Выбрать главу

— Горшага надвор’я, каб ісці на прыступ няма чаго і спадзявацца, — умяшаўся ў размову прынц Карл Людвіг, хутаючыся ў скураны плашч, з якога вадаспадамі лілася вада. — Асабліва будзе дрэнна нашай кавалерыі: і коні, і людзі ў гэтым балоце паламаюць ногі раней, чым нам скорацца гарадскія бастыёны.

— І порах увесь адсырэе, — скардзіўся Шатанеф. — А міну як падкладаць? Крэсівам і іскру не высечаш, а калі нейкім цудам і запаліш кнот, дык пракляты дождж залье агонь раней, чым ён падсмажыць іспанцам пяты.

Ён зняў змакрэлы капялюш з абвіслымі ад дажджавой вады палямі і, выліўшы з яго ваду, з гучным праклёнам надзеў ізноў.

Тарэнт на знак згоды гучна чхнуў.

х х х

Хюлст быў выбітным стварэннем галандскай фартыфікацыйнай школы. Ён мог пахваліцца магутнымі ўмацаваннямі з дзевяці бастыёнаў і пяці равелінаў, якія прыкрывалі подступы да горада. На некаторай адлегласці ад гарадскіх умацаванняў на стратэгічных каналах, якімі дастаўляліся харчы ды прыпасы, стаяла некалькі ўмацаваных фартоў. Таму, хоць горад ахоўвалі нейкія тры тысячы іспанцаў, за яго непрыступнымі сценамі жыхары маглі адчуваць сябе спакойна, пакуль хопіць ежы.

— А я чуў, што іспанцы ўжо скардзяцца на затрымку харчавання, — падсумаваў прынц Насаў, які склікаў ваенны савет недалёка ад горада, каб стомленыя пераходам людзі і коні змаглі адпачыць і падсілкавацца. — Можам узяць горад аблогай, перш за ўсё захапіўшы фарты. На шчасце, дажджы, якія так назалялі нам апошнім часам, цяпер перасталі, а сонца на небе абавязкова прыцягне да нас перамогу.

— Добра кажа, — ухвальна прашаптаў Шатанеф Багуславу на вуха. — Не ведаю, як там у яго высокасці з ваеннай справай, але лекцыі па рыторыцы ён слухаў добрасумленна! — і заўважыўшы, што прынц Насаў глядзіць на яго, уголас сказаў: — Лепш выбраць сабе ў саюзнікі той малады месяц, які, на шчасце, цяпер не занадта ярка свеціць ноччу. Падкрадземся да іспанцаў асцярожна, ціха, нібы мышы, а цёмная ночка нас схавае пад сваім плашчом.

Так і вырашылі. Форт Насаў з чатырма тысячамі французскай пяхоты павінен быў узяць Шатанеф, а лепш умацаваны Меершанц узяўся здабываць з галоўнымі сіламі сам штатгальтар.

Выступілі яшчэ зацемна і прасоўваліся да горада як мага цішэй, нячутна ступаючы па размоклай зямлі, каб загадзя не патурбаваць ранішні сон іспанскага гарнізона. Арыентаваліся па зорках, якія, на шчасце, ярка ззялі ў начным небе, бо штатгальтар рашуча забараніў паліць паходні, трубіць у трубы, біць у барабаны або якім-небудзь іншым спосабам паведамляць навакольным пра сваю прысутнасць.

— Калі не захопім іспанцаў знянацку, затрымаемся тут да глыбокай восені або да прыходу іх падмацавання, — казаў ён, нецярпліва прыкусіўшы абматаную пазалочанай скурай рукаяць нагайкі, якой час ад часу прыспешваў каня. — І не трэба мяне супакойваць тым, што іспанскі флот знішчаны, што з-за паўстання ў Партугаліі і Каталоніі каралю Філіпу трэба думаць не пра Фландрыю, а пра тое, як усядзець на троне, — цыкнуў ён на пфальцскага курфюрста, які якраз збіраўся паспрачацца. — Калі мы цяпер не дасягнём адчувальных поспехаў у кампаніі, амстэрдамскія купцы, якія і так неахвотна фінансуюць нашу армію, наогул адмовяцца гэта рабіць…

Ехаць у цемры было нялёгка: коні натыкаліся адзін на аднаго і раздражнёна ржалі, вершнікі злаваліся — спачатку ціха, а потым і ўголас, так што брудная лаянка вісела над войскам перадсвітальным туманам. У рэшце рэшт наткнуліся на ўласную пяхоту, якую генералы Шатанеф і фон Дона вывелі наперад і пакінулі чакаць світання і рыхтавацца да бою. Кароткая бяскроўная сутычка, абмен паролямі, хуткі перадзел войскаў — і прынц Насаў са сваімі людзьмі адправіўся далей уздоўж канала — форт Меершанц стаяў далей. Багуслаў застаўся з Шатанефам, бо хацеў на свае вочы ўбачыць, ці настолькі добрыя ў баі французскія мушкецёры, як пра іх казалі. Невяроўскі і Кажэўскі былі побач з ім, а Аборскі з Ворстарманам пасля доўгіх спрэчак засталіся дзесьці ззаду займацца абозам.

Пачало днець. Чырвонае святло новага дня, якое абпаліла неба і сцены форта Насаў, абяцала крывавую сутычку. Мушкецёры запалілі кнаты, і тыя яркімі аранжавымі агеньчыкамі свяціліся ў перадсвітальным тумане. Былі падрыхтаваныя і доўгія лесвіцы — як раз на вышыню, на шчасце, не такіх ужо і высокіх сцен, і некалькі лёгкіх гармат, каля якіх круціліся пушкары. Пагрозліва глядзелі ў неба і сотні дзідаў — на той выпадак, калі б іспанцы раптам звар’яцелі і высунуліся з форта.