўдзівасці сведчанняў нашых прапаведнікаў. І каб ваша княжацкая светласць зрабіў ласку распавесці, у якой жа з брусэльскіх спачывальняў той рай знаходзіцца, я абяцаў бы перагледзець мае перакананні.

Радзівіл жартам прыгразіў яму пальцам.

— Пра такія рэчы, пане Марцін, шляхетныя кавалеры не гавораць.

І ўсё ж не ўтрымаўся.

— Што гэта за жанчына, сябры мае! Бура! Ураган! — захоплена выклікнуў ён. — І, падумаць толькі, я б мог пражыць жыццё, не дазнаўшыся, што такое сапраўдная жарсць!

Сказаўшы такое, Багуслаў пайшоў у свой пакой, паваліўся на ложак і праспаў амаль суткі.

х х х

Але нават чары графіні Кюзанс не змусілі Багуслава забыцца пра слова, дадзенае Яну Казіміру. Ён хутка паведаміў гэтай прывабнай жанчыне пра свой намер адправіцца ўслед за прынцам, а затым і ў ваенны лагер прынца Аранскага. Такая паспешнасць засмуціла графіню.

— Я яшчэ ўбачу цябе? — спытала яна, пільна ўзіраючыся яму ў вочы.

— Калі не загіну ў баі, — усміхнуўся князь. — І калі дон Фердынанд будзе такі ветлівы, што выправіць мне пашпарт пасля таго, як я здуру пахваліўся яму, што буду ваяваць супраць аўстрыйцаў.

— Не смей шукаць адгаворак, — Беатрыса прыгразіла яму пальцам. — Толькі не ты!.. А пашпарт кардынал-інфант табе выправіць, я абяцаю…

Напярэдадні ад’езду Радзівіл яшчэ раз наведаў дона Фердынанда, каб падзякаваць за прыязны прыём і развітацца. Кардынала-інфанта ён нечакана заспеў у таварыстве графіні дэ Кюзанс. Пакуль князь разважаў, ці крыўдзіцца яму на здраду жанчыны, вернасць якой ён і сам не збіраўся берагчы, Габсбург звярнуўся да яго з такой прамовай:

— Графіня сцвярджае, што вы, прынц, па вушы закахаліся ў нейкую таямнічую незнаёмку пры маім двары і маеце патрэбу ў дарожным пашпарце, каб яшчэ раз яе наведаць?