— Холадна, — прастукаў зубамі Ян. — І не скажаш, што лета.
— Зараз сагрэешся, — супакоіў яго Багуслаў, правяраючы, ці лёгка вымаюцца з кабуры пісталеты.
Над войскам зашалясцела малітва, словы якой перадаў нашчадкам сам Кальвін:
«Усёмагутны Божа, падары нам сілу Духа Твайго Святога, каб ісці нам мужна скрозь агонь і ваду, так падпарадкоўвацца тваім законам, каб сустрэць смерць без страху…»
У адказ трывожна затрубілі варожыя трубы, а на сценах форта забегалі салдаты — іх заўважылі!
— Мушкецёры! Станавіся! — скамандаваў Шатанеф, захоўваючы ўласцівы французам спакой. — Артылерыя! Наперад!..
Малітва вырвалася на волю. Пад звон зброі, грукат баявых барабанаў, падтрыманая тысячамі галасоў, яна ляцела над войскам, як гарматнае ядро, і разрывалася ў сэрцах воінаў надзеяй.
«…Дапамажы нам вытрываць нянавісць і варожасць чалавечую, пакуль не здабудзем канчатковай перамогі і не атрымаем нарэшце блаславёны супакой, які здабыў для нас крывёю сваёй сын твой адзінародны. Амін».
А далей быў бой! Кароткі, але крывавы і жорсткі. Іспанцы так і не паказалі носа з-за варот, але адсядзецца ім не ўдалося. Ужо пасля паўдня над фортам Насаў узвілася аранжава-бела-сіняе палотнішча — сцяг Аранскага дома, а задаволены Шатанеф трывожна прыслухоўваўся да далёкіх стрэлаў і грукату крывавай сутычкі, якая адбывалася там, дзе прынц Насаў здабываў форт Меершанц.
— Трэба ісці на дапамогу, — пераконваў француза Багуслаў, злуючыся, што яму не ўдалося ўзяць дзейсны ўдзел у гэтай кароткай сутычцы, дзе ўсё вырашыла артылерыя і пяхота.
— Навошта? — змрочна буркнуў той. — Калі штатгальтару не ўдалося хутка авалодаць фортам, ён адступіць сюды, не чакаючы, пакуль апынецца тварам да твару з усім гарадскім гарнізонам.
Маркіз меў рацыю. Праз кепскае надвор’е, якое размачыла і так балоцістую зямлю, галандская атака захлынулася ў гразі на радасць іспанцам. Прынц Генрых Казімір адступіў да форта Насаў, радуючыся толькі, што чалавечыя страты аказаліся невялікімі.
— Затое цяпер іспанцы ведаюць, што мы тут, і голымі рукамі мы іх не возьмем, — змрочна канстатаваў ён за вячэрай.
— А мы на іх з голымі рукамі і не пойдзем, — парадаваў яго Багуслаў. — Нашы рапіры не затупіліся, і ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!
Наступныя некалькі дзён прайшлі ў падрыхтоўцы да новага штурму. На гэты раз для нападу прынц Насаў абраў форт Святой Ганны, які меў важнае значэнне ў абароне Хюлста. Ніхто ўжо і не думаў заспець іспанцаў знянацку. Было зразумела, што вораг, які пасля апошняй сутычкі падазрона маўчаў, будзе абараняцца — і абараняцца люта!
Атакаваць форт выйшлі ўсім войскам. Спачатку гучна затрубілі трубы, абвяшчаючы пра пачатак бітвы, а потым ударылі гарматы, якія толькі раскідалі земляны насып вакол іспанскага лагера, не пашкодзіўшы сцены, і, нарэшце, барабаны скамандавалі наступаць пяхоце. У баявым запале воіны пайшлі ў наступ, каб у першыя хвіліны бою недалічыцца некаторых частак цела, адарваных асколкамі ядраў варожай артылерыі і захлынуцца ўласнай крывёй на залітай ёю ж траве.
— Адступаем! — скамандаваў штатгальтар, і парадзелыя шэрагі пехацінцаў адступілі, пакідаючы на зямлі забітых ці параненых таварышаў.
На наступны прыступ пяхота кінулася расцярушанымі шэрагамі, але і гэтая атака скончылася паразай.
— Калі ў нашых воінаў раптам не вырастуць крылы, нічога мы тут не зробім, — змрочна сказаў прынц Тарэнт, які, як і Багуслаў, трымаўся каля прынца Насаў.
— Не ведаю, як ты, Тарэнт, а я хачу сёння начаваць на Святой Ганне, — сказаў на гэта Радзівіл, ледзь трымаючыся ад жадання кінуцца на прыступ услед за пяхотай. — Зрэшты, іншых годных жанчын тут больш няма.
— Можа, паслаць кірасіраў? — падаў голас прынц Карл Людвіг.
— Навошта? Коні таксама лётаць не ўмеюць, у гэтым балоце далёка не паскачуць, і ў іспанцаў, мяркуючы па ўсім, добры запас ядраў, — раздражнёна сказаў штатгальтар, які так сціскаў сваю шпагу, што нават пальцы сталі белымі. — Вось калі б тыя мярзотнікі адчынілі браму…
Яго жаданне пачулі — невядома толькі, на небе ці ў пекле: пасля яшчэ трох няўдалых атак, калі ў абаронцаў форта нарэшце змоўклі гарматы, ім на дапамогу прыйшоў увесь гарадскі гарнізон на чале з генералам Фантэйнам. Атрымаўшы падмацаванне, іспанцы зусім асмялелі і з крыкам: «Іспанія! Іспанія і Санцьяга!», кінуліся здабываць перамогу.
— Здаецца, прыйшоў час і нам успомніць старадаўні баявы кліч Аранскага дому, — прамармытаў Генрых Казімір і закрычаў, размахваючы шпагай: